Вы тут

Дапамог бы, каб ведаў як


На парозе маёй кватэры — сціплы мужчына ахайнага выгляду. «Не дасце чаго-небудзь паесці?» Я якраз гатую вячэру — з кухні ідуць пахі. Кідаюся да халадзільніка, ад яго — да стала, ператрасаю кухонныя шафы. Што яму даць? Я панікую і бянтэжуся. Выношу маленькі пакет, які ён з удзячнасцю кладзе ў сваю сумку і знікае ў ліфце. Вяртаюся на кухню і ў спакойным стане пачынаю заўважаць вялікую колькасць прадуктаў, якія магла б даць гэтаму чалавеку. І яшчэ два дні ў маёй галаве будзе круціцца спіс ежы і мальба, каб ён вярнуўся.


Мяркую, з вамі таксама здаралася такое: спачатку не можаце спакойна думаць, а потым шкадуеце, што не прынялі правільнае рашэнне. Але вы не здольныя вярнуцца назад і змяніць яго. Пад наплывам эмоцый людзі не мысляць шырока. Таму я пішу гэту памятку для сябе і для вас. Як дапамагчы, калі хочаш зрабіць гэта, але не ведаеш як.

Я разгубілася перад галодным чалавекам, бо не валодала інфармацыяй пра сітуацыю. Ёсць у яго дом ці жыве на вуліцы? Даць крупы ці падыдзе толькі гатовая каша? Мае халадзільнік ці возьме тое, што доўга захоўваецца? Зможа есці ёгурт ці не мае лыжкі? Жыве адзін ці з сям'ёй? Ёсць дзеці, якога ўзросту? Такія пытанні круціліся ў маёй галаве, калі я пяты раз адкрывала халадзільнік і разгублена глядзела ў яго. Адкуль я магла ведаць? Правільна! Ад самога госця. Варта было проста выйсці да яго яшчэ раз і задаць пытанні, каб намаляваць просьбу рознакаляровымі фарбамі і ведаць, што з ёй рабіць. Мне ж хацелася хутчэй адпусціць чалавека. А запытайся я, удакладні, сэканоміла б час на пошуках і кіданні па кухні.

...Я выходжу з царквы. На дзядзінцы — некалькі жабракоў. Заўсёды мінаю іх. Бо і выглядаюць нясвежа, і доказаў ніякіх. (У інтэрнэце прасцей: пачытаў гісторыю, праверыў дакументы — і ведаеш, каму і на што дапамагаеш.) Я даўно пазбавілася згрызотаў сумлення, мінаючы такіх жабракоў.

А тут маладая жанчына з плакатам і фотаздымкам дзіцяці: «Дапамажыце на аперацыю». У вочы зазірае. Я таксама з дзіцём — шукае падтрымкі і разумення. Ці спекулюе маімі мацярынскімі пачуццямі? Ведаеце, колькі такіх стаіць у розных кутках горада? Не веру. Мінаю. А яна — бліжэй падыходзіць: «Хоць колькі!» Даўно заглушаныя згрызоты прачынаюцца. Спыняюся на хвіліну. Спрабую думаць. Але зноў гэта паніка, наплыў эмоцый, боязь падману — яны раскладаюць на лапаткі разумны падыход. Я хапаю сваю каляску і шыбую далей. Ужо не азіраючыся.

Што б вы думалі? Згрызоты не змаўкаюць яшчэ два дні.

І ўжо пасля, у спакойным стане, вярнуўшыся ў звыклыя абставіны, я змагла задаць сабе пытанне: а чаму не спытала ў яе падрабязнасці, не папрасіла дакументы? Я магла дзейнічаць па ўжо звыклай схеме, з якой працую ў «Клубе 5000». Якое захворванне? Што за аперацыя? Дзе плануюць рабіць? Пакажыце калькуляцыю з клінікі, дзіцячае пасведчанне інваліднасці. Можна яшчэ набраць некалькі элементарных пытанняў, у якіх вы і самі не разбіраецеся. Скажам, чаму выбралі менавіта гэту клініку, якія прагнозы даюць урачы пасля аперацыі, ці спатрэбіцца дададковае лячэнне, колькі будзе каштаваць пералёт і інш. Іх варта задаць, каб папросту паглядзець на рэакцыю. І ўжо пасля рабіць выснову: падманваюць вас ці не, дапамагчы ці прайсці міма.

Мае знаёмыя, ведаючы, што займаюся дабрачыннасцю ў дзіцячай анкалогіі, дасылаюць сваіх знаёмых з такімі праблемамі. Безумоўна, не магу ім адмовіць. Згаджаюся і прымаю ўсіх па рэкамендацыі. Але большасць адсейваецца пасля першай размовы.

Я задаю шмат пытанняў, каб размаляваць чорна-белую карціну і зразумець, у чым канкрэтна патрэбна дапамога. Часта высвятляецца, што людзі самі не ведаюць, чым ім дапамагчы. Проста разгубіліся і запанікавалі. Як я, калі сустрэла галоднага на сваім парозе. Я ведаю, што ім патрэбна падтрымка і суцяшэнне. Расказваю пра свой досвед і назіранні, распавядаю магчымыя варыянты дзеянняў і абяцаю прымаць іх званкі ў любы час.

Больш яны не тэлефануюць. Таму што супакойваюцца і бяруцца за барацьбу. Самастойна. Бо могуць сабе гэта дазволіць і разумеюць, што «Клуб 5000» існуе для тых, у каго значна горшае становішча і каму самастойна з ім ніяк не справіцца.

Вось што робяць правільныя пытанні, уменне іх задаваць, здабываць інфармацыю і працаваць з ёй. Усяго некалькі простых пытанняў могуць даць людзям неабходную дапамогу, а вас — пазбавіць ад двухдзённых згрызотаў.

Хочаш дапамагчы і не ведаеш як? Задавай пытанні. Нават калі бракуе часу, яны не патрацяць яго, а дапамогуць сэканоміць. Калі здолею ўспомніць гэта правіла ў наступным ступары, раскажу вам пра вынікі.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.