Вы тут

На подступах да Лагойска


Амаль месяц гітлераўцам не ўдавалася прарваць абарону савецкіх войск.

Шмат слаўных старонак упісалі ў летапіс перамогі абаронцы Айчыны на пачатку вайны. Адна з іх — абарона Лагойска ў ліпені 1941 года. На гранітных плітах мемарыяльнага комплексу, што на Паненскай Гары ў Лагойску, выбіты прозвішчы салдат, якія загінулі пры абароне горада. Хто яны, адкуль родам, як тут апынуліся — пра гэта нам, іх нашчадкам, неабходна ведаць і памятаць.

[caption id="attachment_96710" align="alignnone" width="600"]19-81 Рэчы, знойдзеныя на месцы баёў пад Лагойскам.[/caption]

Каб зразумець, як адбывалася абарона Лагойска, трэба ўзгадаць баявыя дзеянні ў чэрвені 1941-га пад Мінскам. Згодна з планам нямецкага камандавання, танкавыя групы Гота і Гудэрыяна павінны былі замкнуць кальцо акружэння за сталіцай Беларусі. На поўнач ад горада, на кірунку Радашковічы — Заслаўль, наносіў удар 39-ы танкавы корпус Гота. 64-я дывізія палкоўніка Іяўлева заняла абарону на ўсход мястэчка Радашковічы, па лініі Чырвонае — Заслаўль — Рогава. На правым флангу дывізіі, направа ад дарогі Радашковічы — Астрашыцкі Гарадок, абараняўся 288-ы стралковы полк падпалкоўніка Рыгора Кучмістага.

Пачынаючы з 25 чэрвеня, тут праходзілі вельмі цяжкія баі. Пасля шматлікіх атак з прымяненнем танкаў немцам удалося прабіць абарону 64-й дывізіі. 288-ы стралковы полк аказаўся адрэзаным ад асноўных сіл дывізіі, пазбавіўся сувязі і забеспячэння боепрыпасамі і, каб пазбегнуць акружэння, быў вымушаны адыходзіць разам з артылерыяй у бок Лагойска. На паўночным напрамку Мінск абараняла 100-я дывізія генерала Івана Русіянава. Дывізія заняла пазіцыі каля Астрашыцкага Гарадка на мясцовасці, дзе раней праводзіла адпрацоўку баявых дзеянняў.

Прарваць абарону савецкіх войск гітлераўцам не ўдалося. Чырвонаармейцы прымянілі супраць ворага бутэлькі з бензінам — вялікая колькасць нямецкіх танкаў была ахоплена полымем. 27 чэрвеня генерал Русіянаў загадаў дывізіі перайсці ў наступленне. 331-ы полк наступаў злева ад Астрашыцкага Гарадка. З баямі прайшоў 14 кіламетраў і выйшаў да вёскі Вяча. Тым часам немцы распачалі контратаку з раёна вёскі Беларучы. Батальёны капітана Максіма Старкова і капітана Васіля Бабія адбівалі атакі немцаў, але боепрыпасаў катастрафічна не хапала. У канцы дня немцы пераразалі дарогу на Мачаны, і гэтыя два батальёны 331-га палка трапілі ў акружэнне. Яны аказаліся адрэзанымі ад дывізіі, якая па загадзе адышла ў раён Волмы. Пасля абеду 28 чэрвеня гітлераўцы ўвайшлі ў Мінск.

Вайскоўцы, якім пашчасціла выбрацца з акружэння, аб'ядналіся пад камандаваннем капітана Бабія. Па інфармацыі разведчыкаў, адзіным шляхам для прарыву быў напрамак Лагойска. Ноччу зборны батальён па лесе выйшаў на дарогу Мінск — Лагойск і да раніцы 30 чэрвеня быў у раённым цэнтры. Там ужо знаходзіўся 288-ы полк падпалкоўніка Рыгора Кучмістага. Тым часам пад Плешчаніцы адышла 50-я дывізія генерал-маёра Васіля Еўдакімава, якая да гэтага вяла баі пад Маладзечнам і Вілейкай. Генерал Еўдакімаў перападпарадкаваў сабе 288-ы полк і загадаў Кучмістаму заняць абарону перад Лагойскам.

Па распрацаваным плане 288-ы полк абараняў заходні напрамак непасрэдна перад Лагойскам, а батальён Бабія адказваў за мінскі напрамак. Атрымаўшы боепрыпасы і харчаванне, апошні заняў абарону на дарозе Мінск — Лагойск. Размясціліся на ўскраіне лесу паміж вёскамі Астрошыцы і Чудзенічы, каля павароту з асноўнай дарогі на вёску Мішкавічы. Сёння гэтай вёскі не існуе: у 1943 годзе яе спалілі фашысцкія карнікі.

Пасля разведкі немцы сталі атакаваць пазіцыі батальёна — пачаўся бой. Чырвонаармейцы сустрэлі ворага моцным агнём, батальён утрымліваў свае пазіцыі. Нічога не дабіўшыся, немцы выклікалі артылерыю.

Вось як запомніў тыя падзеі жыхар Астрошыц Мікалай Жалабковіч: «...Немцы ішлі з Астрашыцкага Гарадка і падышлі да лесу. Потым праехала разведка на матацыклах з каляскай. Нашы іх там пабілі. Пачаўся бой. Немцы бачылі, што не могуць прайсці. Тады зацягнулі на ўзгорак гарматы і пачалі абстрэльваць лес каля павароту на Мішкавічы — там стаялі савецкія салдаты. Снарады праз нашу вёску ляцелі, а яны не адказвалі: відаць, няма чым было страляць, гармат не было...».

Сапраўды, на ўзбраенні зборнага батальёна былі толькі вінтоўкі і кулямёты. Таццяна Шавель, якая жыла тады ў Астрошыцах, успамінае: «...У лесе паміж Чудзенічамі і Астрошыцамі былі нашы салдаты. Немцы ведалі пра гэта. Яны стралялі па лесе, снарады ляцелі праз нашу хату і там ірваліся. Усё гуло вакол. Тата нас усіх вывеў на вуліцу і парассаджваў па адным, каб усім разам не загінуць. Потым стала ціха. Пад вечар прыйшлі нашы салдаты і спыталі медыкаў. Мой тата быў фельчарам, з ім акушэрка працавала. Вось мы і пайшлі ў лес, і я з імі. Там страх колькі было пабітых. Адзін салдат мёртвы ляжаў каля дрэва. На яго грудзях была фотакартка — на ёй жанчына і двое дзетак... Аказалі параненым дапамогу, усіх цяжкіх увечары адправілі ў Астрошыцы. Некаторых перапранулі і на падводах уначы павезлі ў Лагойск, у бальніцу. Мёртвых пахавалі там жа, у лесе».

Да Лагойска параненыя не даехалі: там ужо былі немцы. Каб не трапіць у акружэнне, Бабій загадаў пакінуць пазіцыі і адыходзіць у бок Барысава. Рухаючыся па прасёлкавых і лясных дарогах, 18 ліпеня 1941 года чырвонаармейцы выйшлі да сваіх у раёне Смаленска. У гэты ж час 288-ы полк заняў абарону перад Лагойскам, перарэзаўшы ўсе асноўныя дарогі, якія вялі ў райцэнтр.

Адразу заняць Лагойск у гітлераўцаў не атрымалася. Доўга працягваўся жорсткі бой, некалькі атак адбілі чырвонаармейцы. Пакуль былі боепрыпасы, нягледзячы на страты, полк утрымліваў пазіцыі. Гэта стала немагчымым, калі ў небе з'явілася нямецкая авіяцыя. Уцалелыя пасля бою чырвонаармейцы вымушаны былі адступіць у лясы Лагойска. Гітлераўцы занялі раённы цэнтр. На доўгія тры гады Лагойшчына апынулася ў акупацыі.

Жыхар вёскі Малінаўка Філіцыян Загорскі быў сведкам тых падзей: «Немцы ішлі з Лагазы, а нашы вырылі акопы пад Лагойскам. Па гары, якая звалася Плітніца, арганізавалі абарону. Там, дзе зараз стаяць помнікі, былі акопы. Немцы наступалі па лагазінскай дарозе: і браневікі, і танкі, і салдаты ішлі. Многа тут паклалі нашых салдат: яны каля дубоў пахаваны».

Сёння пра абарону Лагойска нагадваюць абеліскі, якія знаходзяцца на месцах былых баёў, недалёка ад дарогі Мінск — Віцебск. Але мінулае час ад часу нагадвае пра сябе. Вясной 2008 года падчас правядзення рэканструкцыі гэтай дарогі бульдозер нечакана вывернуў на паверхню зямлі скрыню з боепрыпасамі. Салдаты з 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна, якія выехалі на месца, паднялі з зямлі астанкі чалавечых целаў, боепрыпасы, фрагмент кулямёта «Максім» з заеўшым патронам, чаравікі з абмоткамі, кацялкі, пляшкі і іншыя прадметы. Самымі каштоўнымі знаходкамі сталі эбанітавыя капсулы, у якія салдаты звычайна ўкладвалі свае асабістыя даныя. На гэты раз яны не былі пустымі.

Высветлілася, што ў складзе кулямётнага разліку ваявалі салдаты з Кардымаўскага раёна Смаленскай вобласці Яўген Міхайлавіч Івашкаў (1915 г. н.), Васіль Канстанцінавіч Валасянкоў (1912 г. н.), а таксама ўраджэнец вёскі Валошкава Ягор'еўскага раёна Маскоўскай вобласці Сяргей Андрэевіч Сураў (1912 г. н.). Усе яны лічыліся зніклымі без вестак. Адразу ж да пошукаў сваякоў загінулых салдат далучыліся лагойскія журналісты.

— Вялікая ўдача, што знайшлі медальёны з запіскамі, — расказвае Ірына Станкевіч. — Гэта дазволіла раённым уладам Лагойшчыны перапахаваць астанкі герояў на могілках горада не як безыменных салдат, а з імёнамі на абелісках. У выніку пошукаў знайшліся сваякі Валасянкова і Сурава. Пазней разам з сынам і пляменніцай наведала Лагойск дачка Івашкава. Прызнацца, былі трывога і сумненні: раптам Яўгенія Яўгенаўна захоча павезці з сабой астанкі бацькі? Але жанчына разважыла так: «Шэсцьдзесят сем гадоў бацька ляжаў у вашай зямлі. Яна зараз для яго не меней родная, чым смаленская. Побач з ім — яго таварышы. Тыя, на якіх ён разлічваў у цяжкую хвіліну...».

Зусім нядаўна высветлілася, што і ў іншых загінулых салдат былі медальёны. Як сцвярджае мясцовая жанчына, якая жыла тады ў Малінаўцы, яе бацька прынёс з месца пахавання салдат шмат медальёнаў і дзесьці схаваў, збіраючыся захаваць іх да вызвалення. Але ў лютым 1943 года ён быў расстраляны немцамі за сувязь з партызанамі, а месца захоўвання капсул з тых часоў невядомае. Будзем спадзявацца, што і гэтая таямніца калісьці адкрыецца.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ, фота аўтара

г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.