Вы тут

Шантрапа спяваць не можа


Калі назваць чалавека «ідыётам», ён, вядома ж, пакрыўдзіцца. А за «нягодніка» альбо «паганца» і наогул у бойку кінуцца можа. Бо ўсе гэтыя словы для чалавека зневажальныя...


Але, аказваецца, яны не заўсёды такімі былі. Больш за тое, многія з іх і наогул даволі прыстойнымі калісьці з'яўляліся.

Вось узяць, напрыклад, слова «ідыёт». У Старажытнай Грэцыі «ідыётэсамі» называлі людзей, якія не прымалі актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, не цікавіліся палітыкай і наогул вялі спакойны, размераны лад жыцця. А старажытныя грэкі з іх дэмакратычнымі традыцыямі лічылі ўсіх, хто не праяўляе інтарэсу да палітычнага і грамадскага жыцця роднага поліса, не зусім паўнавартымі. Ідыётамі, іншым словам...

Слова «супастат» таксама мела раней даволі нейтральнае значэнне. Супастатам называлі чалавека, які проста знаходзіўся насупраць. А паколькі часцей за ўсё насупраць знаходзіўся той, з кім трэба было праводзіць паядынак (на кулаках альбо нават са зброяй у руках), то і слова «супастат» паступова ператварылася ў даволі негатыўнае.

А вось слова «мярзотнік» з самага пачатку мела не толькі негатыўнае, але і вельмі абразлівае значэнне. І на гэта былі свае прычыны.

У нашых продкаў, як і ў іншых народаў паўночных краін, цеплыня лічылася чымсьці добрым, станоўчым, а вось холад, наадварот, асацыяваўся з усім кепскім і адмоўным. Вось і слова «мярзотнік» (вытворчае ад слова «мерзнуць») міжволі выклікала агіду. А таксама імкненне як мага далей быць ад такога «замарожанага» чалавека.

Слова «нягоднік» не такое старажытнае.

Нягоднікамі калісьці называлі маладых мужчын, якія не гадзіліся ў рэкруты («нягоднымі» былі для арміі). А ператварылася гэтае слова ў зневажальнае таму, што гэтыя «нягоднікі», не баючыся, што ім могуць за кепскія паводзіны «лоб забрыць у салдаты», такое часам вытваралі...

А ўзяць слова «паганец». Нічога абражальнага не мела яно ў першапачатковым сваім значэнні. У Старажытным Рыме pagan — чалавек, які пражывае ў глухой сельскай мясцовасці. Потым, калі хрысціянства пачало імкліва распаўсюджвацца ў імперыі, менавіта жыхары такіх аддаленых паселішчаў доўгі час заставаліся яшчэ прыхільнікамі сваіх ранейшых багоў. Вось і сталі словам «паганы» абазначаць усіх язычнікаў. А паколькі язычнікі, на думку хрысціян, займаліся ўсялякімі паскудствамі, то слова «паганец» пачало азначаць наогул усіх нядобрых людзей.

Ды і выраз «подлы чалавек» («падлюка») першапачаткова ўказываў толькі на тое, што гэта чалавек з падатнага саслоўя. Паны, шляхцічы, духавенства не плацілі падаткі, а прадстаўнікі подлых саслоўяў (якія «пад імі былі») — плацілі. Цяпер жа, калі падаткі плоцяць усе, значэнне слова «подлы» змянілася кардынальна.

Ці ўзяць слова «прахвост». Гэта скажонае нямецкае слова «прафос». Прафосамі калісьці ў арміі называлі ваенных, якія мелі права прызначаць салдатам, што парушылі дысцыпліну, пэўныя пакаранні ў якасці выхаваўчых мер. Прафосы (прахвосты) часта злоўжывалі гэтым сваім правам, таму салдаты (і наогул ваенныя) іх ненавідзелі. Хутка назва гэтай пасады стала сінонімам такіх паняццяў, як «мярзотнік» альбо «падлюка».

Ну а слова «хам» прыйшло да нас з Бібліі. Хам — адзін з сыноў біблейскага Ноя, і ён аднойчы вельмі непачціва са сваім бацькам абышоўся. Па-хамску, іншымі словамі...

Цікава, што некаторыя абразлівыя словы прыйшлі да нас з французскай мовы.

Слова «шантрапа», напрыклад, зацвердзілася з часоў прыгонных тэатраў, дзе на ролі набіралі сялянскіх дзяцей і моладзь. У час праслухоўвання пра тых, каму мядзведзь на вуха наступіў, казалі «ne shantre pas», што ў перакладзе з французскай азначала «спяваць не можа». Такіх потым адпраўлялі працаваць на кухню, стайню альбо назад да бацькоў, на вясковыя работы. Гэта было куды цяжэй, чым спяваць... А значыць, аказацца «шантрапой» было зусім нават не прэстыжна.

«Шарамыжнікамі» сяляне першапачаткова празвалі французаў у час вайны 1812 года, калі пры адступленні тыя галадалі і спрабавалі абмяняць свае асабістыя рэчы на прадукты харчавання. «Шэр амі!» (што ў перакладзе азначае «Дарагі сябар!») — звярталіся яны да сялян. Часта пры гэтым французы падманвалі сялян і нават займаліся рабаўніцтвамі... Вось адсюль і пайшло зневажальнае слова — «шарамыжнік».

Так што многія з «дрэнных» слоў калісьці вельмі і вельмі прыстойнымі былі. Ці, на крайні выпадак, нейтральнымі...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.