Вы тут

Айчынныя здраўніцы набіраюць абароты


За першае паўгоддзе ў санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях краіны прайшло лячэнне больш за 650 тысяч чалавек. З іх за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту — 404 тысячы чалавек. Пра гэта паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

Паводле яго слоў, беларускія санаторыі сёння стабільна працуюць і дынамічна развіваюцца, аб чым сведчыць іх 100% запоўненасць.

Прычым самымі папулярнымі застаюцца ўстановы, у якіх ажыццяўляецца лячэнне на аснове мінеральных вод і лячэбных гразяў. Дарэчы, на тэрыторыях санаторыяў цяпер функцыянуе больш за 90 свідравін мінеральных вод і 4 радовішчы лячэбных гразяў. Такое аздараўленне даспадобы не толькі беларусам, але і замежным грамадзянам. За шэсць месяцаў у беларускіх санаторыях прайшло аздараўленне больш за 102 тысячы замежнікаў, 80% з іх — расіяне. Ахвотна наведваюць беларускія санаторыі грамадзяне еўрапейскіх краін, Ізраіля і нават Кітая.

Па словах Генадзя Балбатоўскага, геаграфія беларускага санаторна-курортнага лячэння пастаянна пашыраецца. Ён звязвае гэта з тым, што беларускія санаторыі, якія сёння арыентуюцца на замежных спажыўцоў, імкнуцца спалучыць сусветны ўзровень якасці паслуг з адносна недарагім коштам. Сёння ў сярэднім ён складае не менш за 300 тысяч рублёў за адзін койка-дзень (пры гэтым на пачатку года было 240 тысяч рублёў). У міжсезонны перыяд цэны зніжаюцца.

Асобнае месца займае аздараўленне ў санаторна-курортных установах грамадзян, што не працуюць. Так, у адпаведнасці з законам, інваліды першай і другой груп маюць права на санаторна-курортнае лячэнне адзін раз на два гады.

— Гэта нелагічна, каб пацыенты з лёгкімі паталогіямі ездзілі ў санаторныя ўстановы часцей за інвалідаў першай і другой груп, — заўважыў Генадзь Балбатоўскі. — Таму непрацуючыя грамадзяне могуць атрымліваць пуцёўку адзін раз на тры гады.

Пры гэтым дырэктар цэнтра прызнаўся, што ў сталічным рэгіёне сітуацыя больш складаная, чым у астатніх: тут чарга на атрыманне пуцёўкі ў санаторый даходзіць да чатырох гадоў. Пенсіянеры, як правіла, аплачваюць 15—20% ад кошту пуцёўкі (у залежнасці ад сезона).

Калі дарослым прапануюць адпачынак у санаторыях, то для дзяцей сёлета працуе больш як 5000 лагераў. За два летнія месяцы ў іх прайшлі аздараўленне больш за 309 тысяч дзяцей — гэта 82% ад запланаванай колькасці (377 тысяч). Генадзь Балбатоўскі адзначыў, што нарэшце ўдалося спыніць негатыўную тэндэнцыю па штогадовым закрыцці лагераў. А на іх падрыхтоўку сёлета выдзелілі больш за
100 мільёнаў рублёў.

— Права на аздараўленне ў лагерах з выкарыстаннем дзяржаўных датацый у нас маюць усе непаўналетнія дзеці школьнага ўзросту, — сказаў Генадзь Балбатоўскі. — А дзеці-сіроты і інваліды маюць права часцей адпачываць з выкарыстаннем сродкаў бюджэту і дзярждатацый.

Між тым, сёлетняя дзярждатацыя на кругласутачны лагер складала 900 тысяч рублёў (летась — 605 тысяч рублёў). Па выніках другой змены сярэдняя цана пуцёўкі ў кругласутачны дзіцячы лагер складае 1998 тысяч рублёў. Як правіла, бацькі аплачваюць каля 10% ад кошту пуцёўкі. Для таго, каб атрымаць такую пуцёўку, яны павінны звярнуцца ў камісію па аздараўленні па месцы працы.

На прэс-канферэнцыі было ўзнята і пытанне будаўніцтва новых санаторна-курортных аб'ектаў. Па словах Генадзя Балбатоўскага, санаторый нельга пабудаваць "на пустым месцы", аздараўленчыя ўстановы павінны быць там, дзе ёсць радовішчы мінеральных вод і гразяў. Такія патэнцыяльныя пляцоўкі ў краіне ёсць. У першую чаргу гэта Браслаўскі і Нарачанскі рэгіёны. На тэрыторыі апошняга цяпер ажыццяўляецца дзяржаўная праграма, разлічаная да 2015 года. Яна прадугледжвае 21 мерапрыемства, 18 з якіх ужо праведзены. У прыватнасці, у санаторыі "Прыазёрны" пабудаваны новы лячэбны корпус і пачаў працу аквапарк; уведзены ў эксплуатацыю новы гасцінічны корпус у турыстычным комплексе "Нарач"; у санаторыі "Спадарожнік" пабудавана 10 новых домікаў гасцінічнага тыпу.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.