Вы тут

Ад «Школы юных» — да дысертацыі


Для таго, каб навучыцца плаваць, трэба ўвайсці ў ваду. А каб замахнуцца на кар'еру сур'ёзнага вучонага, пачынаць трэба з першага маленькага кроку... Днямі ў Нацыянальнай акадэміі навук быў дадзены ўрачысты старт новаму сумеснаму праекту Мінскага палаца дзяцей і моладзі, Савета маладых навукоўцаў і Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук — Школе юных даследчыкаў. Такі саюз трох структур склаўся невыпадкова, у кожнага — свае спадзяванні.

10-21

10-21

— Мы даўно марым пра стварэнне гарадскога навуковага таварыства школьнікаў, — прызнаецца загадчыца аддзела інтэлектуальнай творчасці Палаца дзяцей і моладзі Вікторыя ЮШЧАНКА. — А цяпер нашы мары набываюць рэальныя абрысы.

Школьнікаў, якія цікавяцца навукай, адбіралі педагогі сістэмы дадатковай адукацыі. У Палацы дзяцей і моладзі не першы год дзейнічаюць розныя навукова-тэхнічныя гурткі. Цяпер Акадэмія навук узяла іх пад сваю апеку.

— Прыцягнуць школьнікаў да навуковай дзейнасці і захапіць іх даследчай працай — толькі палова задачы. Проста папулярызаваць навуку недастаткова. Важна, каб тыя школьнікі, якія зараз наведваюць гурткі, што працуюць на базе інстытутаў акадэміі, не страцілі цікавасць да навукі і сваю матывацыю падчас вучобы ў ВНУ, каб яны вярталіся ў акадэмію ўжо ў якасці магістрантаў і аспірантаў і потым заставаліся тут працаваць, — падкрэслівае старшыня Савета маладых навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй ІВАНЕЦ. — Важна не страціць пераемнасць у нашай рабоце. Бо падчас вучобы ў ВНУ энтузіязм у маладых людзей знікае даволі хутка і ўжо прыкладна да трэцяга курса яны вырашаюць для сябе катэгарычна, што навукай займацца не будуць. Таму галоўнае — іх не ўпусціць.

Школа юных даследчыкаў — больш шырокая форма работы, чым проста наведванне заняткаў па тых ці іншых дысцыплінах. Падчас школьных канікул мы плануем правядзенне Дзён адчыненых дзвярэй з наведваннем акадэмічных інстытутаў, навукова-практычных цэнтраў, музеяў і экспазіцый. Таксама запланаваны сустрэчы школьнікаў з вядучымі беларускімі вучонымі.

Усяго будуць дзейнічаць 13 напрамкаў гурткоў: хімічны, археалагічны, біялагічны, фізічны і іншыя... Школьнікі падзелены на дзве ўзроставыя групы — восьмы і дзявяты класы, дзясяты і адзінаццаты. Курыраваць «пачаткоўцаў» будуць маладыя навукоўцы. «Іх асабісты прыклад — найлепшы сродак агітацыі за навуковую кар'еру», — усміхаецца Андрэй Іванец.

Тэарэтычныя заняткі будуць праходзіць у Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў, дзе навучаюцца і магістранты. Школьнікам паабяцалі, што калі іх зацікавіць нейкі спецкурс, які чытаюць магістрантам, то яны могуць спакойна далучацца да старэйшых...

— Кожнаму з вас дапамогуць пабудаваць уласную траекторыю развіцця. Вось так — крок за крокам — вы зможаце рэалізаваць сябе ў сценах акадэміі. Памятайце, што навуку рухае наперад моладзь, здольная захапіць сваімі ідэямі і павесці ўсіх за сабой, — падкрэслівае галоўны вучоны сакратар Акадэміі навук Аляксандр КІЛЬЧЭЎСКІ. — Спадзяёмся, што гэты этап будзе для вас добрай стартавай пляцоўкай для паступлення ў ВНУ, а потым вы прыйдзеце да нас пісаць сваю курсавую і дыпломную работы, кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. Вам у акадэміі спадабаецца і захочацца тут працаваць. Першы крок у патрэбным кірунку вы ўжо зрабілі. І выбар ваш — правільны...

У снежні ў Нацыянальнай акадэміі навук у рамках першага Еўразійскага форуму маладых навукоўцаў пройдзе канферэнцыя маладых навукоўцаў. Адна з яе секцый называецца «Першы крок у навуку». Удзельнікаў Школ юных даследчыкаў запрасілі далучацца да канферэнцыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.