Вы тут

ХТО КАГО: МАТРОШКА ЦІ САЛОМКА З ВЫШЫВАНКАЙ?


Нядаўна на адным сайце з'явілася апытанне: што ўваходзіць у пяцёрку найбольш папулярных беларускіх сувеніраў? Апытанне праводзілася сярод нашых гандляроў (мабыць, на Ждановічах) і турыстаў. І што б вы думалі — на першым месцы апынулася... матрошка. На другім — беларуская гарэлка, потым — магніцікі з выявамі Нацыянальнай бібліятэкі, Мінска, Міра, Нясвіжа і нашай сучаснай сімволікі. І, нарэшце, — бялізна і кераміка... Каментарыі на сайце, натуральна, былі абуральныя, але ў сеціва інфармацыя трапіла...

Тут і падумалася: а чаму, уласна, матрошка такая ў нас папулярная ? Як для мяне — дык цацка цацкаю. Адказ просты: нашы гандляры купляюць за мяжой тое, што добра разыходзіцца. Ну, няхай бы сабе на тых матрошках малявалі б не толькі расійскіх кіраўнікоў, а і нашых — Прэзідэнта, прэм'ера. Дык не — упарта прадаюць Пуціных, Абамаў, Берлусконі, нават Жырыноўскага і іншых. На вернісажы каля Палаца прафсаюзаў такім дабром гандлюе шмат народу.

— А што? Мы ж з расіянамі — славяне-браты. У нас усе іх "зорак" палітыкі і культуры таксама ведаюць, таму і прадаём. А матрошкі — дык гэта сусветны брэнд. Расійскі, праўда, але бяруць... Саломку дзеля продажу невядома дзе ўзяць, і ручнікі раз на два тыдні нам майстрыха з Нясвіжа ці то з Клецка прывозіць. Каб вы бачылі — за хвіліну размятаюць...

Гэтую майстрыху я акурат ведаю — завуць яе Вольга Уладзіміраўна Стэфановіч, народны майстар з Нясвіжа, вышывальшчыца. Другая — мая цешча, таксама майстрыха па вышывальніцтве і па саломе, Ларыса Паўлаўна Гетнер. Менавіта яны бароняць гонар Нясвіжа і Бацькаўшчыны на ўсіх розных выставах. Абедзьве — у статусе народных майстроў, былыя настаўніцы.

— Бяруць у нас і саломку, і вышыванкі. Асабліва расіяне з далёкіх ускраін Расіі. Глядзяць на саломку і пытаюцца: "А з чаго гэта вы зрабілі, што за матэрыял?" Але прыкра, што тут жа прадаюць замежны шырспажыў — у асноўным кітайскі і расійскі. Так смешна бывае, калі побач купляюць тыя ж матрошкі, нейкія паветраныя шарыкі з геліем і з расійскай сімволікай. А тут яшчэ і новая мода: народных майстроў прымушаюць купляць месцы для гандлю побач з тымі, хто абы-чым гандлюе...

Наконт гарэлкі: расіяне, якія ведаюць што да чаго, бяруць "Белавежскую". А жанчыны пытаюцца пра лён: дзе сурвэткі, бялізна, дзе проста тканіна. А і насамрэч — дзе?

У Міры, Нясвіжы, Дудутках — мясцовыя майстры: мірская і гарадзейская кераміка, саломка, выцінанкі, у тым ліку і па тканіне, вышыванка, карункі. Ніякіх матрошак, ніякіх кітайскіх вырабаў. Але чаму госць, які нас наведаў з Расіі, Егіпта, Польшчы альбо Чэхіі не ведае, што менавіта саломка — гэта наш брэнд? А навокал — матрошкі...

Яшчэ адзін патрыёт з Нясвіжа. Гандлюе беларускімі лыжкамі і... нашымі паштовымі маркамі. І мае добры даход.

— Увесь свет збірае маркі. А нашы беларускія паштовыя маркі — найпрыгажэйшыя, і гэтаму я ведаю мноства доказаў. Таму і прадаю з добрай выгадай... Што да замежных сувеніраў — даўно час уладам у такіх месцах гандаль імі забараніць: ну навошта расіянам у нас купляць матрошкі, самавары ці кітайскую біжутэрыю? Яны ж смяюцца, а нам сорамна...

Пятро РАМАНЧУК.

г.п. Акцябрскі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.