Вы тут

Залацістая страла пясчаных кар’ераў


Калі глядзіш на экстравагантныя паводзіны шчуркі-пчалаедкі – як яна імгненна зрываецца з галінкі, праносіцца ў паветры, нечакана кідаецца то ўверх, то ўніз, – мімаволі напрошваецца параўнанне палёту птушкі са стралой, выпушчанай з лука. Яркае вясёлкавае адценне афарбоўкі яе пер’я адлівае на сонцы золатам, іграе перламутрам, і таму шчурку часта называюць райскай птушкай.

На тэрыторыі нашай краіны шчурка залацістая – так называюць птушку ў Расіі, альбо пчалаед – у Англіі і Нямеччыне, – рэдкі пералётны від. Селіцца пераважна ў пясчана-гліняных кар’ерах, свае гнёзды робіць у норах на стромкіх схілах. Накшталт ластавак-зямлянак, шчуркі жывуць калоніямі, іхнія норы для гнездавання знаходзяцца побач з норамі ластавак. У Беларусі птушкі ўзяты пад ахову, занесены ў Чырвоную кнігу. Прылятаюць пчалаедкі да нас у канцы вясны альбо напачатку лета. Пасля непрацяглага шлюбнага перыяду пачынаюць будаваць і ўладкоўваць свае часовыя кватэры.

Мне давялося назіраць за гэтым паветраным акрабатам на адным з пясчаных кар’ераў Мінскага раёна. Чаму акрабатам? Калі прыгледзецца, акрамя жукоў, стракоз, матылёў, птушка спажывае пчол і чмялёў. Яна ловіць іх у палёце, часта ганяецца за насякомымі і па гарызонце, спрытна пікіруе і па вертыкальнай траекторыі. З дапамогай крылаў і доўгай, загнутай уніз дзюбы, пчалаедка лёгка здабывае сабе ежу.

Здымаць шчурку – мара кожнага фатографа. Паводзіны, партрэты з матылямі і чмялямі ў дзюбах, а галоўнае – афарбоўка пер’я, робяць птушку “зорнай” істотай. Сапраўды, спалучэнне розных адценняў і колераў – ад бірузовага на грудцы і лбе да жоўтага на шыі і спіне, цёмна-карычневага на галаве і патыліцы да зялёнага на перадплеччы – птушыную вопратку робяць экзатычнай, казачнай.

Без малога тры тыдні працягваецца выседжванне птушанят у шчуркавых. І амаль столькі ж патрабуецца часу, каб яны падраслі, навучыліся лятаць, здабываць корм. У канцы жніўня шчуркавая калонія ўжо рыхтуецца ў дарогу – іх чакаюць далёкія і цёплыя Афрыка і Індыя.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.