Вы тут

Сучасны, прыгожы і... модны педагог!


Як павінен выглядаць сучасны настаўнік? Хтосьці лічыць, што яго знешні від не павінен адцягваць увагу дзяцей ад вучобы. І чым больш строга і непрыкметна ён выглядае, тым лепш. Час ад часу гучаць нават прапановы ўвесці для школьных настаўнікаў адзіны стыль у адзенні: адзіныя мадэлі, элементы або адзіныя колеры. 


А нехта, наадварот, выступае за яркага пазітыўнага настаўніка, дзякуючы якому вучні захочуць ісці ў школу, і каго ім захочацца пераймаць. Цікава, што і першыя, і другія лічаць, што настаўнік з’яўляецца прыкладам для сваіх вучняў. Вось толькі меркаванні наконт таго, якім павінен быць узор для пераймання, часта разыходзяцца...

Не сакрэт, што падлеткі асабліва адчувальныя да візуальных праяў, яны па адзенні чалавека не толькі сустракаюць. Рэаліі школьных будняў такія, што сучасным дзецям значна прасцей выбудаваць эфектыўную мадэль узаемадзеяння з педагогам, які знаходзіцца з імі на адной хвалі, разумее і, магчыма, падзяляе іх погляды і захапленні. Дзеці вельмі хутка бачаць «свайго» чалавека, вызначаючы яго па пэўным наборы «маячкоў», сярод якіх, несумненна, ёсць і адзенне. Гэта найважнейшы інструмент

Мода ці стыль?

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка вырашылі грунтоўна падысці да гэтага пытання і запусцілі культурна-адукацыйны праект «Імідж педагога ХХІ стагоддзя» сумесна з Нацыянальнай школай прыгажосці. Мяркуецца, што эксперты ў галіне моды дапамогуць будучым педагогам выпрацаваць свой непаўторны вобраз і індывідуальны стыль. Ініцыятарам праекта выступіла кіраўніцтва факультэта эстэтычнай адукацыі ўніверсітэта і пярвічная арганізацыя БДПУ Беларускага саюза жанчын. Таму студэнты менавіта гэтага факультэта і сталі першаадкрывальнікамі — удзельнікамі лекцыі-трэнінгу «Імідж і стыль маладога педагога» — і змаглі задаць свае пытанні спецыялістам.

Дызайнер, мастак-стыліст, выкладчык Нацыянальнай школы прыгажосці па дысцыпліне «Асновы стылю і іміджу ў адзенні» Надзея Лунёва лічыць, што адзенне павінна адлюстроўваць індывідуальнасць чалавека, таму да гэтага пытання трэба падыходзіць творча.

Безумоўна, педагог — прафесія публічная, якая абавязвае заўсёды выглядаць элегантна і стрымана, адпавядаць кодэксу педагагічнай этыкі і мае на ўвазе шмат абмежаванняў. Але нягледзячы ні на што, педагог проста абавязаны выглядаць стыльна. Гэта не значыць, што настаўнікі павінны быць на піку моды ці скупляць брэндавыя рэчы, але ад іх патрабуецца быць сучаснымі.

Пытанне, якое задаюць часцей за ўсё: ці можа жанчына-педагог насіць штаны або ў школе месца толькі сукенкам і спадніцам?

— Карпаратыўны стыль дапускае нашэнне штаноў (яны павінны быць абавязкова са стрэлкамі), — тлумачыць Надзея Лунёва. — Але варта мець на ўвазе, што жанчынам лепш усё ж такі аддаваць перавагу сукенкам і спадніцам, якія аўтаматычна павышаюць іх статус. Менавіта па гэтай прычыне ў буйных карпарацыях кіраўнікі і менеджары вышэйшага звяна, як правіла, носяць сукенкі і спадніцы.

Разнастайнасць фасонаў, колераў і дэкору сукенак дазваляе педагогам выглядаць адначасова і строга, і жаноцка, умела маскіраваць некаторыя недахопы фігуры і граматна падкрэсліваць свае вартасці: гэта можа быць строгая сукенка-футляр, прамая мадэль, якая акуратна драпіруе лінію таліі, падоўжаная сукенка-жылет. Эксперыментаваць можна бясконца, выбіраючы мадэль у адпаведнасці з асаблівасцямі фігуры.

Калі хочацца чагосьці больш яркага, можна ўзяць на ўзбраенне бязмежныя магчымасці трэндавых аксэсуараў. Сапраўдную іскрынку ў вобраз дабавіць яркі шыйны шалік ці шыйная хустка. Такая дэталь добра гарманіруе і з блузай ці кашуляй нейтральнай афарбоўкі, і з простай аднатоннай сукенкай. Ланцужкі і кулоны — таксама выдатны спосаб дабавіць крыху разнастайнасці аднатоннай сукенцы, але масіўныя і занадта яркія вырабы лепш адкласці для іншых абставінаў, а на рабоце будзе да месца акуратная падвеска з каменем на танюткім ланцужку.

— Упрыгожванняў павінна быць не больш за два. Напрыклад, гэта могуць быць завушніцы і кулон ці завушніцы і кольца, — папярэджвае Надзея Лунёва. — Калі гэта пярсцёнак, то на руках ён можа быць толькі адзін. І катэгарычна нельга выстаўляць на агляд усіх нацельны крыжык або падвеску ў выглядзе свайго знака задыяка.

Небяспечныя колеры

Якой даўжыні павінна быць спадніца? Універсальная — да сярэдзіны калена. Але такая даўжыня — вельмі небяспечная і падыходзіць не ўсім. Таму спадніца можа быць або крыху вышэйшая за калена, або крыху ніжэйшая. У залежнасці ад таго, што больш пасуе фігуры.

У касцюмах лепш аддаць перавагу прамым і паўпрылягальным сілуэтам. Можна камбінаваць пінжак са спадніцай ці прамымі штанамі са стрэлкамі.

Блуза і кашуля павінны быць непразрыстыя. Дапушчальны як скарочаны, так і доўгі рукаў. Стыліст рэкамендуе аддаць перавагу апошняму. Па колеры абмежаванняў амаль няма. Гэта зусім неабавязкова белы верх і чорны ніз. Можна выкарыстоўваць нават ружовы, салатавы і лімонны колеры. Канешне, заўсёды выйгрышна выглядаюць белыя кашулі і блузы.

— Але асцярожней трэба быць з малочным колерам, колерам слановай косткі і светла-шэрым, — папярэджвае Надзея Лунёва. — Напрыклад, малочная кашуля на фоне цёмнага пінжака выглядае як дрэнна памытая ці не першай свежасці. Часцяком жанчыны апасаюцца чырвонага. Аднак у спалучэнні з чорным ці шэрым касцюмам чырвоны колер не раздражняе. Цёплы чырвоны павінен спалучацца з цёплым шэрым, а халодны чырвоны — з халодным шэрым. Белы верх глядзіцца эфектна і ўрачыста, а чырвоны дадае абліччу кропельку кідкай экстравагантнасці, не парушаючы строгіх рамак дрэс-кода.

Педагогу неабходна мець у гардэробе як мінімум пяць блуз ці кашуль, пажадана — розных колераў, каб не было ўражання, што настаўнік ходзіць на работу ў адной і той жа кашулі ці блузе некалькі дзён запар. Касцюмаў можа быць адзін-два, але кашулі — на кожны дзень. Небяспечны колер для касцюма — карычневы. Ён, як правіла, спрашчае вобраз, робіць яго больш танным.

Распаўсюджаныя памылкі

Выглядаць стыльна настаўніку дапаможа капсульны гардэроб, адметнасць якога ў тым, што ўсе вырабы гарманічна спалучаюцца адно з адным і могуць выкарыстоўвацца ў розных варыяцыях. Гэта вельмі зручна, дапамагае камбінаваць розныя лукі і заўсёды выглядаць па-новаму. Яшчэ адна важная дробязь: моладзь не любіць падплечнікі, між іншым, тыя ствараюць выразную лінію пляча і павялічваюць візуальна рост. Модны вобраз настаўніка дапоўняць стыльны абутак, якасная скураная сумка ці партфель, гадзіннік (яны важныя для мужчын) і акуляры.

Абавязковае правіла для педагогаў-мужчын — апранаць пад чорны касцюм чорныя шкарпэткі. У ідэале шкарпэткі павінны быць цямнейшыя на тон за штаны, але святлейшыя за абутак. Памылка для класічнага стылю — насіць кароткія шкарпэткі. Калі мужчына садзіцца, з-пад штаноў не павінна быць бачная голая нага. Чорныя касцюмы падыходзяць толькі для халоднага часу года, а для вясны і лета ў гардэробе павінен быць светлы касцюм.

А вось жанчыны-педагогі, нягледзячы на надвор'е (спёку ці мароз), павінны заўсёды быць у тонкіх калготках цялеснага ці чорнага колеру. Абутак адпаведна павінен быць выключна закрыты, басаножкі — недапушчальныя. Гэта могуць быць туфлі-лодачкі або абутак на абцасе вышынёй да 6 сантыметраў.

Частая памылка ў класічным стылі — вешаць сумку на плячо. У такім выпадку пінжак ці жакет на постаці перакошваецца і нават дарагі касцюм выглядае недарэчна. Жаночую сумачку варта насіць у руцэ або на руцэ. Гэты аксесуар павінен добра выглядаць, не быць абшарпаным. На падобныя элементы ў вобразе звяртаюць увагу нават часцей, чым непасрэдна на адзенне. Як, дарэчы, і на смартфон, таму, па правілах этыкету, трэба класці яго экранам уніз, калі ён пашкоджаны і на ім ёсць расколіны.

Макіяж і прычоска таксама складаюць неад'емную частку іміджу педагога. Макіяж дапускаецца няяркі, нюдавы, які стварае эфект дагледжанасці. Пах духоў павінны быць ледзь улоўны. Валасы трэба ўбіраць, каб яны не траплялі на сшыткі і дакументы, калі настаўнік нахіляецца да вучняў.

Правілы дзелавой перапіскі

Галіна Гайдук, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Нацыянальнай школы прыгажосці, закранула ў гутарцы са студэнтамі тэму дзелавога этыкету:

— Дзелавы этыкет уключае некалькі блокаў, і гэта не толькі знешні выгляд. Вельмі часта дрэннае ўражанне можа пакінуць ваша манера размаўляць і трансліраваць інфармацыю. Нават тон вашай гаворкі можа ўспрымацца вучнямі па-рознаму. Таму трэніруйцеся перад люстэркам, як выступаць перад аўдыторыяй і дзе расстаўляць акцэнты. Людзі часта жэстыкулююць падчас сваіх публічных выступленняў, што па этыкету ўвогуле непрымальна. Рукі падчас выступлення павінны быць чымсьці занятыя. Гэта можа быць мікрафон або штодзённік. Толькі не ручка ці аловак...

Наступны важны пункт — дзелавая перапіска, адносіны з партнёрамі, работадаўцамі, бацькамі вучняў. Пры напісанні ліста па электроннай пошце абавязкова згадваецца яго тэма. Без гэтага ваша паведамленне могуць проста праігнараваць. І ў абавязковым парадку той, хто адпраўляе электронны ліст, павінен пакінуць свае даныя. А напрыканцы трэба дадаць «з павагай» або «з найлепшымі пажаданнямі».

У электронным лісце ўсе дакументы прымацоўваюцца асобнымі ўкладаннямі. Вы не можаце скапіраваць дакумент, нават калі ён ўсяго на два абзацы, і ўставіць яго ў паведамленне. У лісце вы пішаце толькі кароткую інфармацыю, тэму, якая важная для вашага суразмоўніка, і тое, што вы хацелі б да яго данесці. Таксама недапушчальна пісаць асобныя словы ці сказы вялікімі літарамі, нават калі вы жадаеце акцэнтаваць увагу на нейкім моманце, бо часта гэта ўспрымаецца як агрэсія і павышэнне голасу. Смайлікаў у дзелавой перапісцы з калегамі таксама трэба пазбягаць. Дапушчальны адказ на ліст, які прыйшоў па электроннай пошце, — дзень-два.

Па дзелавому этыкету ўсе важныя лісты адпраўляюцца ў буднія дні ў рабочы час, у пятніцу — да абеду. Таксама важныя лісты не адпраўляюцца ў панядзелак у першай палове дня.

Што датычыцца месенджараў, то самы позні час для напісання паведамлення — 20.00. Пазней можна пісаць толькі блізкім людзям. Гэтага правіла павінны прытрымлівацца і бацькі вучняў.

«Для важнай перапіскі месенджары не падыходзяць, — папярэджвае Галіна Гайдук, — таму што той, хто піша, можа ў любы момант выдаліць паведамленне і для сябе, і для свайго адрасата. Важная інфармацыя можа згубіцца... Таму старайцеся перавесці перапіску па сур'ёзных пытаннях на электронную пошту.

Усе тэлефонныя званкі па рабоце трэба здзяйсняць толькі ў рабочы час. Калі размова раптам перарываецца, зноў тэлефануе той, хто званіў. Па этыкету, калі чалавек, якому вы тэлефануеце, не адказвае пасля пяці гудкоў, вы кладзяце трубку. Праз пэўны час можна зноў пазваніць, але калі вам зноў не адказалі, цягам рабочага дня вы больш не тэлефануеце. Ваш званок бачылі, і, калі палічаць патрэбным, патэлефануюць.

Падчас абеду з калегамі ці дзелавой сустрэчы пакінуць тэлефон на стале можна толькі ў выпадку, калі вы чакаеце важны званок. Але аб гэтым трэба абавязкова папярэдзіць суразмоўніка. Адказаць на званок можна толькі адзін раз. Тэлефон не павінен пастаянна званіць. Трэба выключыць гук і прыбраць яго з віду».

Рэпутацыя ў інтэрнэце

Правілы прафесійнай этыкі трэба захоўваць і ў сацыяльных сетках. Педагогі — самая ўразлівая група, яны заўсёды знаходзяцца «пад прыцэлам». І тое, што бацькі дазваляюць сабе, яны ніколі не дазволяць настаўнікам, якія вучаць іх дзяцей.

Галоўны прынцып — трэба прытрымлівацца тых жа стандартаў паводзін, што і ў рэальным жыцці. Вобраз настаўніка ў класе, школе і ў сацыяльных сетках павінен супадаць. Гэта вельмі важна для фарміравання даверу паміж ім і навучэнцамі. Пісаць у сетках педагог павінен граматна і без скарачэнняў. Для яго недапушчальнае выкарыстанне ненарматыўнай лексікі, сумнеўных фатаграфій і тэкстаў у інтэрнэце.

Педагогам ні ў якім разе нельга ўмешвацца ў публічныя канфлікты. Усё напісанае застаецца ў сеціве, таму праз пэўны час словы і каментарыі могуць вырваць з кантэксту.

Настаўнік фактычна пазбаўлены прыватнага жыцця ў сацыяльных сетках. Гэта трэба зразумець і прыняць. Асабістая старонка — гэта яго самапрэзентацыя ў інтэрнэце, таму вельмі важна правільна кіраваць гэтым рэсурсам.

«Ніхто не забараняе настаўніку схадзіць у кафэ і выпіць віна, аднак дзесяць разоў падумайце, ці варта гэта публікаваць у сторыз у сацыяльных сетках», — раіць Галіна Гайдук.

Праект «Імідж педагога XXІ стагоддзя» паспяхова стартаваў. Далей яго ўдзельнікаў чакаюць практычныя заняткі, разбор са стылістам гардэроба студэнтаў. Плануецца арганізаваць майстар-класы па дэфіле ад міс Беларусь Элеаноры Качалоўскай, адпрацаваць навыкі нюдовага макіяжу. Дзяўчат навучаць рабіць простыя прычоскі і ўкладкі на кожны дзень.

«Фінальным этапам плануем удзел некалькіх дзяўчат у паказе з выхадам на подыум у рамках нейкага мерапрыемства Нацыянальнай школы прыгажосці», — дадала Галіна Гайдук.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.