Вы тут

Пара збіраць напісаныя творы


У Даўгаўпілсе на пляцоўцы Zoom прайшла прэзентацыя кнігі на беларускай мове Станіслава Валодзькі “Збор твораў. Том 1”.


Станіслаў Валодзька

Чытачы газеты “Голас Радзімы” ведаюць пра плённую творчую працу паэта Станіслава Валодзькі: сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, актывіста Беларускай грамадскай суполкі “Уздым” з Даўгаўпілса. Ягоныя вершы публікуюцца, як пісала газета пра тое раней, у Латвіі, Беларусі, а таксама ў Расіі, Украіне, Польшчы, Вялікабрытаніі. Шмат вершаў Станіслава пакладзены на музыку ды гучаць як выдатныя лірычныя песні. Прычым – жывуць і цяпер у рэпертуары вакальных гуртоў і салістаў Даўгаўпілса, іншых гарадоў Латвіі ды замежжа.

З гадамі ў кожнага чалавека ўзнікае жаданне агледзець зробленае. Пэўна што і спадар Станіслаў ім кіраваўся. У кнізе “Збор твораў. Том 1”надрукаваны вершы са зборнікаў “Сцяжына” (1983), “У вачах Айчыны” (1996) і “Памяці гаючая трава” (2000). Змешчаны прадмовы да іх: “Наш дазорца” Сяргея Панізніка і “Сэрца паэта” Эдуарда Мекша. Пададзены й крытычныя водгукі пра тыя паэтычныя зборнікі: “У вялікі свет” Дануты Бічэль-Загнетавай, “Пяшчотнасць і гнеў” і “Ношу несці на плячах” Леаніда Цылевіча. Знайшлося месца ў новай кнізе і шэрагу фотаздымкаў з асабістага архіва літаратара, ёсць экслібрыс вядомага мастака-беларуса з Рыгі Вячкі Целеша, рэпрадукцыі мастацкіх работ Настассі Сазанковай і Вэлты Лоцэ, ілюстрацыі Валерыя Підгары.

Прэзентацыя кнігі хоць і праходзіла ў Даўгаўпілсе, але ж на пляцоўцы Zoom, таму мела розгалас у інтэрнэт-прасторы. У часе прэзентацыі гучалі песні на словы Станіслава Валодзькі (аўтары музыкі – Альберт Белусь, Яўгенія Дынко, Леанід Лаўрыновіч і Станіслаў Клімаў). Выконвалі ж іх Ніна Прусакова (“Матчына мова”), Яніна Юзэфовіч (“Мірта”), Рэгіна Родзікава (“Наш масток”), Яўген Пашкевіч і Лідзія Знотыня (“Касцёр на дваіх”, “Под небом Родины”, “Ваше Величество Песня”). На імпрэзе прагучалі й перакладзеныя паэтам з рускай і польскай моў на беларускую песні “Малінаўка” Эдуарда Ханка, “Вінаградная костачка” Булата Акуджавы і “Грай, скрыпка!” Адама Астона.

Словы ўдзячнасці, добрыя пажаданні Станіславу Валодзьку ды ўсім, хто далучыўся да прэзентацыі, выказала Таццяна Дзянісава, намесніца старшыні суполкі “Уздым”.

Як плануе аўтар, яго новая кніга будзе даступнай у некаторых бібліятэках Латвіі ды Беларусі, трапіць да паплечнікаў па грамадскай працы – у беларускія суполкі ў Латвіі ды некаторыя ў Літве.

Алёна Светлая, г. Даўгаўпілс

Ад рэдакцыі. Мы ўдзячныя Станіславу Валодзьку, які даслаў нам новую кнігу ў ПДФ-фармаце. Віншуем земляка з важнай падзеяй, жадаем далейшага плёну ў творчасці. Дарэчы, спадар Станіслаў – адзіны, хто час ад часу рассылае сябрам, у беларускія суполкі ды і ў нашу рэдакцыю свае новыя песні: з аўдыёфайламі, тэкстамі й “мінусоўкамі”. Хто жадае далучыцца да ягонай шчодрай песеннай плыні – далучайцеся. Некаторыя з песень ёсць у інтэрнэце: прыкладам, “Беларусы свету”, яе спяваюць у розных беларускіх суполках замежжа.

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Пара збіраць напісаныя творы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.