Вы тут

Валянціна Заяц: Вышыванне для мяне — гэта задавальненне


Вышыванкі Валянціны Заяц прадстаўлены ў экспазіцыі выстаўкі «Яе рук справа» ў гандлёвым цэнтры «Сталіца». Майстрыха з Барысава стала наступнай удзельніцай праекта, ініцыяванага Беларускім саюзам жанчын з мэтай паказаць, якія цудоўныя работы ствараюць у вольны час члены арганізацыі з розных рэгіёнаў нашай краіны. 


Жанчыны ў сям’і Валянціны Заяц былі рукадзельніцамі, і дзяўчынка з юных гадоў асвойвала сакрэты майстэрства — шыла, вязала, вышывала. Да пенсіі часу на рукадзелле асабліва не было — доўгія гады Валянціна Валянцінаўна працавала ў сферы сацыяльнай абароны. А дома — сям’я, муж, сын... Толькі пасля выхаду на пенсію захапілася вышываннем усур’ёз.

— Вышыванне для мяне гэта задавальненне, — кажа Валянціна Заяц. — Не люблю купляць гатовыя наборы, дзе ўжо падабрана канва і ніткі. Узор выбіраю сама, які па душы. Вось, напрыклад, «Старыя лісты» — мая любімая работа, кожны знаходзіць у ёй блізкі яму сэнс. Вышываю і па дызайнерскіх схемах. Ствараю нацюрморты, пейзажы, партрэты. У мяне часта бывае па дзве рэчы ў працы адначасова: адна на спецыяльным станку, другая — на пяльцах. Акрамя станка, на які ўсталёўваецца канва, набыла крэсла з высокай спінкай. Можна сказаць, абсталявала працоўны куток у кватэры.

Вышыванне — карпатлівая праца. Патрэбны велізарнае цярпенне і ўседлівасць. Здалёк гатовае палатно Валянціны Заяц складана адрозніць ад карціны мастака, толькі замест пэндзля і фарбаў тут выкарыстоўваюцца ніткі ды іголкі. Сакрэт у спецыяльнай тэхніцы — майстрыха вышывае габеленавым шыўком, які дазваляе перадаць усю глыбіню колеру дзякуючы выкарыстанню вялікай колькасці нітак розных адценняў.

— На канве ў мяне бывае падколата да 50-60 іголак з ніткамі, — расказвае майстрыха. — Напрыклад, для работы «Букет для каханай» выкарыстоўвала 129 колераў і 89 блендаў (бленд — элемент, які атрымліваецца пры складанні нітак двух колераў. — А. В.). Цяпер вышываю ў манахроме сюжэт з цыклу «Старыя фатаграфіі». Работа называецца «Чаканне»: на ёй — вуліца горада, мужчына з букетам пад гадзіннікам.

Валянціна Заяц шчодра дзеліцца сакрэтамі майстэрства з барысаўчанкамі, неабыякавымі да іголкі ды нітак. Пры Барысаўскім савеце ветэранаў існуе гурток «Чароўны крыжык», дзе збіраюцца вышывальшчыцы. Дэманструюць сваю працу адна адной, дзеляцца цікавымі ідэямі і штогод выстаўляюць у Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы свае работы.

Пасля выхаду на пенсію ў жыцці адкрываюцца новыя грані, лічыць Валянціна Заяц. І пацвярджае гэта не толькі мастацкай творчасцю. Яна практыкуе скандынаўскую хаду, штодня праходзіць сем кіламетраў, а таксама наведвае групы па фізкультуры і па ёзе пры Барысаўскім ТЦСАН.

— У выніку рэгулярных трэніровак вылечыла сабе каленны сустаў, знікла аддышка, знізілася вага. Атрымліваю вялікае задавальненне ад фізічнай нагрузкі, адчуваю радасць і лёгкасць у целе. Калі чалавек у немаладым узросце хоча жыць доўга і якасна, неабходна працаваць над сабой, здароўе не даецца дарма, — пераканана Валянціна Заяц.

Алена ВАЛЕР’ЕВА

Фота Юліі РАМАНЬКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.