Вы тут

Песні-помнікі...


Яны ствараюцца заўсёды і паўсюль на свеце. Іх складваюць, каб уславіць гераічныя справы суайчыннікаў, каб ушанаваць святыя імёны тых, хто самаахвярна дзейнічаў дзеля свабоды роднай зямлі і яе росквіту. Асабліва шмат такіх твораў узнікае ў гістарычна вызначальны для краіны, драматычна-трывожны час.

Жыццё Канстанціна Заслонава стала легендай і асветлена ў вершах і песнях. Ён карыстаўся вялікай павагай сярод падпольшчыкаў і партызан з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. Смерць партызанскага камандзіра выклікала незвычайны патрыятычны і паэтычны ўздым. У песнях, якія хутка фалькларызаваліся, вымалёўваўся вобраз мужнага і ўмелага кіраўніка, народнага змагара, перадаваліся боль і смутак яго паплечнікаў.

Народную песню, якая так і называецца «Песня пра Заслонава», у 1946 годзе занатаваў нястомны фалькларыст Генадзь Цітовіч ад жыхароў мястэчка Бягомль Мінскай вобласці. Яна нарадзілася ў шэрагах адважных мсціўцаў адразу пасля гібелі камандзіра, перадавалася па партызанскіх атрадах, пашыралася ў варыянтах. Асобныя строфы песні нагадваюць вершаваныя радкі, змешчаныя ў газеце «Віцебскі рабочы» 10 сакавіка 1943 года. Пазней апрацоўку мелодыі зрабілі А. Багатыроў, Я. Яраславенка, а пачатак песні адрэдагаваў А. Русак.

1387871152764_1

Песня пра Заслонава

Народная песня

На магіле ружы расцвітаюць,
Шэпча бэз над кветкамі вяргінь,
А ў магіле спіць герой савецкі —
Партызан Заслонаў Канстанцін.

Не салоўка голасам пявучым
Над ракой калыша ціхі гай,
Гэта мы яму спяваем песню
Пра любімы, родны, вольны край.

У дрымучых у лясах аршанскіх
Гэтай песні ён не даспяваў.
Ад смяротнай кулі ад фашысцкай
за Радзіму вольную ён паў.

Беларусь, ты Бацькаўшчына наша,
Ўдаль і ўшыр прасторам ты лягла,
Кветкай яркай, кветкаю прыгожай
Між рэспублік вольных расцвіла.

Ой, з-за лесу-бору, па-над хатай,
Ясна свеціць сонца цераз тын.
Мы табе пяём сягоння славу,
Наш герой — Заслонаў Канстанцін.

Апошняе двухрадкоўе кожнай страфы спяваюцца двойчы.

У пасляваенны час асаблівую папулярнасць набыла «Песня пра Заслонава», якую напісалі паэт Анатоль Астрэйка і кампазітар Уладзімір Алоўнікаў. Яна натхнёна выконвалася на сцэнічных пляцоўках, часта гучала па радыё. Светлая мелодыя і шчырыя словы ўслаўляюць мужнасць і самаахвярнасць народнага героя, крылата-ўзнёсла абуджаюць памяць нашчадкаў, напаўняюць іх душы грамадзянска-патрыятычнымі пачуццямі.

1387871155341_2

Песня пра Заслонава

Верш Анатоля Астрэйкі
Музыка Уладзіміра Алоўнікава

Як узыдзе сонца сінім
раннем веснім,
Як развее над зямлёй туман,
Над краінай пралятае песня,
Песня баявая партызан.

І звіняць, гудуць на ўсю
нашу дзяржаву
Гарадоў і вёсак галасы —
Канстанцін Заслонаў —
наша слава,
Беларусі-партызанкі сын.

У сцягах Радзімы
яркім промнем ззяе
Над усёй савецкаю зямлёй
Доля твая, справа баявая,
Мужны, легендарны наш герой.

Першая страфа і апошнія два радкі кожнай страфы паўтараюцца.

Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.