Вы тут

Адбылося пасяджэнне Кансультацыйнай міжканфесійнай рады


У апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў адбылося пасяджэнне Кансультацыйнай міжканфесійнай рады, дзе цэнтральнай тэмай стала санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне. Прадстаўнікі розных канфесій разам са спецыялістамі ў прыватнасці, пагаварылі пра вакцынацыю, асаблівасці новай хвалі хваробы...


— Я калі бываю ў раёнах і праводжу сустрэчы са святарамі розных аб'яднанняў, то чую пытанні і заўсёды імкнуся знаходзіць шляхі іх вырашэння, — адзначыў на пачатку сустрэчы Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр РУМАК. — Сёння, безумоўна, самае актуальнае пытанне для ўсіх людзей у нашым грамадстве — гэта тое, што звязана з каранавірусам і санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне. Каб не ўзнікла сітуацыі, калі нам давядзецца зачыняць храмы, як гэта ўжо адбываецца ў некаторых краінах, мы звяртаемся да вас і просім вашага садзейнічання ў нашай агульнай рабоце па зберажэнні чалавечых жыццяў.

Інфармацыю пра стан санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне агучвалі на сустрэчы спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы і першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан. Яна распавяла пра асаблівасці таго, як працякае захваральнасць на каранавірус зараз, і заклікала да аб'яднання намаганняў у тым, каб даносіць праўдзівую інфармацыю да насельніцтва і пераконваць свядома клапаціцца пра ўласнае здароўе.

— Вірус змяніўся. Ён таксама хоча жыць. І чым больш мы з ім ваюем і лечым людзей, тым больш ён імкнецца выжыць. Прадбачыць, які будзе ў яго наступнік, ніхто не можа, — адзначыла Алена Богдан. — Асаблівасць цяперашняй хвалі ў тым, што хварэе маладое насельніцтва. Калі ў першую хвалю сярод дзяцей былі адзінкі захварэлых і мы назіралі ў іх найцяжэйшыя мультысістэмныя сімптомы, калі ў дзіцяці пачыналі адмаўляць абсалютна ўсе органы, то зараз гэтага няма. Але дзеці хварэюць на пнеўманію і ім патрабуецца кіслародная падтрымка... Таму сёння важна выкананне санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму. Асабліва важна яго прытрымлівацца ў памяшканнях — крамах, культурных і культавых установах, грамадскім транспарце. Усюды, дзе людзі збіраюцца ў вялікай колькасці.

— Вядома, людзі прыходзяць у храмы, пакланяюцца іконам, прыкладваюцца да іх, і, што б мы ні гаварылі, яны будуць так рабіць, бо вераць... А значыць, наша задача, каб побач быў той, хто пратрэ ікону, каб былі створаны ўмовы для прадухілення небяспекі. Маскавы рэжым патрэбны, але маска павінна быць чыстай. І наступнае — гэта вакцынацыя, — сказала першы намеснік міністра. — Перш за ўсё я хачу звярнуцца да тых прадстаўнікоў рэлігійных аб'яднанняў, дзе ў нас ёсць манастыры. Гэта асабістая справа кожнага, як ставіцца да ўласнага здароўя, але давайце абаронім людзей. Мы гатовы прышчапіць іх. Акрамя вакцынацыі, нас нічога не ўратуе.

Яна таксама распавяла, што зараз сітуацыя з захваральнасцю на каранавірус характарызуецца складаным працяканнем хваробы: «Колькасць пнеўманій па краіне ніжэйшая, чым была летась. Але пнеўманій, якія знаходзяцца ў стацыянарах, у разы больш. Мы павялічылі колькасць кіслародных пунктаў з 8000 да 22 000. Мы выдаткоўваем 210—220 тон кіслароду ў суткі, што таксама гаворыць пра цяжкае цячэнне захворвання. Пры гэтым прышчэпленых пацыентаў у стацыянары не больш за 4 %. Чалавек і з прышчэпкай можа захварэць, але гэта не прывядзе да летальнага зыходу».

— У розныя часы наша краіна і людзі сутыкаліся з разнастайнымі праблемамі, спакусамі. І гэта чарговы складаны этап для нашай Айчыны, які мы разам абавязкова пераадолеем. Але толькі пры ўмове, што згуртуемся, не будзем панікаваць і станем клапаціцца адзін пра аднаго, — кажа архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній. — Важна, што ў гэты час не зачыняюцца храмы. Бо там чалавек можа знайсці супакаенне і звярнуцца да Бога з малітвай. Зараз ужо два гады як каранавірусная інфекцыя існуе і не ўспрымаецца як нейкая надуманая гісторыя, бо ў кожнай сям'і сутыкнуліся з гэтай хваробай. Нашы прыхаджане вельмі адказна ставяцца да гэтага, а мы заўсёды кажам, што калі чалавек не непакоіцца пра ўласнае здароўе, то яму варта падумаць пра блізкіх. Бо, калі па нашай віне захварэе іншы чалавек, гэта грэх, з якім нам давядзецца жыць.

Вядома, кожны з нас перш за ўсё ў адказе за ўласнае здароўе і заўтрашні дзень. Але часам варта нагадваць аб прапісных ісцінах, каб не было сумных наступстваў. На іх прадухіленне было накіравана і абмеркаванне шэрагу іншых актуальных тэм, сярод якіх перспектывы супрацоўніцтва Беларускага саюза жанчын з рэлігійнымі аб'яднаннямі; арганізацыя ахоўных мерапрыемстваў культурных збудаванняў; дзяржаўная рэгістрацыя рэлігійнымі арганізацыямі нерухомай маёмасці і зямельных адносін; правядзенне рамонтных і рэстаўрацыйных работ у культавых пабудовах, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Бяспекі шмат не бывае

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.