Вы тут

Як запаліць агонь любові да навукі?


Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па эканамічных пытаннях Кірыл РУДЫ. Першы намеснік міністра эканомікі нашай краіны Аляксандр ЗАБАРОЎСКІ. Начальнік упраўлення інфармацыі Міністэрства замежных спраў, прэс-сакратар Дзмітрый МІРОНЧЫК. Дырэктар навуковай установы «Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны», кандыдат фізіка-матэматычных навук Андрэй КУЗЬМІН. Кіраўнік кампаніі «ЯндексБел» Аляксей СІКОРСКІ. Шматразовы чэмпіён сусветных спаборніцтваў па праграмаванні (і сярод школьнікаў, і сярод студэнтаў, і сярод найбуйнейшых ІТ-карпарацый) Генадзь КАРАТКЕВІЧ. Як вы думаеце, што агульнага паміж гэтымі людзьмі?


Ліцэісты БДУ, якія ўдзельнічалі ў Жаўтыкаўскай алімпіядзе школьнікаў па матэматыцы, фізіцы  і інфарматыцы, — стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

На ўрачыстым сходзе, прысвечаным 20-годдзю стварэння спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, стала вядома, што ўсе яны ў розныя гады станавіліся стыпендыятамі і лаўрэатамі фонду. А ўсяго за 20 гадоў дзейнасці фонду яго ўзнагародамі былі адзначаны больш за 30 тысяч навучэнцаў і студэнтаў. І калі б са сцэны паспрабавалі расказаць пра дасягненні кожнага з іх, то не хапіла б і цэлага месяца...

Ідэя стварэння фондаў па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі нарадзілася ў няпросты для нашай краіны час. У сярэдзіне 1990-х заняткі навуковымі даследаваннямі і творчасцю станавіліся ўсё менш прэстыжнымі. А найлепшыя выпускнікі ВНУ імкнуліся з'ехаць працаваць за мяжу. Сёння стыпендыяты і лаўрэаты фонду, якія дасягнулі высокіх вяршынь у сваёй кар'еры, канстатуюць, што прызнанне іх заслуг у самым пачатку жыццёвага і прафесійнага шляху стала істотнай падтрымкай, моцным стымулам і нават штуршком для ўпэўненага руху наперад.

— Для мяне, напрыклад, стыпендыя фонду адкрыла калісьці магчымасць для наведвання гістарычных архіваў у Расіі і іншых краінах, — расказвае першы прарэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, доктар гістарычных навук, дацэнт Дзмітрый ЛАЎРЫНОВІЧ.

Кірыл Руды правёў паралель паміж стыпендыятамі прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адоранай моладзі і героямі казкі Андэрсена пра свечку: «Толькі калі свечку запалілі, усе ўбачылі, якая яна прыгожая. Таксама і з маладымі людзьмі: трэба запаліць у іх агонь, каб ён свяціў і іншым...»

Званне стыпендыята і лаўрэата прэзідэнцкага фонду — гэта не проста ўзнагарода, а знак таго, што дзяржава бярэ на сябе адказнасць за далейшае прафесійнае станаўленне маладога таленту — школьніка або студэнта. Лёс кожнага лаўрэата ўважліва адсочваецца і пасля яго ўступлення ў дарослае жыццё. Гэта робіцца для таго, каб стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі асобы з найбольшай карысцю для краіны. Маладым людзям аказваецца падтрымка ў выбары працоўнага месца, у вырашэнні жыллёвых і іншых матэрыяльных праблем, а таксама ў пытаннях, звязаных з іх станаўленнем у жыцці.

Старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта, рэктар Белдзяржуніверсітэта акадэмік Сяргей АБЛАМЕЙКА адзначыў, што школьнікі і студэнты заахвочваюцца за дасягненні па самых розных напрамках: ад інфармацыйных тэхналогій да матэматыкі або медыцыны. Не менш важныя і гуманітарныя навукі. Сяргей Абламейка паведаміў, што калі па першым часе дзейнасці фонду заахвочваліся цягам года некалькі сотняў чалавек, то ў апошнія гады іх колькасць штогод перавышае 2300 чалавек.

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Запаліць агонь...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.