28 верасня, панядзелак

Вы тут

Лёгкаатлеты краіны адзначаны спецыяльнымі ўзнагародамі


Вось ужо другі год запар вынікі мінулага сезона федэрацыя лёгкай атлетыкі падводзіць ва ўрачыстай абстаноўцы, вылучаючы самых лепшых спартсменаў і трэнераў. Для гэтага заснавана спецыяльная ўзнагарода — «Атлетыка», яна ўручаецца ў розных узроставых катэгорыях і акрамя арыгінальнай статуэткі прадугледжвае грашовую прэмію ад федэрацыі.


Урачыстая цырымонія прайшла ў адным са сталічных рэстаранаў, спартсменкі надзелі вячэрнія сукенкі і ўсталі на абцасы, а прадстаўнікі моцнага полу змянілі спартыўныя касцюмы на элегантныя. Сёлета, мабыць, цырымонія была пазбаўлена інтрыгі: пра тое, хто стане найлепшым, здагадваліся як прадстаўнікі СМІ, так і самі намінанты. Але, нягледзячы на гэта, усе былі ў добрым настроі, што надавала вечару святочную атмасферу.

Кіраўнік федэрацыі Вадзім Дзевятоўскі ў прывітальным слове адзначыў, што 2015-ты стаў паспяховым для беларускай лёгкай атлетыкі. «Дзякуй за сумленную, шчырую працу. Нам ёсць чым ганарыцца, і хацелася б пажадаць працягнуць працу ў тым жа тэмпе», — адзначыў ён.

Пераможцаў у кожнай намінацыі выбіралі самі члены федэрацыі, і найбольшую цікавасць, вядома, выклікала абсалютная ўзроставая катэгорыя. У ёй пераможцай сярод жанчын прадказальна стала Марына Арзамасава. Яна, дарэчы, другі год запар прызнаецца найлепшай спартсменкай краіны. У мінулым сезоне Арзамасава выйграла залаты медаль на чэмпіянаце свету ў Пекіне ў бегу на 800 м, што стала самым лепшым дасягненнем сярод беларускіх спартсменаў, якія прымалі ўдзел у сусветным форуме.

— Я старалася, шмат працавала, каб стаць найлепшай не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Адно з другога выцякае. Мне вельмі прыемна, што наша з трэнерам праца высока ацэньваецца. У мінулым годзе ўсё склалася так, як трэба. Патрэбныя людзі апынуліся ў патрэбным месцы менавіта тады, калі гэта было неабходна, — адзначыла Марына.

Сярод мужчын у гэтай намінацыі найлепшым быў названы Аляксандр Ліннік. У 2015 годзе на камандным чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў Чэбаксарах ён стаў уладальнікам бронзавай узнагароды ў бегу на 400 м і пабіў нацыянальны рэкорд (45,43 сек.), які трымаўся больш за 30 гадоў.

Найлепшым трэнерам у мужчын прызнаны Аляксандр Сідарук, у жанчын — Наталля Духнова. Спецыяльнай узнагародай «Прарыў года» была адзначана Аліна Талай, якая стала бронзавай прызёркай чэмпіянату свету ў бегу на 100 метраў з бар'ерамі.

У іншых намінацыях перамаглі:

Катэгорыя «Юнакі»:

найлепшая спартсменка — Віялета Скварцова (скачкі ў даўжыню);

найлепшы спартсмен — Глеб Жук (кіданне дыска);

найлепшы трэнер — Васіль Капцюх.

Катэгорыя «Юніёры»:

найлепшая спартсменка — Эльвіра Герман (60 м/100 м з бар'ерамі);

найлепшы спартсмен — Максім Андралойць (шматбор'е);

найлепшы трэнер — Віктар Мяснікоў.

Катэгорыя «Моладзь»:

найлепшая спартсменка — Алена Собалева (кіданне молата);

найлепшы спартсмен — Аляксандр Казлоўскі (кіданне кап'я);

найлепшы трэнер — Людміла Кунац.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Яны сталі найлепшымі

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.