Вы тут

Працягваем друкаваць лепшыя работы конкурсу «Адзіная краіна — адзіны народ»


У Год гістарычнай памяці маладзёжны дадатак «Чырвонка. Чырвоная змена» да найстарэйшага беларускамоўнага выдання «Звязда» сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі аб'явілі творчы конкурс для школьнікаў і студэнтаў, маладых спецыялістаў пад назвай «Адзіная краіна — адзіны народ».


У ім мы прапанавалі патэнцыяльным удзельнікам паразважаць на тэму патрыятызму, любові да сваёй Радзімы, захавання гістарычнай спадчыны, знакавых для нашай краіны сучасных падзей. Першы цыкл найлепшых творчых работ быў апублікаваны ў «Чырвонцы. Чырвонай змене» 4 жніўня (заяўкі на ўдзел прымаліся да 31 жніўня). Сёння мы працягваем друкаваць новыя пробы пяра, якія паступілі на конкурс. Трэба зазначыць, што многія ўдзельнікі актывізаваліся, як той казаў, літаральна ў перадапошні і апошні час да тэрміну заканчэння нашага творчага спаборніцтва. Ну, зусім па школьнай звычцы, калі да экзамену пачынаюць рыхтавацца напярэдадні! Разам з тым варта адзначыць і дастаткова высокі ўзровень напісання гэтых работ. Таму «Чырвонка. Чырвоная змена», як і было адзначана ва ўмовах конкурсу, працягвае публікацыю найлепшых проб пяра пасля яго заканчэння. Сачыце за маладзёжным дадаткам і чакайце падвядзення вынікаў!


Ствараем сваю казку, або Едзем у госці да Мерабель

Яшчэ ва ўтульныя часы СССР тэрыторыя паблізу вёскі Мерабель заўсёды была напоўнена смехам і марамі, бо раней у гэтых месцах дзейнічалі адразу чатыры піянерскія лагеры: «Юны нафтаразведчык», «Брыганціна», «Зорачка» і «Мара». Апошні са згаданых лагераў быў выкуплены і пераабсталяваны пад базу адпачынку каля 30 гадоў таму. Такую вялікую адказнасць узяў на сябе Іван Васільевіч Сарока. Савецкае мінулае «Мары» адчуваецца дагэтуль — чаго варты адны толькі кветнікі ў выглядзе пяціканцовых зорак і вялізнае футбольнае поле! Утульныя сучасныя зоны адпачынку, танцавальныя і гульнявыя пляцоўкі, сажалка з бусламі за млыном ствараюць атмасферу чагосьці неверагоднага, мілага і роднага. Нічога гэтага не было б, калі б Іван Васільевіч не ўкладваў у рамонт і афармленне не толькі шмат сіл ды часу, але яшчэ і душу. Тут назаўжды пасяліўся дух рамантыкі і прыгод. У гэтым прыцягальным і камфортным казачным месцы праходзіць наш камунікацыйны праект «У госці да Мерабель».

Сустрэча з удзельнікамі клуба «Патрыёт».

Мы, юныя журналісты, вось ужо некалькі гадоў запар рэгулярна разгортваем свой дзевяцідзённы палатачны лагер «Лясная школа журналістыкі» побач з базай адпачынку «Мара». Але ў нашы планы свае карэктывы ўнесла пандэмія, таму цяпер мы праводзім міні-лагер на адзін-два дні ў лясным масіве базы адпачынку.

Такім чынам, рана-рана ў выхадны дзень дзеці садзяцца ў аўтобус са сваімі педагогамі і едуць у вёску Мерабель, адкуль рукою падаць да базы адпачынку «Мара». Як толькі мы ўваходзім у лес — пачынаецца казка: птушкі сустракаюць нас сваімі мілымі спевамі, свежы і духмяны пах напаўняе лёгкія, удалечыні віднеюцца стромкія яры з аголенымі каранямі хвой-волатаў, якія засцерагаюць крышталёва чыстую рэчку Мерабелку, — усё гэта валоданні вялікай чараўніцы Лясной Феі Мерабель. А сама рэзідэнцыя знаходзіцца ў цэнтры базы адпачынку, у корпусе з вежай са шпілем. Фея заўсёды рада гасцям, як і дырэктар Іван Васільевіч, які прызнаўся нам, што ўвесь час адчувае тут дзіцячую аўру і імкнецца добраўпарадкаваць тэрыторыю «Мары» ў першую чаргу для дзяцей.

Мерабель заводзіць карагод.

15 хвілін пешага ходу — і мы ўжо ў «Мары», дзе пачынаецца падрыхтоўка да сустрэчы з Лясной Феяй і яе надзейнымі сябрамі. Уладкаванне лагера, распальванне вогнішча і ўстаноўка палатак патрабуе і часу, і спрыту ад усіх удзельнікаў нашай каманды. Менавіта ў лагеры некаторыя хлопцы і дзяўчаты асвоілі садовыя прылады. А абед, прыгатаваны ўласнымі рукамі ва ўмовах дзікай прыроды, самы смачны!

Доўгачаканым момантам нашых лясных прыгод становіцца цёплая сустрэча з Лясной Феяй Мерабель. А хто ж такая Мерабель?

Паводле адной з мясцовых легенд, штораніцы да рэчкі прыходзіла дзяўчына. Яна гадзінамі любавалася воднай гладдзю, і ніхто не ведаў, што прымушае яе туды прыходзіць. Адзін юнак вырашыўся пагаварыць з ёй і атрымаў цікавы адказ: «Рака для мяне — крыніца сіл і натхнення». Час ішоў, і ў вёсцы здарылася гора — эпідэмія. Менавіта ў гэты момант юнак успомніў выдатную дзяўчыну Мерабель і яе прывязанасць да ракі, якая валодае гаючай сілай. Доўга не думаючы, хлопец сабраў усіх жыхароў вёскі і павёў на раку. Многія не верылі ў сілу рачной вады, але гэта была іх апошняя надзея. На наступную раніцу ўсе людзі ў вёсцы былі здаровыя, а сама дзяўчына знікла. У гонар выратавання ўсіх жыхароў вёску назвалі Мерабель, а крыштальную рэчку побач — Мерабелка.

Ідзём да «Мары».

Зараз легендарная Мерабель жыве ў самым выдатным месцы на зямлі — на базе адпачынку «Мара», усяго за дзесяць кіламетраў ад старажытнага Мазыра.

— Мерабель, Мерабель! — сардэчна клічам Фею.

У пышнай нябесна-блакітнай сукенцы з замка выходзіць чараўніца.

— Добры дзень, мае сябры! Рада бачыць усіх вас я. Пахне свежасцю лясной — чараўніцтва ідзе за мной... — і пачынаюцца неверагодныя падзеі, дзе размаўляе Кот Вучоны, прыносіць весці чароўны Голуб, а прыязная Божая Кароўка дапамагае вырашыць любы канфлікт і выправіць выхадкі бесшабашнага Лесуна, нахабнай Кікімары і страшнага Жука-Караеда.

Да кожнага падарожжа ў «Мару» мы самі пішам займальную гісторыю, натхняючыся сюжэтам вядомай румынска-савецкай казкі «Марыя, Мірабэла». І нярэдка ў момант паказу пастаноўка развіваецца сваім непрадказальным ходам, дорачы радасць і здзіўленне ўсім гледачам.

Фея Мерабель першая прайшлася па мосціку.

Поўныя запалу і эмоцый, мы працягваем бавіць час з карысцю. Паўдзельнічаць у нашым праекце мы запрашаем сяброў — актывістаў з іншых гурткоў і клубаў цэнтра творчасці, з мазырскай СШ № 16, студэнтаў Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна. Спартыўныя спаборніцтвы, інтэлектуальныя конкурсы, сустрэчы з цікавымі людзьмі і краязнаўцамі даюць зарад стваральнай энергіі, вопыт і яркія ўражанні. Так, напрыклад, сустрэча з кінолагамі паказала, як праходзіць захоп праціўніка і асаблівасці трэніроўкі службовай аўчаркі. Вайскоўцы распавядаюць нам пра сваю фізічную падрыхтоўку, дысцыпліну і нюансы пагранічнай службы, чым зацікаўліваюць шматлікіх юнакоў служыць сваёй Радзіме!

Гісторыя роднага краю — гэта таксама наш інтарэс, мы шукаем інфармацыю пра паходжанне

назваў найбліжэйшых населеных пунктаў і з павагай ставімся да зоны адпачынку каля нашай любімай Мерабелкі. Падчас падрыхтоўкі да чарговага палатачнага лагера была пастаўлена задача — добраўпарадкаваць тэрыторыю каля рэчкі, дзе з прычыны падзення дрэў разбурыўся мост. На нашу просьбу пра падтрымку будаўніцтва адгукнулася шмат людзей, а з дапамогай прафесіяналаў усё атрымалася зрабіць на належным узроўні. Маісееўскае лясніцтва выдзеліла матэрыялы і тэхніку — у выніку праз рэчку былі перакінуты дзве вялікія драўляныя асновы. Далей працу ўзначаліў член Мазырскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Мікалай Глебаў разам з педагогамі-актывістамі мазырскай СШ № 16 Віктарам Цырулікам, Уладзімірам Гімбутам і святаром Сергіем Капітанам. І хутка ва ўрачыстай атмасферы мы перарэзалі стужачку і адкрылі мост, першай па якім прайшла Мерабель. Зараз на нашым мастку мы праводзім узнагароджанне пераможцаў конкурсаў і спаборніцтваў, фотасесіі, а Фея здзяйсняе свой цуд: абсыпае гасцей на шчасце пялёсткамі кветак увесну і ўлетку, увосень — залатым лісцем, а ўзімку — пухнатым снегам. Дарэчы, масток прыйшоўся па душы і мясцовым жыхарам: ім стала вельмі зручна пераходзіць на іншы бераг у перыяд збору грыбоў і ягад, рыбнай лоўлі. На мосціку праводзяць фотасесіі і маладыя, якія святкуюць Дзень вяселля на базе адпачынку «Мара».

Адданыя партнёры нашага праекта — дырэктар базы адпачынку «Мара» Іван Васільевіч Сарока, грамадскае аб'яднанне «Белая Русь», клірык Тураўскай епархіі Сергій Капітан, супрацоўнікі Маісееўскага лясніцтва — далі нам магчымасць праяўляць ініцыятыву і ўвасабляць у жыццё нашы мары. Мы дзякуем ім ад душы.

Наша далейшая мэта — падштурхнуць грамадскасць да адраджэння піянерскіх лагераў! Няхай засвеціцца побач з нашай «Марай» «Зорачка», вернецца «Юны нафтаразведчык», прычаліць у сваю гавань «Брыганціна»!

А мы пішам новую казку, каб адправіцца ў госці да Мерабель на ўлонне маляўнічай прыроды — па мару і пах лесу.

Алеся ГУРЫН, вучаніца 11 класа СШ № 11 г. Мазыра

Соф'я БОБР, вучаніца 9 класа гімназіі імя Янкі Купалы г. Мазыра.


Пра аўтараў

Соф'я займаецца ў клубе «Юны журналіст» Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ўжо трэці год. Таксама супрацоўнічае з мазырскай грамадска-палітычнай газетай «Жыццё Палесся», удзельнічае ў падрыхтоўцы сумеснага з газетай інфармпраекта «Press-моладзь».

— Па выніках XVІІ Нацыянальнага конкурсу «Залатая Літара» наш праект атрымаў дыплом лаўрэата ў намінацыі «Найлепшыя матэрыялы маладзёжнай, дзіцяча-юнацкай тэматыкі». У мяне выйшла дзесяць матэрыялаў у прэсе. Я ўваходжу ў творчую групу клуба па рэалізацыі камунікацыйных праектаў «Наша памяць» і «У госці да Мерабель», — падзялілася 14-гадовая Соф'я. — Самае яркае ўражанне гэтага года — удзел у ІV Рэспубліканскім маладзёжным фестывалі «Медыясфера-2022», дзе я была ўзнагароджана дыпломам у намінацыі «Друкаванае СМІ» за выданне «Зубастая прэса». А яшчэ сёлета перамагла ў раённым этапе літаратурнага конкурсу «Сіла слова». Апроч журналістыкі, паглыблена вывучаю англійскую мову. Удзельнічаю ў алімпіядах па праграме 10-11 класаў і мару звязаць сваё жыццё з замежнымі мовамі.

Алеся займаецца ў клубе «Юны журналіст» Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ўсяго паўгода. Супрацоўнічае з мазырскай грамадска-палітычнай газетай «Жыццё Палесся», у яе ўжо дзве публікацыі.

— За кароткі прамежак часу дзейнасці ў клубе я «засвяцілася» на шматлікіх навінавых сайтах майго горада і на тэлеканале «Мазыр». Люблю весці мерапрыемствы і ўдзельнічаць у іх падрыхтоўцы. Усё раблю творча, — расказвае пра сябе 16-гадовая аўтарка. — Падабаецца здымацца ў патрыятычных відэапраектах нашага клуба і ўдзельнічаць у ваенна-гістарычных рэканструкцыях разам з іншымі юнымі журналістамі. На працягу дзесяці гадоў займаюся танцамі рознага кірунку. У маёй скарбонцы дзевяць дыпломаў І ступені па выніках рэспубліканскіх конкурсаў і падзяка за актыўны ўдзел у жыцці танцавальнага калектыву.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.