Вы тут

Каб заўтра не памерла ніколі


Імя Ефрасінні Савельеўны Зяньковай залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю роднай Беларусі. Герой Савецкага Саюза, ганаровы грамадзянін горада Віцебска — яна заслужыла гэтыя званні бескампраміснай барацьбой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Патрыётка згуртавала вакол сябе для сумеснай барацьбы з ворагам такіх жа юнакоў і дзяўчат з найбліжэйшых вёсак у Обальскую падпольную камсамольскую арганізацыю «Юныя мсціўцы», стаўшы яе сакратаром. На рахунку адважных камсамольцаў — дзясяткі дыверсій. Так падпольшчыкі помсцілі фашыстам за сваю параненую зямлю.

19-7

Фруза Зянькова нарадзілася ў вёсцы Ушалы Сіроцінскага (цяпер Шумілінскага) раёна ў сялянскай сям'і. Бацькі яе былі малапісьменнымі, але ўсяляк падтрымлівалі імкненне сваіх дзяцей да вучобы. Брат Мікалай стаў трактарыстам, а Фруза пасля заканчэння сельскай сямігодкі паступіла ў Віцебскую школу ФЗН швейнікаў. Пасля працавала на швейнай фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі». У ліку найлепшых работніц была накіравана на вучобу ў швейна-тэкстыльны тэхнікум. Паспела скончыць толькі першы курс, як пачалася вайна. Паспрабавала з групай навучэнцаў прабрацца за лінію фронту, каб стаць байцом Чырвонай Арміі. Але зрабіць гэта не атрымалася. Давялося вяртацца дамоў.

У вёсцы Ушалы Фруза з сяброўкай Валянцінай Шашковай хавалі параненага чырвонаармейца Фёдара Пялюгіна, даглядалі яго. Пра гэта дазналіся фашысты. Байца схапілі, прывязалі да аўтамашыны і волакам прыцягнулі ў Обаль. Пакутніцкая смерць салдата глыбока ўразіла дзяўчат, і яны пакляліся помсціць фашыстам.

У арганізацыю «Юныя мсціў-цы» ўвайшлі 38 юнакоў і дзяўчат. Усе яны былі залічаны ў партызанскі атрад імя Варашылава брыгады імя Леніна. Нядаўнія школьнікі, што сталі падпольшчыкамі, забяспечвалі жыхароў навакольных вёсак і станцыі Обаль партызанскімі лістоўкамі. Дзякуючы камсамольцам партызаны ведалі аб размяшчэнні агнявых кропак ворага, перамяшчэнні транспарту па чыгунцы і шашы, аб перадыслакацыі войск. Адважныя мсціўцы амаль кожную ноч здзяйснялі дыверсіі на варожых аб'ектах. Яны спалілі масты на шашы Віцебск — Полацк ля вёсак Ферма і Крупеніна, адправілі на той свет зондэрфюрэра СС і трох афіцэраў, якія яго суправаджалі, залажыўшы міну запаволенага дзеяння ў аўтамабіль. Пазней узарвалі станцыйную вадакачку, арганізавалі дыверсіі на льнозаводзе, электрастанцыі, кірпічным заводзе, у камендатуры.

Былы камісар партызанскага атрада імя Варашылава брыгады імя Леніна Барыс Маркіянаў успамінаў: «Кіраўніком падпольнай маладзёжнай арганізацыі была выбрана менавіта Фруза, таму што да таго часу выканала дзясяткі адказных і складаных заданняў, зарэкамендавала сябе выдатным арганізатарам і заслужана карысталася аўтарытэтам сярод таварышаў. Патрыётка, нягледзячы на смяротную небяспеку, кожныя два дні прыносіла ў атрад разведвальную інфармацыю, якую атрымлівала ад Мікалая Аляксеева і Ніны Азолінай, аб руху варожых эшалонаў на фронт і з фронту, характары грузаў».

Зямля гарэла пад нагамі акупантаў. А падпольшчыкі доўгі час заставаліся няўлоўнымі. Толькі пры дапамозе правакатара фашысты натрапілі на след патрыётаў. У канцы лета 1943 года амаль усе былі арыштаваны, а восенню пасля жорсткіх катаванняў і здзекаў расстраляны, не выдаўшы тых, хто застаўся на волі. Толькі дзякуючы шчасліваму выпадку не трапіла ў лапы фашыстаў Фруза. Яна вярталася з задання з Полацка (вазіла туды міны), а Аркадзь Барбашоў, які пазбег арышту, здолеў папярэдзіць яе. Акупанты, не знайшоўшы Фрузы, як заложніц арыштавалі, а потым расстралялі яе маці і цётку.

Вярнулася з вайны Ефрасіння Савельеўна з падарваным здароўем і параненай душой. Пасля вызвалення Віцебска была на камсамольскай рабоце ў Чыгуначным райкаме камсамола. Выйшаўшы па стане здароўя на пенсію, доўгі час працавала ў гарваенкамаце. Нарадзіла і выхавала дачку Святлану, якая стала ўрачом. А кім будзе ўнучка Вікторыя, даведацца не паспела: цяжкая хвароба скасіла Ефрасінню Савельеўну ў 1984-м у 60-гадовым узросце...

«Маё шчасце ў тым, што я здолела прайсці, не спатыкнуўшыся, па цяжкіх дарогах жыцця, усім смерцям назло, перажыць вайну, убачыць сваімі вачыма пераўтвораную, залечаную ад ран родную зямлю, убачыць сонечнае дзяцінства сваёй дачкі Святланы, — гаварыла Ефрасіння Савельеўна ў адным з інтэрв'ю. — Я шчаслівая і ад усведамлення таго, што мне ёсць на што азірнуцца, што для сённяшняй радасці дачкі, для сённяшніх усмешак усіх нашых дзяцей нешта зрабіла і я».

Ефрасіння Савельеўна была камунікабельным, даступным чалавекам, нягледзячы на высокія званні. Яе акружалі шматлікія сябры. І цяпер, у дзень яе нараджэння ля магілы збіраюцца людзі, успамінаючы яе гераічныя справы, ускладаюць кветкі. Яна рабіла ўсё, каб заўтра не памерла ніколі...

Таццяна КУЗЬМІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.