Вы тут

На варце права і парадку


Як адкажуць праваахоўнікі на інтэрнэт-правакацыі? Хто абароніць пенсіянераў ад злачынстваў і калі супрацоўнікаў у форме на стадыёнах заменяць спецыяльна падрыхтаваныя сцюарды? На самыя актуальныя пытанні журналістаў напярэдадні Дня беларускай міліцыі адказаў Ігар Шуневіч, міністр унутраных спраў Беларусі.


«Ваяваць з правакатарамі не будзем»

— Правакацыі ў дачыненні да міліцыі сёння сапраўды здараюцца, — кажа Ігар Анатолевіч. — Некаторыя паказваюць міліцыю ў бездапаможным выглядзе, але яна такой насамрэч не выглядае. Праваахоўнік не павінен быць у палоне сваіх эмоцый, адказваць хамствам на хамства. У такім выпадку ён — дрэнны міліцыянер. Аднак сёння крытычныя заўвагі, публікацыі ў сродках масавай інфармацыі, што тычацца працы міліцыі, пераважна носяць канструктыўны характар.

Хоць ёсць і такія, якія іначай, як інфармацыйнай атакай на Міністэрства ўнутраных спраў не назавеш. На маю думку, гэта інфармацыйная вайна з усімі наступствамі, інструментарыямі. Што з гэтым рабіць?

Ваяваць, безумоўна, міністэрства ні з кім не будзе. Мы выконваем свае абавязкі максімальна прафесійна. Да любой канструктыўнай крытыкі паставімся з павагай, а калі нас правакуюць, хамяць, спрабуюць ілюстраваць наш прафесіяналізм менавіта дэструктыўнымі спосабамі, будзем усё адно рэагаваць цывілізавана.

У тым ліку з выкарыстаннем механізму прававой абароны супрацоўнікаў МУС, павышэннем прафесіяналізму мы здолеем адэкватна адказаць на неардынарныя паводзіны нашых грамадзян.

Заробкі і пенсійны ўзрост

— Памяншэння заробкаў у міліцыі не адбылося і падобнае не плануецца. Аднак дзякуючы эканоміі мы нават маем невялічкую магчымасць павялічваць заробкі тым, хто гэтага заслугоўвае.

Але я не думаю, што супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў змены ў матэрыяльным дастатку ставяць вышэй за ўсё пры ацэнцы сваёй дзейнасці. Усё ж такі пераважная большасць міліцыянераў працуе найперш з разуменнем таго, што яны выконваюць сур'ёзную мужчынскую работу. Да любых змен у пенсійным узросце мы таксама гатовы, і я лічу, што гэты працэс непазбежны.

Праблемныя дзяржзакупкі

— Сфера дзяржзакупак з'яўляецца крымінагеннай ва ўсім свеце. І мы не выключэнне. Гэтую праблему спрабуюць рэгуляваць нарматыўна, але пытанні ўсё роўна застаюцца. Каля 90 працэнтаў дзяржзакупак, якія адбываюцца ў нашай краіне, — набыццё з адной крыніцы, што не вельмі правільна. Пры іх бюджэтныя сродкі не заўжды выкарыстоўваюцца эфектыўна. І ў рэчышчы нядобрасумленнай канкурэнцыі праводзяцца 10 працэнтаў такіх працэдур, якія могуць мець пад сабой карупцыйную глебу.

Плануем устанавіць помнік гарадавому

— У наступным годзе міліцыя адзначыць стагадовы юбілей. Да святкавання пачалі рыхтавацца загадзя, бо разумеем, гэта будзе не толькі міліцэйскае свята, але і цікавая дата для многіх нашых суайчыннікаў. Плануем зняць кіно, выпусціць кнігу па гісторыі міліцыі, адліць юбілейны медаль, устанавіць невялічкі помнік гарадавому ў Мінску ў стылі гарадской скульптуры. Акрамя таго, мы хочам аддзячыць нашым ветэранам, тым, хто ствараў міліцыю і ў самыя складаныя часы застаўся верны пагонам.

«Закон будзе рэалізаваны тады, калі знойдзе падтрымку ў народзе»

— Прапанова лібералізаваць адміністрацыйнае заканадаўства зроблена на аснове глыбокага аналізу правапрымяняльнай практыкі, ацэнкі ўсіх выклікаў і пагроз, якія існуюць у нашай краіне ў гэтай сферы. Да апытання мы далучылі нашых грамадзян. Я наогул лічу, што заканадаўчая ініцыятыва можа быць рэалізавана толькі тады, калі будзе падтрымана народам. У абмеркаванні лібералізацыі ўжо паўдзельнічала каля 60 тысяч чалавек. Ініцыятывы насамрэч атрымалі жывы водгук. Некаторыя ідэі МУС знайшлі адназначную падтрымку, а некаторыя — не вельмі. Многія з прапаноў мы проста прынялі да ўвагі, бо гэтыя пытанні (дарожны збор, тэхагляд) знаходзяцца не ў нашай кампетэнцыі. Мы іх перадалі ў адпаведныя ўстановы. У нас атрымаўся сапраўдны зрэз грамадскай думкі. І я спадзяюся, што на асенняй сесіі парламента мы здолеем унесці прапановы ў шэраг артыкулаў законапраекта па лібералізацыі адміністрацыйнага заканадаўства.

«Я супраць продажу алкаголю праз інтэрнэт»

— За апошнія пяць гадоў колькасць злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап'янення, зменшылася з 27 тысяч да 17,5 тыс. Менавіта столькі зафіксавалі праваахоўнікі ў 2015 годзе. Але гэта часовы поспех. Я баюся таго, што ў выніку адмены некаторых санкцый сінусоіда злачынстваў папаўзе ўгару.

Я не магу сказаць, што мы зрабілі ўсё дзеля дэалкагалізацыі насельніцтва. І наша міністэрства надалей збіраецца выступаць з шэрагам ініцыятыў, каб зменшыць даступнасць алкаголю. Паводле маёй ацэнкі, сёння даступнасць алкагольных вырабаў даволі высокая. І яе абмежаванне — тое, чым мы будзем займацца ў найбліжэйшы час. Якія метады і сродкі будзем ужываць для дасягнення мэты? Над гэтым мы пакуль працуем, і паверце, маем некалькі козыраў у рукаве. Што тычыцца дастаўкі алкаголю праз інтэрнэт, я лічу гэта адным з элементаў чартаўшчыны, і я катэгарычна супраць падобнага спосабу дадатковага спойвання насельніцтва.

«Курыш у форме — атрымаеш дысцыплінарнае спагнанне»

— Каментаваць сваіх калег, якія выйшлі на злачынны шлях, вельмі складана. Але па ўнутранай бяспецы МУС хачу сказаць наступнае. З ёй праблема ёсць, аднак над яе вырашэннем працуе цэлая служба. Паверце, я, як міністр, удзяляю яе дзейнасці вялікую ўвагу. Шкода, якую прыносіць злачынца ў пагонах, гэта не проста лыжка дзёгцю, гэта цэбар халоднай вады, які выліваецца на нашы плечы. Статыстыка гэтага самаачышчэння ад злачынцаў у пагонах не радуе. І мы самастойна выяўляем шмат супрацоўнікаў, якія здзяйсняюць адміністрацыйныя правапарушэнні. Між іншым у нашай сістэме дзейнічаюць некалькі непарушных правілаў для выканання. Напрыклад, сеў п'яны за руль — будзеш звольнены. Выйшаў у форме з цыгарэтай на вуліцу — як мінімум дысцыплінарнае спагнанне. Магчыма, гэта і штампы, але без іх нікуды не пойдзеш. Цалкам перамагчы карупцыю ў пагонах яшчэ ні ў каго не атрымалася, аднак мы стараемся звесці яе да мінімуму. І пэўныя рэчы ў нас атрымліваюцца.

Парадак на стадыёнах будзе ў любым выпадку

— Наўрад ці ўжо сёлета міліцыянераў на трыбунах стадыёнаў заменяць сцюарды (валанцёры, якія адсочваюць парадак на арэнах, не з ліку праваахоўнікаў. — Аўт.), хоць падобныя ідэі былі. Мы лічым, што супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у чашах стадыёнаў быць не павінна. Гэта сусветная практыка, калі за бяспеку адказваюць арганізатары спаборніцтваў і сцюарды. Шмат у чым яны вырашылі б праблемы і ў нас. Міліцыянер ён на тое і міліцыянер, каб рэагаваць на парушэнні. І ў ідэале на стадыёны мы павінны прыбываць па просьбе арганізатараў. Сёння падобнага няма. Некаторыя нашы прапановы пакуль не падтрыманы, і мы нясём службу на стадыёнах.

Што да наведвання масавых мерапрыемстваў, яно залежыць ад узроўню відовішчнасці. Балельшчыкам з аднаго боку патрэбна шоу, а з другога — бяспека. Яе мы можам забяспечыць. Усё астатняе ўжо залежыць ад спартсменаў. А ў нас няўдачы любяць спісваць на розныя пабочныя абставіны: засудзілі, надвор'е не тое, міліцыя вінавата, не пашанцавала. Часам атрымліваецца, што футбалісты гуляюць дрэнна, бо міліцыя кепска паводзіць сябе з фанатамі. І гэта даволі папулярная фармулёўка.

Разам з тым я яшчэ раз падкрэслю, што мы знайшлі кропкі судакранання з федэрацыяй футбола, вынайшлі пэўны алгарытм, які задавальняе абодва бакі. Усё гэта будзе працаваць. І мне хочацца, каб мы рушылі насустрач адно аднаму. Аднак мы ніколі не пойдзем на аднабаковыя ўступкі. Мы можам дамовіцца аб правілах гульні і разам прытрымлівацца іх.

«Грошы пенсіянераў — спакуса для злачынцаў»

— Пытанне бяспекі пенсіянераў даволі актуальнае для нас. На жаль, сёння моладзь не вельмі трапятліва ставіцца да пажылых. А яны ж самыя слабыя. У іх заўжды ёсць грошы, пенсія, што з'яўляецца вялікай спакусай для злачынцаў. Мы ўжо распрацавалі комплекс мер для абароны пенсіянераў. Будзем задзейнічаць участковых інспектараў, супрацоўнічаць з сельскімі старастамі, далучаць грамадства, каб людзі кантралявалі сітуацыю і дапамагалі нам інфармацыяй.

taras@zviazda.by

Фота Вячаслава Цуранава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.