Вы тут

У Мінску пакажуць 14 спектакляў тэатраў лялек з шасці краін


На ІX Міжнародным фестывалі тэатраў лялек, які праходзіць у сталіцы раз на два гады, сёлета становіцца магчымым убачыць такія тэндэнцыі, якія ў нашай прасторы не атрымалі шырокага распаўсюджвання. Напрыклад, «сур'ёзныя» тэмы ў дзіцячых пастаноўках альбо вялікія формы ў рэгіянальных тэатрах. З 13 да 17 мая беларускія сцэны будуць прымаць спектаклі з Украіны, Польшчы, Літвы, Ізраіля, Расіі і, канешне, Беларусі.


Беларуская праграма — а гэта пастаноўкі з Гомеля, Магілёва, Брэста, Гродна і Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, які базіруецца ў Мінску, — зможа паказаць агульны вобраз лялечнага тэатра ў нашых межах. Яго можна параўнаць з тым, што прадставіць частка з замежнымі пастаноўкамі. Адной з іх з'яўляецца праца прыватнага тэатра «Karlsson Haus» з Санкт-Пецярбурга — «Ваня. Казка пра Ваню і загадкавую рускую душу», якая не так даўно атрымала прэстыжную расійскую нацыянальную тэатральную прэмію «Залатая маска» за найлепшую працу рэжысёра. Яшчэ да гэтага пастаноўка стала лаўрэатам Вышэйшай тэатральнай прэміі Санкт-Пецярбурга «Залаты сафіт» у намінацыях «Найлепшы спектакль у тэатры лялек» і «Найлепшая работа акцёра (Міхаіл Шэламенцаў)». А рэжысёрам спектакля з'яўляецца Аляксей Ляляўскі — галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і ўласна мастацкі кіраўнік фестывалю. У Мінску ў межах форуму спектакль «Ваня» будзе двойчы паказаны на сцэне Купалаўскага тэатра — 15 і 16 мая.

У праграме бачыцца ўхіл на дарослыя спектаклі — сапраўды, лялечныя тэатры, прапануючы свой рэпертуар, разлічваюць не толькі на дзіцячую аудыторыю. Тыя, хто бачыў на мінскай сцэне «Інтэрв'ю з вядзьмаркамі», якое таксама ўключана ў праграму, зразумеюць, пра што ідзе гаворка. Каму менш за васямнаццаць, уваход забаронены. Такое ж узроставае абмежаванне мае спектакль Пензенскага абласнога тэатра «Лялечны дом» — «Забіць Караля», дарэчы, таксама лаўрэат «Залатой маскі». У камернай абстаноўцы іграюць маленькія марыянеткі, а сама праца створана ў дзяржаўным тэатры, на чым акцэнтаваў увагу Аляксей Ляляўскі, які заўважыў таксама, што гэта «цуд, хоць здавалася б — Пенза».

«Пры складанні праграмы мы кіраваліся рэчамі, якія для любога фестывалю з'яўляюцца вызначальнымі — пляцоўкі; якасць таго, што на іх можа быць прадстаўлена; грошы, якія трэба заплаціць, каб на гэтых пляцоўках гэта якасць была прадстаўлена, — кажа Аляксей Ляляўскі. — З пляцоўкамі ў Мінску стала лепш. Другое пытанне тычыцца не толькі абстрактнай якасці, а таксама ідэі фестывалю, якую мы фармулюем. Фестываль ад фестывалю мы спрабавалі найбольш поўна прадставіць адну з краін-удзельніц. У мінулы раз гэта была Польшча, на гэты мы выбралі Расію».

У праграму трапілі адразу тры расійскія пастаноўкі, дзве з якіх — «Ваня» і «Забіць Караля» — ужо названыя. Дапоўніць гэты спіс «Трысняговая шапка», пастаўленая Краснадарскім краявым тэатрам лялек (глядзець можна дзецям ад шасці гадоў). «Гэтая пастаноўка, як вялікае палатно, — кажа мастацкі кіраўнік. — Па сваіх памерах яна змяшчаецца толькі ў ТЮГ, хоць створана краявым тэатрам лялек. Шмат нашых тэатраў таксама хочуць выйсці на вялікую колькасць гледачоў, зарабіць шмат грошай і быць шчаслівымі. Паглядзім, як гэта атрымліваецца ў Расіі».

Дарэчы, галоўным матыватарам для тэатральных калектываў паўдзельнічаць у фестывалі Аляксей Ляляўскі назваў не грошы, а саму праграму, магчымасць убачыць нешта цікавае. Пры гэтым ён сумна пажартаваў, што пры адваротным раскладзе прапанаваны план фестывалю арганізаваць не атрымалася б.

Паказаць на форуме казку «Зялёны-зялёны яблычак» прыедзе Каўнаскі дзяржаўны тэатр лялек з Літвы. «Спектакль зацікавіў нас не толькі таму, што літоўцы маюць свой уласны пункт гледжання на тэатр увогуле, на тэатр лялек і на тэатр лялек для дзяцей. Гэта не зусім звычайная пастаноўка, яна не пакажа таго, чаго чакаюць ад літоўскай трупы. Тут будзе вялікая сцэна і вялікія аб'екты. Раней такая форма часта выкарыстоўвалася ў Польшчы, і нам цікава, як яна перайшла ў літоўскае мастацтва і наколькі прадуктыўна яна можа быць выкарыстана ў нас».

Тэатр «Кей» з ізраільскага Тэль-Авіва на сцэне Купалаўскага тэатра ў Мінску пакажа спектакль «Калі ўсё было зялёным». «Дзіўна, як у Ізраілі чулліва і па-даросламу ставяцца да дзяцей. Гэта вельмі простая і пяшчотная гісторыя без слоў пра жыццё, якая іграецца двума выканальнікамі. Вельмі цікавы від тэатра, таму што ў нас з маленькімі стараюцца не размаўляць на складаныя тэмы альбо проста іх забаўляюць. «Калі ўсё было зялёным» — такі від гутаркі з дзецьмі, якога ў нас няма», — пракаментаваў выбар Аляксей Ляляўскі.

Беларуская праграма пакажа тое, што нашы тэатры напрацавалі за апошнія гады. Тут будуць пастаноўкі па Максіму Горкаму, Антону Чэхаву, Жану дэ Лафантэну, Нікола Макіявелі, Андрэю Платонаву. Нешта з гэтага сталічныя гледачы ўжо мелі магчымасць убачыць, напрыклад «Байку» Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек, якая вылучаецца сваім выяўленчым рашэннем.

Праз два гады Беларускі дзяржаўны тэатр лялек будзе адзначаць 80-годдзе, таму вельмі дарэчы будзе правядзенне таксама юбілейнага — дзясятага — фестывалю тэатраў лялек. А на дзявятым па ліку дакладна можна будзе пазнаёміцца з рознымі формамі і кірункамі лялечнага тэатра.

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Гэта не проста гульня

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.