Шэраг спецыялістаў выстаўляюць самыя розныя дыягназы: вегета-сасудзістая або нейрацыркуляторная дыстанія, параксізмальная тахікардыя, дыэнцэфальны сіндром, лабірынтыт, пралапс мітральнага клапана, гіпервентылярны сіндром, гіпаглікемія, суправентрыкулярная тахікардыя, сіндром раздражнёнага кішэчніка, перадменструальны сіндром. Абследаванне зацягваецца, «цялеснае» лячэнне не прыносіць ніякага выніку. А ўсё таму, што хворы пакутуе ад панічнага расстройства. Такі дыягназ псіхатэрапеўты пачалі выстаўляць не так даўно.
Паніка — гэта страх, моцная трывога, дыскамфорт. Можна гаварыць аб перажыванні панічнай атакі, калі адчуваеш хаця б чатыры з пералічаных сімптомаў:
— моцнае сэрцабіццё
— патлівасць
— дрыжанне
— нястача паветра
— удушша
— боль у грудзях
— млоснасць або непрыемныя адчуванні ў жываце
— галавакружэнне
— аняменне ці паколванне
— дрыжыкі або прылівы крыві да твару
— адчуванне нерэальнасці навакольных аб'ектаў або сябе самога (рукі нібы чужыя)
— страх страціць кантроль або звар'яцець
— страх смерці.
Сімптомы хутка ўзнікаюць, дасягаюць піку за 10 хвілін і на працягу гадзіны згасаюць.
Паводле слоў урача-псіхатэрапеўта Мінскага гарадскога псіханеўралагічнага дыспансера Наталлі НІКІЦІНАЙ,
хоць бы аднойчы прыступ панікі перажывае на працягу жыцця большасць людзей. Аднак на пачатку 1990-х айчынныя псіхіятры пачалі ўлічваць замежны досвед і ставіць дыягназ «панічнае расстройства», калі размова заходзіць пра чатыры і болей прыступаў на працягу месяца.
Пры паўтарэнні прыступаў развіваецца трывога прадчування. Само чаканне новай атакі пачынае вельмі перашкаджаць штодзённым справам. Паступова хворы звязвае ўзнікненне панікі з пэўнымі сітуацыямі — знаходжаннем у натоўпе, наведваннем магазіна, паездкай у метро, ліфце, чаканнем у дарожным заторы — і ўсяляк імкнецца гэтага пазбягаць: рэдка выбіраецца ў магазін, раскашэльваецца на таксі, ходзіць пешшу. З цягам часу сітуацыя набліжаецца да «хатняга арышту» — немагчыма самастойна схадзіць у краму, дабрацца да працы, выгуляць сабаку. Страх псуе ўвесь жыццёвы расклад і робіць чалавека бездапаможным і прыгнечаным. І гэта ўжо шостая стадыя другаснай дэпрэсіі.
*Найчасцей захворванне пачынаецца да 30 гадоў, нават у падлеткавым узросце.
*Жанчыны пакутуюць у 2-3 разы часцей.
*У сем'ях пацыентаў з панічным расстройствам захворванне сустракаецца ў 3-6 разоў часцей, чым у агульнай масе сем'яў. Дзіця той матулі, якая пакутавала на панічнае расстройства, у далейшым мае больш шансаў захварэць. Генетычны фактар не скідваецца з рахунку.
*Існуе шэраг станаў і захворванняў, якія могуць выклікаць сімптомы, падобныя да панічнай атакі, але гэта не з'яўляецца панічным расстройствам.
*Панічныя сімптомы часта выклікаюць вялікая колькасць кавы, наркатычныя рэчывы, алкаголь.
Псіхатэрапеўт здольны своечасова паставіць правільны дыягназ, прызначыць эфектыўнае лячэнне і знізіць цяжар сімптомаў.
Філасофскі погляд
Панічная атака — гэта не пачатак захворвання, а хутчэй вынік пэўнага ладу жыцця, так бы мовіць, сігнал аб тым, што чалавек жыве няправільна, робіць нешта не тое.
— Жыццё любога з нас можна ўмоўна падзяліць на некалькі сфер, — тлумачыць Наталля Нікіціна. — Наша цела мае патрэбу ў правільным харчаванні, дазаваных фізічных нагрузках, адпачынку і клопаце. Псіхалагічны складнік — гэта сям'я, атмасфера ў ёй, асаблівасці ўзаемаадносін з блізкімі. Сацыяльны — кола знаёмых, супрацоўнікаў, калег па працы плюс дзяржаўны лад. Духоўная фарміруе сэнс нашага жыцця, мэты і задачы, для якіх мы жывём. Энергетычны закранае спосаб атрымання і расходавання жыццёвай энергіі. Неўладкаванасць у любой з гэтых галін уплывае на наш агульны стан. Такое ўяўленне адкрывае шырокія гарызонты для нефармакалагічнага лячэння любога захворвання наогул, у тым ліку і панічнага расстройства.
Правілы паводзін падчас прыступу:
1. Заставайцеся на месцы, не мітусіцеся. Прыступ не пагражае жыццю і пройдзе сам па сабе праз 10-20 хвілін.
2. Дыхайце як мага павольней (да 10 удыхаў у хвіліну). Пачашчанае дыханне ўзмацняе трывогу.
3. Пажадана, каб навакольныя таксама не мітусіліся і дазволілі чалавеку наладзіць павольнае дыханне.
4. Хоць панічнае расстройства — гэта захворванне, аднак паміж прыступамі чалавек не вызваляецца ад адказнасці за сваю паспяховасць у розных галінах і выканання паўсядзённых абавязкаў.
Р.S. У Мінску псіхатэрапеўтычную дапамогу можна атрымаць у гарадскім Цэнтры памежных станаў (вул. Мендзялеева, 4). Тэлефон папярэдняга запісу: 245 61 74.
Святлана БАРЫСЕНКА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.