Вы тут

Умець кіраваць сабой...


Пісьменніца і ваенны журналіст у званні падпалкоўніка, аўтар міліцэйскіх дэтэктываў, раманаў пра жаночае шчасце, а таксама маральны і фізічны гвалт над жанчынай, пра неабмежаваныя магчымасці людзей з няпростым лёсам і стваральнік рэпартажаў на армейскія тэмы, у мінулым прэс-афіцэр у Партызанскім РАУС сталіцы, а сёння — тэлевядучая ў тэлекампаніі «ВоенТВ» Міністэрства абароны  Беларусі Ганна Чыж-Літаш распавядае пра сваю работу.


Ганна Чыж-Літаш

— Ганна, ваша прафесія традыцыйна не з’яўляецца той, што зазвычай выбіраюць жанчыны... 

— Заўжды займалася фізічнай падрыхтоўкай на адзнакі «добра» і «выдатна», таму для мяне не існавала падзелу на мужчынскія ці жаночыя прафесіі. А цяпер увогуле лічу, што межы паміж мужчынскім і жаночым сцёртыя: нярэдка жанчыны больш займаюцца спортам, чым мужчыны. Трымаць сябе ў добрай фізічнай форме, валодаць зброяй для мяне — прафесійная неабходнасць. Гэта ўжо стала маім хобі. Пастаянна наведваю спартзалу, займаюся спартыўнымі танцамі — усё прыносіць задавальненне. У школьныя гады захаплялася плаваннем, лёгкай атлетыкай. У дарослым узросце зразумела, што прыемна атрымліваць добрыя вынікі ва ўсім: у працы, пісьменніцкай дзейнасці, а таксама ў спорце, калі ты бачыш сваю падцягнутую фігуру, мышцы — яно заахвочвае да яшчэ лепшых вынікаў... 

— Ці дае ваша служба спажытак для літаратурнай творчасці? 

— Мае першыя пяць дэтэктыўных раманаў многія звязвалі з тым, што я служыла ў міліцыі. Меркавалі, што апісаныя гісторыі — тое, з чым даводзілася сутыкацца. Але насамрэч за аснову я брала людзей, якіх сустракала — «спісвала» з іх вобразы. А апісаныя злачынствы не мелі дачынення да ўласнай працы. Цяпер на маю творчасць праца не ўплывае зусім. Але калі раней мне была бліжэйшая жаночая тэматыка, то цяпер, «паварыўшыся» ў ваеннай тэме больш ад дзясятка гадоў, ёсць жаданне пісаць на яе аснове. Працую з гістарычнымі дакументамі, набліжаюся да рэалізацыі задумы. 

— Ваша прафесія звязана з вялікай рызыкай. Вы выхоўваеце дачку — не будзеце перашкаджаць, калі і яна выбярэ гэткі ж род заняткаў? 

— Не. Лічу, што кожны сам павінен рабіць выбар, чым займацца па жыцці. Адносна сябе магу сказаць, што не зусім самастойна прыняла рашэнне аб будучай прафесіі — маё жыццё магло б скласціся па-іншаму... Але калі дачцэ спатрэбіцца мая дапамога ці парада, натуральна, сарыетую яе. Насамрэч у мірны час гэта ўжо і не такая небяспечная прафесія. Хаця рызыка, безумоўна, ёсць. Нават калі здымаю праграмы: гэта ж палігоны, тэхніка, узбраенне... Да таго ж ваенкары заўжды ў гушчы падзей — у ваенны час гэта небяспечна і страшна. Але калі казаць пра ваенны час, то небяспека існуе для ўсіх, якая б прафесія ні была: ад доктара да настаўніка... 

— Людзі, якія пастаянна рызыкуюць, настолькі да гэтага прызвычайваюцца, што бяспечнае жыццё ім падаецца прэсным... 

— Не лічу сябе аматарам экстрыму. Ствараю праграму «Праверана на сабе: жаночы погляд», у якой «прымяраю» ўсе армейскія прафесіі, спецыяльнасці, страляю, езджу на танках — мусіць, людзі думаюць, што я жыць не магу без гэтага «драйву»... Насамрэч маё стаўленне да падобных рэчаў вельмі спакойнае, часам нават даводзіцца перасільваць сябе, працаваць над сабой, каб перамагчы страх. І гэта нармальна: мы ўсе людзі. Калі вам гавораць, што ваеннаму чалавеку не страшна, гэта хлусня — асабліва калі сутыкаешся з чымсьці новым. Цудоўна сябе адчуваю і тады, калі чытаю кнігу — для шчасця мне не патрэбна пастаянная рызыка. 

— Ці былі нейкія непрадбачныя сітуацыі? 

— Аднойчы заблудзіліся на палігоне, над намі ляцелі ракеты — тады спужалася, што пайшлі не ў той бок, і ракеты ўпадуць на нашы галовы... Насамрэч сітуацыі непрадбачаныя заўсёды, але трэба проста прытрымлівацца правіл бяспекі. Працую са зброяй, боепрыпасамі, езджу на адпаведнай тэхніцы, дзе можа банальна зашчаміць палец, напрыклад, люкам ад бронемашыны — заўжды трэба думаць, тады ўсё будзе нармальна... Вельмі сябе люблю, нягледзячы на рызыкоўную работу... Узяла адказнасць за сваё жыццё — даводзіцца пастаянна ўсё пралічваць і кантраляваць. І гэта ўжо частка мяне... 

— А што самае цікавае ў вашай рабоце? 

— Людзі, якія мне сустракаюцца, якія ўмеюць кіраваць небяспечнай тэхнікай, кіраваць сабой. Захапляюся іх смеласцю, адвагай, самаахвярнасцю. Такіх у арміі шмат. Ганаруся, што ў мяне ёсць магчымасць з імі працаваць. 

Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ

Фатаграфія з асабістага архіва Ганны Чыж-Літаш.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.