Вы тут

Разгул графіці ў Магілёве


Але разгул цалкам афіцыйны: гэта сумесны праект і новая прыступка ў стасунках вулічнага мастацтва і мясцовай улады.

Цяпер у сціплы дворык, што на вуліцы Ціміразеўскай, 32 у цэнтры Магілёва, ходзяць на экскурсіі. За некалькі дзён ён ператварыўся ў сучасную арт-пляцоўку. Мастацкія графіці на сценах адразу сталі для гараджан папулярнымі месцамі для фотасесій.

Больш за ўсіх здзіўляе 3D-малюнак на тратуары: рука, якая нібыта прарвалася праз асфальт, адсылае да славутага «Стварэння Адама» Мікеланджэла. Усе спяшаюцца рабіць здымкі на памяць, пакуль ногі прахожых, дождж і снег не сцерлі цікавы вулічны твор.

Такое ўражанне, што ў выхадныя дні сюды пацягнуцца і вясельныя картэжы: здымкі на фоне арыгінальных графіці, а не звыклых інтэр'ераў, маглі б заняць годнае месца ў альбомах маладых.

Увогуле месца тут ажыўленае, насупраць Цэнтральнага прадуктовага рынку, таму народ актыўна цікавіцца і радуецца. На сценах жылых дамоў з'явіліся вялізныя фантастычныя малюнкі — ад першага і да пятага паверхаў. Чырвоная (не сінія, заўважце) птушка нібыта спрабуе зазірнуць у вокны кватэр.

1378158077461_1

Трансфарматарныя будкі ператварыліся ў казачныя пабудовы. На адной з іх надпіс «Небяспечна!» цяпер спалучаецца з выбухам сонечных фарбаў на сценах. Выява жанчыны ў туфлях на высокіх абцасах у прыцемках глядзіцца іншапланетнай. У гэтай вулічнай галерэі хочацца спыніцца і ўсё ўважліва разглядзець.

Металічныя дзверы пад'ездаў упрыгожаны выявамі жывёл і сімпатычных монстрыкаў. Гэта даніна дзіцячаму садку, які месціцца ў двары: кажуць, што графітыстаў ужо запрасілі папрацаваць і там. Яны не пашкадавалі фантазіі і на каналізацыйныя люкі з бетоннымі пастаментамі, каб надаць ім мастацкі выгляд.

1378158079361_2

У шэрым гарадскім пейзажы не хапае яркіх фарбаў. Маладыя мастакі, якія змянілі аблічча старога дворыка, вельмі рады, што ім даверыліся, і хочуць, каб магілёўская акцыя стала крокам да арганізацыі ў Беларусі фестывалю графіці

.

Што да гараджан, то яны засталіся вельмі задаволенымі стрыт-акцыяй, якая падарыла шмат пазітыўных эмоцый. Хаця кажуць, жыхары дамоў не адразу зразумелі намеры маладых людзей і нават звярталіся ў міліцыю. Але потым, калі прыгожыя малюнкі сталі набываць абрысы, мясцовыя людзі змянілі сваё стаўленне.

1378158081820_3

У адміністрацыі Ленінскага раёна горада каментуюць, што Магілёў нездарма стаў культурнай сталіцай, а таму павінен паказваць прыклад не толькі ў класічных формах мастацтва, але і ў сучасных арт-праектах, якія ініцыюе моладзь.

Улады хочуць цывілізаваных зносін з мастакамі новага пакалення, у тым ліку графітыстамі. Зусім не сакрэт, што Магілёў накрыла хваля надпісаў дзе толькі можна — на сценах у грамадскіх месцах і на жылых дамах, дарма што свежапафарбаваных. Жыхарам непрыемна бачыць навокал беспарадак, а камунальнікі скардзяцца на вялізныя выдаткі па ліквідацыі наступстваў хуліганскіх графіці.

Зусім нядаўна былі пашкоджаны карціны, выстаўленыя на вуліцы падчас мастацкай акцыі. Вандаламі аказаліся падлеткі, і іх бацькі заплацілі значны штраф за наўмыснае пашкоджанне маёмасці. Увогуле ад пачатку сёлетняга мая міліцыя затрымала шасцёра такіх хуліганаў. Але надпісаў на магілёўскіх сценах, якія потым змываюць і зафарбоўваць, значна болей.

Таму невыпадкова, што мастакоў-графітыстаў афіцыйна запрасілі аформіць горад, імкнучыся гэтым сказаць усім іншым: мы адкрыты для добрых творчых ідэй, у тым ліку і па маляванні на сценах — а чаму б не? Праўда, гэта ўсё ж павінна быць мастацтвам.

Ілона ІВАНОВА.
Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.