Рашэнне аб пачатку працэдуры прыёму Беларусі ў члены Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прынята на саміце ў Самаркандзе, перадае БелТА.
Адпаведны дакумент падпісаны па выніку пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС.
Беларусь з 2010 года з’яўляецца партнёрам па дыялогу, а з 2015 года — наглядальнікам у ШАС.
Прыняцце рашэння на саміце не азначае аўтаматычнага змянення статусу краіны. Згодна з Палажэннем аб прыёме новых членаў у ШАС ад 11 чэрвеня 2010 года дзяржава-заяўнік павінна далучыцца да дзеючых у ШАС міжнародных дагавораў (каля 40), унесці неабходныя змяненні ў нацыянальнае заканадаўства (Індыі і Пакістану для гэтага спатрэбілася каля двух гадоў, адпаведныя працэдуры праходзіць Іран).
Беларусь з 2010 года з’яўляецца партнёрам ШАС па дыялогу, а з 2015 года — наглядальнікам у арганізацыі. «У нас было дастаткова часу, каб супаставіць мэты і задачы арганізацыі з інтарэсамі сваёй дзяржавы, ацаніць напружаны і канструктыўны характар яе работы, а таксама пераканацца ва ўласных сілах і магчымасцях», — сказаў Прэзідэнт Беларусі ў сваім выступленні на саміце.
«Мы вельмі ўдзячны за аднагалосную падтрымку ў пытанні атрымання статусу паўнапраўнага члена», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, з улікам стратэгічна важнага геаграфічнага становішча Беларусь здольна арганічна дапоўніць структуру арганізацыі. «Можам прапанаваць свае транзітны, прамысловы, навуковы патэнцыял, вопыт міратворчай дзейнасці і шматбаковай дыпламатыі», — дадаў ён.
Усяго ж па выніках саміту прынята каля чатырох дзясяткаў дакументаў. Асноўны палітычны дакумент пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў ШАС ва Узбекістане — Самаркандская дэкларацыя. У ёй адлюстраваны кансалідаваныя пазіцыі краін арганізацыі па найбольш важных рэгіянальных і глабальных пытаннях, абазначаны сумесныя падыходы да далейшага ўдасканалення практычнага супрацоўніцтва, забеспячэння рэгіянальнай стабільнасці, бяспекі і ўстойлівага эканамічнага развіцця, узмацнення транспартнай узаемазвязанасці, а таксама паглыблення культурнага дыялогу.
Змястоўную частку пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў склалі такія важныя дакументы, як Комплексны план дзеянняў па рэалізацыі Дагавора аб доўгатэрміновым добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве, Канцэпцыя супрацоўніцтва дзяржаў — членаў ШАС па развіцці ўзаемазвязанасці і стварэнні эфектыўных транспартных калідораў, Праграма стымулявання прамысловай кааперацыі, Палажэнне аб ганаровым званні «Пасол добрай волі ШАС» і іншыя.
Адным з важных блокаў пытанняў стала пашырэнне ШАС. Акрамя рашэння па Беларусі прыняты шэраг дакументаў адносна іншых краін, якія набываюць паўнапраўнае членства ў ШАС або статусы наглядальніка або партнёра па дыялогу.
Прынятыя на саміце дакументы таксама датычацца паступовага павелічэння долі нацыянальных валют ва ўзаемных разліках дзяржаў — членаў ШАС, пытанняў адукацыі, навукі і культуры, барацьбы з тэрарызмам, рэагавання на змяненне клімату, падтрымання бяспекі і стабільнасці міжнародных ланцужкоў вытворчасці і паставак, супрацоўніцтва ў сферах турызму, гандлю паслугамі, музейнай справы, каранціну раслін, выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі.
Шэраг дакументаў прысвечаны пытанням інфраструктурнага развіцця, стымуляванню прамысловай кааперацыі паміж дзелавымі коламі, развіццю лічбавай дасведчанасці, штучнага інтэлекту, партнёрства ў прафілактыцы і лячэнні інфекцыйных захворванняў, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, развіццю ўнутрырэгіянальнага гандлю, узаемадзеяння ў галіне «разумнай» сельскай гаспадаркі і ўкаранення аграінавацый.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».