Вы тут

Машынабудаўнікі выпусцяць акцыі?


На пасяджэнні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты спецыялісты ў сферы біржавога гандлю навучалі айчынныя кампаніі зарабляць у час нестабільнасці рынкаў. Прадстаўнікі беларускіх прадпрыемстваў атрымалі магчымасць пазнаёміцца з тым, як падрыхтоўваць і ажыццяўляць ІPO (Initial Publiс Offering) — першы публічны продаж акцый акцыянернага таварыства на міжнародных гандлёвых пляцоўках. Эксперты не абышлі бокам тэмы сучасных тэндэнцый у развіцці інстытутаў фондавага рынку, механізмы ўзаемадзеяння з біржамі, дэпазітарнымі банкамі, аўдытарскімі і юрыдычнымі кампаніямі, інвестарамі.


На мерапрыемстве прысутнічалі спецыялісты амерыканскіх кампаній у галіне аказання паслуг ІPO, прадстаўнікі лонданскай фондавай біржы і маскоўскай міжбанкаўскай валютнай біржы. Сярод беларускіх прадпрыемстваў, якія зацікаўлены ў тым, каб выйсці на міжнародныя рынкі акцый, каля 50 кампаній. Гэта найперш айчынныя машынабудаўнікі: Амкадор, БелАЗ. Таксама Белтэлекам і шэраг інфраструктурных кампаній.

Намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч адзначыў, што гэта ўжо не першы семінар. Беларускі бізнес ўсё больш цікавіцца выхадам на сусветныя рынкі акцый. І гэта заканамерна, бо наша краіна з'яўляецца ўладальнікам прамысловых флагманаў — сусветна вядомых брэндаў.

«Рашэнне кампаніі стаць публічнай нясе не толькі выгады, але і пэўныя рызыкі. Выхад на сусветную біржу можа займаць нават некалькі гадоў. Гэта тэхналагічны інструмент аптымізацыі не толькі ўсяго прадпрыемства, але і ўсяго карпаратыўнага кіравання. Кампанія такім чынам становіцца больш празрыстай. У сувязі з гэтым узрастае і ўзровень кантролю, паколькі патрабаванні біржаў вельмі высокія. Гэта пераход на новы ўзровень якасці, да якога мы павінны імкнуцца», — распавёў Уладзімір Улаховіч.

Сёння для Беларусі вельмі цікавымі з'яўляюцца магчымасці кітайскай фондавай біржы — адной з самых перспектыўных у свеце па прыцягненні інвестыцый.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.