Вы тут

Крыўлянскі сельвыканкам супрацоўнічае з сельгаспрадпрыемствамі на карысць насельніцтва


У межах Крыўлянскага сельсавета размешчаны два сельгаспрадпрыемствы: ААТ «Мацеевічы» і ААТ «Вазнясенскі». У склад гэтых акцыянерных таварыстваў уваходзяць 24 населеныя пункты, вельмі розныя па велічыні. У некаторых засталіся адзінкавыя жыхары, у іншых пражывае па некалькі соцень чалавек. Кожная з вёсак мае свае патрэбы, перыядычна ўзнікаюць розныя праблемы, што патрабуюць вырашэння, часта тэрміновага, як было, напрыклад, сёлетняй зімой.


Старшыня Крыўлянскага сельскага Савета Анатоль Марчук і дырэктар ААТ «Вазнясенскі» Надзея Кандрацюк.

Старшыня сельвыканкама Анатоль МАРЧУК адзначае, што без дапамогі мясцовых «калгасаў» было б вельмі складана падчас нядаўніх снегападаў:

— Побач з вёскай Глыбокае ёсць крыху аддаленая сядзіба, хутар па сутнасці. Там жыве адзінокая пажылая жанчына. У студзені, падчас цыклону, дарогу туды занесла снегам. Ранкам яна найперш тэлефануе ў сельскі Савет. Гэта і зразумела, да яе аўтакрама не прыйдзе, сваякі не даедуць. Вёска — на тэрыторыі ААТ «Мацеевічы», звязваюся з яго кіраўніком Мікалаем Кавальчыкам, і пасля абеду дарогу да бабулькі прабіваюць. Гэтай зімой давялося не раз турбаваць абедзве гаспадаркі. Схема такая: ранкам званок, у другой палове дня, гляджу, «Амкадор» пайшоў на расчыстку. Можа, камусьці падасца дробяззю, але ж для асобна ўзятага чалавека, які аказаўся адрэзаны ад навакольнага свету завеяй, гэта жыццёва важная справа. Ды і не толькі снежнай зімой узнікаюць праблемы, якія не вырашыш без транспарту. Вясна прыйдзе, недзе стыхійны сметнік «вылезе», трэба смецце вывезці, тэрыторыю прыбраць, — працягвае кіраўнік сельвыканкама.

Асабліва праявілася плённае супрацоўніцтва гаспадаркі і мясцовай улады летась, калі ў Вешках рыхтаваліся да правядзення раённых «Дажынак». Вешкі — цэнтральная сядзіба ААТ «Вазнясенскі». Тут ёсць цэлыя вуліцы двухпавярховых дамоў, узведзеных у 70—80-х гадах. З іх і пачалі падрыхтоўку. У асобных зрабілі капітальны рамонт за кошт гаспадаркі, у іншых абнавілі фасады, правялі рамонт даху, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. Агароджу ўздоўж дамоў адрамантавалі і пафарбавалі намаганнямі мясцовай улады, а праз дарогу гаспадарка абсталявала для ўсіх жыхароў спартыўную пляцоўку з варотамі, турнікамі, якую таксама абгарадзілі новай агароджай.

Зноў жа за кошт «Вазнясенскага», у цэнтры Вешак летам уладкавалі дзіцячую пляцоўку. Такога аб'екта ў вёсцы раней не было наогул, таму ў цёплую пару года яна надзвычай папулярная ў дзятвы. Пляцоўка знаходзіцца на краі цэнтральнай вясковай плошчы з зонай адпачынку, невялікім паўкруглым амфітэатрам, прыгожымі лаўкамі. Вельмі зручна цяпер адпачываць сем'ямі: бацькам можна пагуляць альбо пасядзець са смартфонам, пакуль дзеці з'язджаюць з горкі, гушкаюцца на арэлях, гуляюць у пясочніцы. Некаторыя з драўляных лавак, аздобленых разнымі або каванымі ўзорамі, паявіліся якраз на «Дажынках», былі прывезены ў якасці падарунка ад іншых сельгаспрадпрыемстваў. Гэтаксама паявіліся і некаторыя малыя архітэктурныя формы: сувеніры на памяць гаспадарам «Дажынак».

Магазін і іншыя аб'екты сацкультбыту найперш стараннямі арганізацый, якія трымаюць іх на балансе, абнавілі, прывялі ў парадак як звонку, так і ўнутры. Такім чынам Вешкі перажылі своеасаблівае амаладжэнне: зніклі шэрыя фасады, дамы, пафарбаваныя ў некалькі колераў, сталі выглядаць весялей, агароджа набыла яркасць і выразнасць. На плошчы разбілі дадатковыя клумбы, з пачаткам вясны яны будуць засявацца і радаваць людзей прыгожым цвіценнем.

Спартыўная пляцоўка запатрабаваная, па вечарах тут збіраюцца маладыя людзі — пагуляць у футбол, валейбол. Тут ёсць дзе падцягнуцца, заняцца гімнастыкай. Адным словам, «Дажынкі» прайшлі, а зробленае засталося. Намаганні мясцовай улады і гаспадаркі па паляпшэнні тэрыторыі і навядзенні парадку пайшлі на карысць усім жыхарам населенага пункта.

Дырэктар ААТ «Вазнясенскі» Надзея КАНДРАЦЮК заўсёды памятае, што яна дэпутат сельскага Савета:

— Надоечы снег сышоў, сонейка прыгрэла, таму паўсюль праводзім суботнікі па прыборцы тэрыторыі. Найперш прыбіраем каля сваіх вытворчых аб'ектаў. Калі распачнецца сяўба, будзе не да прыгажосці вакол фермаў і машынных двароў, а цяпер ёсць крыху часу, які трэба выкарыстаць рацыянальна.

Надзея Рыгораўна як дэпутат займаецца праблемай сельскай крамы ў вёсцы Мацясы. У населеным пункце пражывае каля 60 чалавек, большасць з іх пенсіянеры. Спажыўкааперацыя прыняла рашэнне магазін зачыніць з прычыны беспрыбытковасці, а ў вёску пусціць аўтакраму. А людзі не пагадзіліся, прайшоў адзін сход, за ім другі, жыхары не выказалі згоду на ліквідацыю стацыянарнага гандлёвага пункта. І дэпутат Кандрацюк падтрымлівае сваіх выбаршчыкаў. «Наша з вамі задача, Анатоль Фёдаравіч, дапамагчы людзям адстаяць свой магазін», — сказала яна старшыні сельскага Савета на пасяджэнні выканкама. Неўзабаве будзе яшчэ адзін сход з прадстаўнікамі раённай спажыўкааперацыі, дзе кіраўнікі мясцовай улады і гаспадаркі прапануюць сваё вырашэнне праблемы.

Старшыня Жабінкаўскага раённага Савета, член Савета Рэспублікі Анатоль ШАЛТАНЮК паведаміў:

— На прыкладзе Крыўлянскага сельскага Савета мы бачым прыклад плённага супрацоўніцтва мясцовай улады і сельгаспрадпрыемстваў. Вядома, у савецкія часы калгасы на парадак больш займаліся пытаннямі сацкультбыту вёскі. Цяпер фармальна яны не абавязаны гэта рабіць, бо ўяўляюць сабой суб'екты гаспадарання, іншымі словамі, прадпрыемствы. Але ж ёсць такое паняцце, як сацыяльная адказнасць бізнесу. І варта ўлічваць, што насельніцтва вёсак — спрэс работнікі сельгаспрадпрыемстваў альбо пенсіянеры былых калгасаў. Яны не чужыя для сённяшніх гаспадарак. Так мы і настройваем іх кіраўнікоў. І ў большасці сваёй знаходзім узаемаразуменне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Жабінкаўскі раён

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Расчысціць дарогу і ўзвесці дзіцячую пляцоўку

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.