Вы тут

Рэспубліканскі конкурс юных журналістаў назваў пераможцаў


Рэспубліканскі конкурс юных журналістаў «Ты ў эфіры», зладжаны Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, назваў пераможцаў. Сёлета конкурс быў прысвечаны Году малой радзімы, а выказацца па тэме «Можа, мала сябры яшчэ знаюць наш край» дзеці і падлеткі маглі ў чатырох намінацыях «Друкаваны матэрыял», «Відэаматэрыял», «Фотарэпартаж», «Сацыяльная сетка».


Пераможцаў у намінацыі «Відэаматэрыял» дапамаглі вызначыць стваральнікі маладзёжнага інтэрактыўнага праекта «Пін_код» тэлеканала «Беларусь 2». Адна з работ, якая дайшла да фіналу і была высока ацэнена расказвае гісторыю невялікага возера Сіняе каля вёскі Сасноўка. Яе аўтарамі сталі Ірына Шыкалава і Мікіта Галавачэнка са Светлагорска. «Пра конкурс расказала наш педагог-арганізатар, потым мы знайшлі ідэю і пачалі яе распрацоўваць. Разам са зборам інфармацыі і здымкамі роліка спатрэбілася каля двух тыдняў, каб стварыць гэты невялікі міні-фільм пра нашу малую радзіму, а дакладней пра возера, якое ёсць у нашай мясцовасці», — апавядае Ірына Шыкалава.

Усяго на суд журы ў намінацыі «Відэаматэрыял» было прадстаўлена 24 работы. Геаграфічна тут можна сустрэць удзельнікаў з розных куточкаў Беларусі. Відэаролікі розныя па змесце і ўзроўні майстэрства, але самае важнае, што ёсць жаданне расказаць іншым пра тую мясцовасць, дзе жывеш, з якой пачынаецца шлях у вялікае жыццё.

— Прыемна, што дзякуючы такім конкурсам нашы дзеці пачынаюць праяўляць цікавасць да гісторыі іх малой радзімы. Мы як людзі, звязаныя з тэлебачаннем, таксама зацікаўлены ў такіх мерапрыемствах, бо яны даюць магчымасць убачыць таленавітых людзей, якім у перспектыве можна прапанаваць супрацоўніцтва ў нашым праекце ў якасці пазаштатных аўтараў, — падзяліўся кіраўнік праграмы «Пін_код» Ягор Шолькін. — У эфіры мы дэманстравалі фрагменты найлепшых відэа. Таксама адзначым пераможцаў сертыфікатамі на заняткі ў кінашколе.

Яшчэ юныя журналісты ці тыя, хто толькі прыглядаецца сёння да гэтай прафесіі, атрымаюць магчымасць трапіць на бліцстажыроўку ў Белтэлерадыёкампаніі, паўдзельнічаць у працэсе здымак, трапіць на прамы эфір. 1-е месца ў намінацыі «Відэаматэрыял» прысудзілі вучню сярэдняй школы № 3 горада Кобрына Савелію Прохараву, другое занялі навучэнцы Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Данііл Хаменка, Настасся Грышанава, Кацярына Захарэвіч, Ганна Трацюк, а на 3-м аказаліся Вераніка Каваленка, Вікторыя Працко і Міхаіл Савошка, якія займаюцца ў Чачэрскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Загадчык сектара па рабоце з моладдзю Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Настасся Сайчык расказала «Звяздзе»: «На заключным этапе конкурсу мы атрымалі 88 заявак ад болей чым 100 удзельнікаў — яны апавядалі пра родныя мясціны, гісторыі абрадаў, вуліцы, закраналі і многія іншыя тэмы».

Алена ДРАПКО

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: У аб'ектыве — малая радзіма

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.