Вы тут

Саюз пісьменнікаў Беларусі і Міністэрства адукацыі займаліся добраўпарадкаваннем у вёсцы Станькава


Саюз пісьменнікаў Беларусі і Міністэрства адукацыі займаліся добраўпарадкаваннем у вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна — на радзіме Чапскіх і Марата Казея.


Перад пачаткам традыцыйнай вясновай уборкі работнікі структурных падраздзяленняў Міністэрства адукацыі на чале з міністрам Андрэем Іванцом і прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі са старшынёй Аляксандрам Карлюкевічам правялі мітынг памяці і ўсклалі кветкі да помніка Герою Савецкага Саюза Марату Казею, які знаходзіцца ў вёсцы Станькава.

— Суботнік — выдатная магчымасць прынесці карысць краіне, — сказаў падчас мерапрыемства Андрэй Іванец. — Вельмі важна ў Год гістарычнай памяці добраўпарадкаваць па-сапраўднаму знакавыя месцы, якія сведчаць не толькі пра гераічнае, але і трагічнае мінулае савецкага, беларускага народа. Гэты год асаблівы яшчэ і тым, што сёлета сваё стагоддзе адзначае піянерыя — самая вялікая дзіцячая грамадская арганізацыя краіны. Таму мы і хацелі правесці суботнік менавіта тут, добраўпарадкаваць помнік Герою Савецкага Саюза Марату Казею. Няхай гэта застанецца ў нашай памяці, і каб мы захоўвалі яе доўгія гады.

Пасля ўскладання кветак Андрэй Іванец, работнікі сістэмы адукацыі і старшыня Дзяржынскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Чаган прыступілі да пасадкі маладых яблыняк у двары Станькаўскай сярэдняй школы. А члены Саюза пісьменнікаў Беларусі заняліся ўборкай парку на тэрыторыі Дзяржынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства. Месца гэта адметнае сваім гістарычным мінулым, таму не выпадкова выклікала цікавасць у пісьменнікаў. З канца XIV стагоддзя ў Станькава існавала сядзіба знакамітага роду Чапскіх.

Графскія палацы былі знішчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны. З сядзібнага комплексу захавалася «Скарбніца», дзе некалі размяшчаліся цудоўная бібліятэка і шматлікія калекцыі графа.

Пра важнасць суботніку выказалася Валянціна Клімовіч, дырэктар дзяржаўнай установы «Дзяржынская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма»:

— Для Дзяржынскага раёна гэта вельмі важная і значная падзея. Яна, несумненна, увойдзе ў гісторыю нашага краю: сёння тут сабрана суквецце беларускіх пісьменнікаў! Мы, бібліятэкары, выступаем пасярэднікамі паміж пісьменнікамі і чытачамі. Таму вельмі прыемна, што цяпер можам працаваць з імі поплеч на нашай малой радзіме. Я лічу правільным наяўнасць такіх суботнікаў, у якіх мы можам браць удзел і рабіць прыгажэйшай нашу зямлю.

Нягледзячы на тое, што сіноптыкі перадавалі дрэннае надвор’е, сонца ўсміхнулася нашай усеагульнай працы, і ніякага холаду не адчувалася. А ў невялікім пяньку, непадалёк, дзе мы прыбіралі, грэўся матылёк паўлінава вока. Прырода ажывае, калі займаешся такой добрай і важнай справай, як клопат пра наш агульны дом — планету Зямля.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Фота аўтара і Наталіі ТРАЦЭЎСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.