Вы тут

"Беларускай хаткі" неўміручы дух


У мінскай "Беларускай хатцы", якая цяпер мае статус філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, адсвяткавалі юбілей. 30 гадоў таму яна стала музеем.


Гурт “Ліцьвіны” на святкаванні юбілею “Беларускай хаткі”

Адкрыла дзверы для наведнікаў "хатка" 25 чэрвеня 1991-га: у тую пару адзначаўся 100-гадовы юбілей Максіма Багдановіча. Як вядома, самы малады класік беларускай літаратуры калісьці кватараваў у гэтым будынку, які належаў Саве Рэдзьку. Таму й сёння тут збіраюцца аматары багдановіцкай творчасці. Некаторыя з іх прыйшлі на "Беларускі вечар" у стылі легендарных вечарын-"суботнікаў" пачатку XX стагоддзя, каб адзначыць 30-годдзе адкрыцця музея. Сярод іх былі супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, да якога "Беларуская хатка" мае прамое дачыненне.

Былы дом Савы Рэдзькі, пакуль не стаў музеем, знаходзіўся на сваім гістарычным месцы ў Мінску па вуліцы Талстога, 14 (былая Малагеоргіеўская, 12а). Дом скранулі з падмурка й перанеслі метраў на сто, на вуліцу Рабкораўскую, 19, напярэдадні зімы 1986-га. Там у паўразбураным, нявызначынам стане будынак туліўся яшчэ з год. Сёння "Беларуская хатка" — адзін з помнікаў гісторыі ды культуры канца XІX — пачатку XX стагоддзя, які стаіць практычна ў цэнтры сталіцы, сярод сучасных высотак. Гэта адзіны ацалелы будынак у Мінску, па-сапраўднаму звязаны з імем Максіма Багдановіча, з імёнамі яго сяброў — актыўнымі дзеячамі беларускага клуба інтэлігенцыі: Змітрака Бядулі, Язэпа Лёсіка, Людвікі Сівіцкай (Зоські Верас), Аркадзя Смоліча, Уладзіслава Галубка ды іншых творчых асобаў. Якія таксама кватаравалі ў доме Савы Рэдзькі. Таму назва "Беларуская хатка" для музея ўзнікла невыпадкова. Так называлі клуб інтэлігенцыі пачатку ХХ стагоддзя, што калісьці збіраўся на Захар'еўскай, 18. І музею было наканавана ўжо ў нашым часе прадаўжаць традыцыі легендарнай "Беларускай хаткі", дзе па суботніх вечарах гучалі творы беларускіх пісьменнікаў, народныя спевы, музыка, дзе моладзь вучылася танцаваць і гуляла ў "пошту"...

Сёлета святочны настрой гасцям імпрэзы стваралі легендарны фальклорны гурт "Ліцвіны" (пад кіраўніцтвам таго ж Уладзі Бярберава, ён 30 гадоў таму спяваў і на адкрыцці "Беларускай хаткі") ды гурт архаічных спеваў "Астроўна". Прадаўжаючы традыцыі клуба інтэлігенцыі, музей у дзень юбілею стаў пляцоўкай для выканання народных песняў пад дуду, скрыпку, ліру ды цымбалы. Гасцей "Беларускай хаткі" парадаваў неўміручы батлеечны спектакль. Яны маглі пазнаёміцца з выставай дзіцячых мастацкіх работ арт-майстэрні "Залаты птах". На двары для гасцей свята былі зладжаны гульні, якія любілі й сябры Максіма Багдановіча. Згадалі й бежанскія сталоўкі часу Першай сусветнай вайны, адчыненыя калісь на Малагеоргіеўскай, 12а і па Захар'еўскай, 18, — і таму "Беларуская хатка" прапанавала гасцям на юбілей смачную кашу й духмяную гарбату з печывам. Гучалі творы літаратараў, што жылі ў доме Рэдзькі. Аматары традыцыйных беларускіх танцаў да самага вечара танцавалі пры "Беларускай хатцы" разам з капэлай "На таку".

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: "Беларускай хаткі" неўміручы дух

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.