Вы тут

«Няма нічога больш цікавага, чым пазнаваць людзей»


Пасол Індыі ў Мінску аб складанасцях перакладу, уражаннях пра Беларусь і ўласных захапленнях

Спадар Манодж Кумар Бхарці, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі, вядомы многім студэнтам сталічных універсітэтаў як... лектар. Ён шмат расказвае пра родную краіну, яе культуру і звычаі. На гэтыя лекцыі звычайна ходзяць з задавальненнем, бо там распавядаецца выключна пра цікавыя рэчы. З цягам часу я пераканалася, што гэта далёка не адзіны талент спадара пасла. Дзякуючы яго працы індыйскія інвестары знаёмяцца з магчымасцямі нашай краіны, а прадзюсары балівудскіх фільмаў ужо аднойчы ледзь было не прыехалі ў Мінск на здымкі, але, на жаль, у той раз не атрымалася. Захацелася падрабязней даведацца пра чалавека, які так шмат робіць для таго, каб індыйская культура была блізкая і даступная для беларусаў, а магчымасці і славутасці нашай краіны сталі вядомымі ў Індыі.

На інтэрв'ю мой суразмоўца пагадзіўся практычна адразу. За кубкам гарбаты ён распавёў пра сваё жыццё, уражанні ад працы ў нашай краіне, свае хобі, а таксама пра тое, як ён праводзіць свой вольны час у Мінску.

— Даводзілася бываць на некалькіх вашых прэс-канферэнцыях. Вы заўсёды падрабязна распавядалі пра агульныя сферы інтарэсаў Беларусі і Індыі. А цяпер раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе, сваю сям'ю, пра жыццё, якое папярэднічала прызначэнню паслом Індыі ў нашай краіне?

— Я прыехаў у Беларусь у 2011 годзе, працую тут ужо на працягу больш чым трох гадоў. Да гэтага ад індыйскага Міністэрства замежных спраў мяне пасылалі з дыпламатычнымі місіямі ў розныя месцы: быў у Іране, Галандыі, Бангладэш, Непале, Турцыі, Бірме... Пасля Бірмы я на два гады вярнуўся ў Індыю, каб потым адправіцца ў Беларусь.

Па адукацыі я інжынер, вывучаў электронную інжынерыю ў лепшых каледжах Індыі, а таксама ў Індыйскім тэхнічным інстытуце ў горадзе Канпуры. У 1989 годзе я ажаніўся, і ў мяне ёсць два сыны. Адзін з іх нарадзіўся ў 1990-м, другі — у 1991 годзе. Абодва ўжо скончылі каледж і працуюць.

— Нягледзячы на тое, што ў вас тэхнічная адукацыя, вы валодаеце многімі мовамі... Наколькі складана было вывучаць іх?

— Вывучэнне моў — гэта маё хобі. Так, ва ўніверсітэце вывучаў рускую і нямецкую мовы. У 1997-1998 гадах, калі я быў у Дэлі, то таксама наведваў курсы французскай.

Я вывучаю не толькі замежныя мовы. Як вы ведаеце, у Індыі 22 афіцыйныя мовы. Таму я вывучыў некаторыя з іх — напрыклад, бенгалі, урду і іншыя.

Калі я прыязджаю працаваць у новую краіну, то спрабую на працягу 6-8 месяцаў вывучаць мову гэтай дзяржавы. Я вывучаў турэцкую мову, непалі, бірманскую мову...

Складана вывучыць адну мову, але калі ў вас ёсць жаданне займацца гэтым, то такое баўленне часу вельмі карыснае, яно развівае вас. Напрыклад, для мяне вывучэнне моў не з'яўляецца першачарговай мэтай. Я рабіў і раблю гэта, каб убачыць, як яны звязаны адна з адной, як узаемадзейнічаюць.

— Як часта вы карыстаецеся рускай мовай у нашай краіне?

— Я вывучаў яе яшчэ ва ўніверсітэце, але, можна сказаць, зараз зноў перавучваю, бо з таго часу прайшлі гады. Хоць я і не гавару пакуль па-руску свабодна, але добра разумею. Паступова пазбаўляюся ад акцэнту. У цэлым, мне падабаецца, як я размаўляю цяпер на рускай мове.

Рускай мовай я карыстаюся, калі трэба нешта спытаць, удакладніць, ці калі чалавек не разумее па-англійску. Нядаўна я таксама пачаў выступаць з невялікімі дакладамі на рускай мове. Праўда, для гэтага мне неабходна папярэдне падрыхтавацца, напісаць сваю прамову. Але, відаць, пакуль выступіць на рускай мове адразу з трыбуны без падрыхтоўкі ў мяне не атрымаецца.

— Як наконт таго, каб заняцца вывучэннем і беларускай мовы?

— Што тычыцца беларускай мовы, то зараз у мяне няма дастаткова часу для гэтага, паколькі я ўдасканальваю рускую. Я чуў беларускую мову на афіцыйных цырымоніях. Тады я адзначыў, што яна вельмі адрозніваецца ад рускай. Некаторыя словы супадаюць, але большасць — зусім іншыя.

— Параўноўваючы Беларусь, невялікую па тэрыторыі, не вельмі густанаселеную, з Індыяй, што вам хочацца адзначыць у першую чаргу? Ці не шкадуеце вы, што вас прызначылі паслом менавіта ў нашай краіне?

— Мне не шкада, што я пасол у Беларусі. Наадварот, я вельмі гэтаму рад. Магчыма, Беларусь невялікая краіна, але для Індыі важны патэнцыял, які можна развіць з гэтых адносін. За апошнія тры гады мы правялі шмат работы. Можа быць, яна і не навідавоку, але я спадзяюся, што ў будучыні гэтыя вынікі будуць прыкметнымі.

Я сапраўдны абаронца Беларусі — заўсёды пераконваю індусаў прыехаць сюды.

Калі я ўпершыню прыехаў у Беларусь, то ў першую чаргу мяне прыцягнула прыгажосць прыроды і чысціня беларускіх гарадоў, навакольнага асяроддзя. Яшчэ тут вельмі прыгожыя, ветлівыя і адукаваныя людзі. Сацыяльная сістэма працуе выдатна. Парадак, чысціня і прыгажосць — гэта кідаецца ў вочы не толькі мне, але і ўсім індусам, якія ўпершыню прыехалі ў Беларусь.

23-19(1)

— Якія мясціны ў нашай краіне вам спадабаліся, здзівілі?

— Я пабываў у многіх беларускіх рэгіёнах. Цяпер імкнуся прыцягваць індыйскіх турыстаў у Беларусь, бо паглядзець тут ёсць на што.

Думаю, індыйскім турыстам варта ўбачыць Мірскі і Нясвіжскі замкі і правесці адзін-два дні ў Белавежскай пушчы. Таксама я б раіў наведаць Навагрудскі замак, Дудуткі, агратурыстычны комплекс «Каробчыцы» пад Гродна, пабываць на беларускіх азёрах... Яшчэ мне вельмі спадабаўся Полацк — яго старыя будынкі, старыя вуліцы. Акрамя таго, раю землякам таксама пабываць у Салігорску, у шахтах, дзе здабываюць калійныя ўгнаенні. Для мяне гэта стала цудоўным вопытам, які падарыў проста незабыўныя ўражанні!

— Раскажыце, як праходзіць дзень пасла? Ці застаецца ў вас час для таго, каб бліжэй пазнаёміцца з культурай, гісторыяй нашай краіны?

— Што тычыцца штодзённай руціннай працы, то яна падобная на працу многіх людзей. Прачынаюся ў 6-7 раніцы, да 9 прыходжу ў офіс. Па вечарах у мяне часам ёсць вольны час, і я трошкі гляджу тэлевізар, часам наведваю афіцыйныя мерапрыемствы...

Адзначу, што работа пасла — гэта не толькі развіццё палітычных і эканамічных сувязяў паміж краінамі. Вялікую ролю адыгрывае і культурны аспект. Няма нічога больш цікавейшага, чым пазнаваць людзей, асабліва студэнтаў універсітэтаў. Я чытаў шмат лекцый у розных беларускіх навучальных установах аб Індыі — пра розныя аспекты жыцця ў нас, пра нашу культуру, філасофію. Мы таксама арганізуем вялікую колькасць культурных праграм, у тым ліку і музычных. У хуткім часе ў Мінску і Брэсце пройдуць канцэрты класічнай музыкі, арганізаваныя нашым пасольствам.

— Наколькі мне вядома, вы любіце чытаць. А якія кнігі вашы любімыя? Якой літаратуры вы аддаяце перавагу?

— Сапраўды, я люблю чытаць, але гэта вельмі спецыфічныя кнігі. Я вельмі цікаўлюся навукай і філасофіяй і тым, як яны звязаны паміж сабой. Калі вы хочаце, каб я параіў вам некаторыя з гэтых кніг, то гэта будзе «Манах, які прадаў «ферары» Робіна Шармы. Што тычыцца мастацкай літаратуры, то нядаўна я прачытаў кнігі Дэна Браўна, і мне яны спадабаліся. Зараз я чытаю кнігу амерыканскага журналіста, якая называецца «Вайна зданяў». Дзеянне яе пачынаецца тады, калі савецкія войскі выйшлі з Афганістана, і заканчваецца ў 2001-м, калі былі ўзарваны вежы-блізняты ў Нью-Ёрку. У кнізе распавядаецца пра тое, як у 1980-я мянялася палітыка Афганістана, як зарадзілася «Аль-Каіда». Гэта цудоўны твор.

— Як у нашай краіне вы бавіце вольны час?

— Шукаю кампанію для гульні ў брыдж, у тым ліку і сярод прадстаўнікоў дыпламатычных колаў. Праўда, не вельмі часта. Таксама мне прыносіць асалоду гульня ў гольф. Часам я прысвячаю свой вольны час індыйскай філасофіі, навуцы, чытаю пра гэта лекцыі ў розных універсітэтах. Яшчэ мне падабаецца музіцыраваць.

Акрамя ўсяго гэтага, я люблю глядзець кіно, што і раблю даволі часта. У Мінску я не хаджу ў кінатэатры, таму што ўсе фільмы ідуць на рускай мове. Я магу іх зразумець, а вось мая жонка — не. Таму я звычайна гляджу фільмы на камп'ютары ці DVD-прайгравальніку. Ёсць шмат фільмаў, якія я люблю. З новых мне спадабаліся фільмы «Атэль Будапешт» і «Змешаныя» (з Адамам Сэндлерам і Дру Бэрымар). Таксама мне вельмі падабаецца мультыплікацыйны фільм «Непараўнальны містар Фокс».

— Калі ваша дыпламатычная місія ў нашай краіне скончыцца, ці будзеце вы сюды вяртацца як турыст?

— Калі буду дзесьці ў суседніх краінах, то, вядома ж, я заеду. Праўда, раней у мяне не атрымлівалася вяртацца другі раз у тую краіну, дзе я ўжо бываў. З іншага боку, свет досыць вялікі і ёсць шмат месцаў, якія хацелася б наведаць.

Скажу, што я сапраўдны абаронца Беларусі, — заўсёды пераконваю індусаў прыехаць сюды. Таксама я хацеў бы, каб сюды прыехала індыйская кінаіндустрыя — людзі паглядзяць фільм і захочуць убачыць тыя мясціны, дзе ён быў зняты. А ўсе, хто пабываў тут, улюбляюцца ў гэтую краіну!

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.