Вы тут

Ці абгрунтаваныя заўвагі Расіі да айчынных прадуктаў харчавання?


Чатыры месяцы рэалізацыі Беларуска-расійскай праграмы маніторынгу якасці і бяспекі харчовых прадуктаў выяўляюць шматлікія факты несумленных, неаб'ектыўных прэтэнзій. Але расслабляцца беларускім вытворцам нельга.


Што не так?

Новую ініцыятыву распачало і плануе працягваць цягам бліжэйшых дзесяці гадоў Еўразійскае агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва. Паводле слоў генеральнага дырэктара агенцтва Аляксандра АЛЬШЭЎСКАГА, прычынай стварэння праграмы маніторынгу якасці паслужыла вялікая колькасць пытанняў з боку кантралюючых органаў Расійскай Федэрацыі да прадуктаў беларускай вытворчасці. Прэтэнзіі былі да якасці, прысутнасці антыбіётыкаў і г.д., што прывяло да масавага спынення паставак на тэрыторыю краіны-суседкі. Цягам мінулага года частка гэтых прэтэнзій ацэньвалася экспертамі і самімі вытворцамі як праява несумленнай канкурэнцыі, як вынік некарэктных даследаванняў, аднак, відавочна, патрэбны больш грунтоўны падыход. Таму і нарадзілася на пачатку гэтага года праграма маніторынгу з трыма кірункамі работы.

Першы з іх — гэта пацвярджэнне якасці і бяспекі беларускіх прадуктаў, якія пастаўляюцца ў Расію. Другі — параўнанне, у тым ліку па цане, беларускіх прадуктаў з іх аналагамі (тымі ж найменнямі) іншых вытворцаў з розных краін, якія прысутнічаюць на расійскім рынку. Трэці кірунак — выяўленне і спыненне фальсіфікатаў сярод беларускіх прадуктаў.

— У першую чаргу быў праведзены маніторынг прадуктаў, вырабленых расійскімі вытворцамі, а таксама ўсімі іншымі, прадстаўленымі на расійскім рынку, акрамя беларускіх, — адзначае Аляксандр Альшэўскі. — Як высветлілася, беларускія прадукты і іх якасць — далёка не самыя небяспечныя з таго, што ёсць на расійскім рынку.

Вынікі праведзеных летась і сёлета экспертыз паказваюць, што каля 60 працэнтаў прадуктаў рознічнага гандлю ў Расіі — гэта сурагат, фальсіфікат ці проста штосьці няякаснае.

Фальсіфікат — каля 70 працэнтаў малочнай прадукцыі (пітное малако — 45 працэнтаў, масла і сыр — больш за 90). Галоўным чынам, малочная сыравіна падмяняецца расліннымі заменнікамі. З найбольш распаўсюджаных каўбасных вырабаў неадпаведнасць формам дзеючага заканадаўства выяўлена ў 100 працэнтах узораў. Адбіраліся, дарэчы, пераважна каўбасы з адзнакай «ГОСТ», аднак мяса ў іх было ад 10 да 50 працэнтаў, астатняе — соя, крухмал, часткі кішэчніка, мочапалавой сістэмы і г.д. Прыкладна такая ж сітуацыя і з мяснымі замарожанымі паўфабрыкатамі (пельменямі, катлетамі і інш.). Гатовыя салаты ў харчовым гандлі ў 90 працэнтах выпадкаў аказваліся небяспечнымі для жыцця і здароўя (былі ў іх і фекальныя забруджванні, і наогул багатая мікробная мікрафлора, якая перавышае ўсякія санітарныя нормы). Мяса птушкі ў 40 працэнтах выпадкаў — нясвежае, з сальманелай, былі і іншыя формы грубага падману спажыўца. Па рыбнай прадукцыі асноўнай прэтэнзіяй было тое, што каля 20 працэнтаў вагі замарожанай прадукцыі складалі снег і лёд у выглядзе так званай глазуры. Сярод даследаваных узораў мяса і рыбы пераважалі перамарожаныя замест ахалоджаных, а гэта азначае, што там на парадак менш карысных амінакіслот, а значыць, і кошт на такі прадукт павінен быць прынцыпова іншым. Былі выяўлены яблыкі, колькасць вітамінаў у якіх зніжана на 90 працэнтаў у параўнанні з нормай. Гародніна, вырашчаная з прымяненнем паскораных тэхналогій, не змяшчала належную колькасць вітамінаў і мінералаў. Хоць сітуацыю з агароднінай, фруктамі, хлебам, макаронамі можна назваць досыць спакойнай.

Вынікі праверак школьнага харчавання паказалі, што ў асобных рэгіёнах Расіі доля фальсіфікатаў складае да 90 працэнтаў. Пры гэтым назіраецца істотнае завышэнне цэн. Нягледзячы на тое, што прадукты набываліся оптам, іх кошт у шэрагу рэгіёнаў аказваўся вышэй за рознічны. Безумоўна, такія выпадкі будуць расследавацца.

Абарона ад прадузятасці

Цяпер жа ў рабоце па праграме знаходзіцца прадукцыя некалькіх дзясяткаў прадпрыемстваў Беларусі — па 2-3 на кожную таварную групу, а такіх груп — дзесяць. Гэта каўбасы і мясныя далікатэсы, прадукты з мяса птушкі, сыры, малако працяглага захоўвання, мясныя кансервы, плодаагароднінныя кансервы, сокі і напоі, кандытарскія вырабы, агародніна і паўфабрыкаты. Пакуль не трапілі морапрадукты, дзіцячае харчаванне і ягады/грыбы. Наўмысна не ўключаліся хлебабулачныя і макаронныя вырабы, паколькі ў гэтым сегменце да беларускай прадукцыі пытанняў не ўзнікала.

Тая ці іншая прадукцыя можа прымаць удзел у даследаванні як па ініцыятыве саміх вытворцаў, зацікаўленых у абароне сваёй рэпутацыі, так і па запыце расійскіх партнёраў, дылераў, пакупнікоў гандлёвых сетак, якія хацелі б убачыць рэальную карціну па сваіх пастаўшчыках. Расійскія аптавікі і гандлёвыя сеткі, дарэчы, занепакоены сітуацыяй нават больш, чым самі беларускія вытворцы. І гэта можна зразумець: спыняецца партыя тавару, яго рэалізацыя, а гэта толькі страты і праблемы.

Нельга, вядома, думаць, што экспертныя ацэнкі, дакументы, сертыфікаты для нашых вытворцаў — незнаёмыя словы. Усё гэта ва ўсіх буйных заводаў даўно ёсць.

А новая праграма маніторынгу прапануе комплексны падыход — прыцягненне не толькі лабараторыі для даследавання, органаў па сертыфікацыі, але і шырокага кола аўтарытэтных экспертаў, прадстаўнікоў дзяржаўных кантралюючых органаў, СМІ, дылераў, дыстрыб'ютараў. Адным словам, розных бакоў, зацікаўленых у абсалютнай празрыстасці ўсёй доследнай работы. Для сумленнага беларускага вытворцы гэта — абарона ад прамой прадузятасці, памылак падчас праверак на тэрыторыі Расіі, несумленнай канкурэнцыі, заказных праверак. Такія суб'ектыўныя фактары — не рэдкасць. Бо па фармальных прыкметах кожны беларускі вытворца праходзіць належныя лабараторныя даследаванні ўнутры нашай краіны, мае пэўны пакет дакументаў, аднак для правяраючай асобы ўсё гэта можа не мець ніякага значэння. У межах праграмы вытворца ўрэшце атрымлівае высновы і сертыфікаты ад кампетэнтных расійскіх лабараторый, незалежных арганізацый, якія могуць складаць процівагу пры любым спыненні нашай прадукцыі на тэрыторыі Расіі.

— Былі выпадкі, калі аптовы пакупнік здымаў прэтэнзіі адносна больш высокага кошту беларускага тавару ў параўнанні з расійскім аналагам, — тлумачыць спадар Альшэўскі. — Пасля атрымання лабараторных даследаванняў прымалася рашэнне аб заключэнні паставак з беларускім пастаўшчыком, паколькі аптавік пераконваўся ў перавагах беларускай прадукцыі па якасці, харчовай і медыка-біялагічнай карыснасці. Такія прэцэдэнты былі з вытворцамі бульбы, плодаагароднінных кансерваў, кандытарскіх вырабаў.

Прадукцыя дастойная, але...

Аднак здаралася, што Рассельгаснагляд меў рацыю адносна павышанай колькасці кансервантаў і антыбіётыкаў у нашых мясных далікатэсах — такія адхіленні паказвалі праведзеныя ў межах праграмы даследаванні. Дарэчы, каўбасныя вырабы застаюцца самымі праблемнымі для нашага боку, і адмахвацца ад гэтага беларускім вытворцам нельга. Між тым некаторыя з іх мяркуюць, што могуць лёгка пераарыентавацца на рынкі іншых краін-суседак. Расія ж тым часам разгортвае новыя імпартазамяшчальныя вытворчасці, у якія прыцягваюцца сур'ёзныя сродкі, і гэтаму неабходна штосьці проціпастаўляць.

— Нас радуе, што ў абсалютнай большасці выпадкаў прадукцыя беларускай вытворчасці дастойная, але, на жаль, гэта не адносіцца да ста працэнтаў прадпрыемстваў, — заўважае начальнік аддзела развіцця мэтавых праграм Еўразійскага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва, каардынатар Беларуска-расійскай праграмы маніторынгу якасці і бяспекі харчовых прадуктаў па Рэспубліцы Беларусь Юрый ЗЫГМАНТОВІЧ. — З іншага боку, самі за сябе кажуць выпадкі трапляння на расійскі рынак падробак, якія пад відам беларускіх прадуктаў выпускаюцца, напрыклад, у Казахстане і Арменіі. Брэнд пры гэтым эксплуатуецца вядомы, а вось знешні выгляд і блізка не падобны да арыгіналу... Беларуская прадукцыя ў большасці сваёй вельмі дастойная, і сумленным вытворцам няма чаго баяцца кантралюючых органаў, якія выконваюць сваю работу. Вядома, мінімальныя неадпаведнасці можна знайсці фактычна па любым прадукце, але вытворцам трэба проста правільна рэагаваць на нейкія змены рынку і самім прымаць меры па абароне і прасоўванні сваёй прадукцыі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Харчовая бяспека пад мікраскопам

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.