Вы тут

Садзіце бэз летам


Гэта расліна зацвітае ў маі. Калі стаіць спякота — адыдзе за тыдзень, з надвор'ем не шанцуе — можа пакрасавацца і дзён дваццаць. Нездарма мясціны, дзе расце бэз, называюць месцам тысячы ўсмешак.

Асаблівая чароўнасць гэтай расліны ў тым, што ў час красавання яна мяняе колер. У дажджлівае надвор'е мы ўбачым больш яскравыя колеры, у спякотнае кветачкі будуць блякнуць. Таму і не трэба садаводам абурацца, калі раптам іх бэз аказаўся не таго колеру, як на малюнках у каталогах.


Канстанцін Заслонаў.

Зменлівы малюнак

— Вось як вы назавяце гэты колер? — паказвае мне галінку бэзу Наталля Македонская, кандыдат біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік, куратар калекцыі бэзу Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі. — Я скажу — «барвовы», вы — «цёмна-чырвоны». Мы ўсе па рознаму можам успрымаць колеры. Афарбоўка можа залежаць ад абставін, чалавеку непадуладных: кіслотнасці глебы, асвечанасці, вільготнасці паветра. Трэба ведаць, што антацыян — пігмент, які афарбоўвае пялёсткі, — няўстойлівы.

Бэз можна вызначаць па тыпе кветкі: просты і махровы. А вось афарбоўка ўсіх відаў бэзу ліловая, і каб разабрацца ў гэтым моры адценняў, іх умоўна падзяляюць на 7 груп. Мы бясспрэчна вызначым белы бэз, а далей ідуць — блакітнаваты, ружаваты, пурпурны, мажэнтавы... Часам садаводам могуць прапанаваць нават жоўты бэз, насамрэч, ёсць такі гатунак як «Prіmrose», у бутонах якога пераважае жоўты колер, але на сонцы яго кветкі выгараюць, бялеюць.

Сёння няма праблем набыць сорт, які вы ўпадабалі. Рынак пачаў насычацца дзякуючы мікракланальнаму размнажэнню. У такіх бэзаў уласная каранёвая сістэма, парасткі захоўваюць якасці сорту (чаго няма ў прышчэпленага бэзу), таму імі можна ашчаслівіць суседзяў. Зручны такі бэз і тым, што парасткі можна не выдаляць. А калі раптам ваша расліна пашкодзіцца, але захаваецца хоць адна галінка, куст можа аднавіцца.

Прыгажуня Масквы.

Сведка часу

У свеце налічваецца каля дзвюх тысяч сартоў бэзу, і расце ён паўсюдна акрамя Афрыкі, усё ж гэтай расліне патрэбен хоць месяц спакою з мінусавымі тэмпературамі. У калекцыі Цэнтральнага батанічнага саду — дзвесце гатункаў, прадстаўлены ўсе садовыя групы і кантыненты. Тут ёсць нават расліна, якая дасягае 15 метраў у вышыню.

Збірацца калекцыя пачала яшчэ ў 1930-х гадах. Але сюды не толькі завозіліся расліны з замежжа. Шэраг новых сартоў «нарадзіўся» ў Батанічным садзе, сярод апошніх — пяшчотна ружовы бэз «Мінская прыгажуня». «Паўлінка», «Несцерка», «Свіцязянка», «Палеская легенда» — тыя назвы беларускіх сартоў, якія, магчыма, у замежжы будуць абуджаць у садаводаў цікавасць да нашай краіны. У пасляваенны час былі створаны сарты «Партызанка», «Вера Харужая», «Канстанцін Заслонаў», «Абаронцам Брэста». Як бачыце, бэз здольны расказваць пра гісторыю, паказваць стаўленне людзей да пэўнай эпохі. Прычым у іншых краінах селекцыянеры таксама стваралі бэзы з красамоўнымі назвамі... Ёсць пра што задумацца ці расказаць дзецям у час праменаду па бэзоўніку.

А яшчэ бэз валодае лекавымі ўласцівасцямі, ачышчае паветра і выдзяляе фітанцыды, якія знішчаюць шкодных мікробаў. Аднойчы ў Батанічны сад прыйшла жанчына, якая выказала жаданне на валанцёрскіх пачатках абразаць бэз, які адквітнеў. Пазней яна прызнавалася, што гэтая расліна дапамагае ёй аднавіцца пасля страшнай хваробы і хіміятэрапіі, тут яна забывалася на ўсе негатыўныя думкі...

Здаўна бэз на вёсках садзілі пры акне. А сёння садаводы чаруюць над рознымі дэкаратыўнымі «прымочкамі». Так, кусты можна пасадзіць жывой агароджай. Бэз можа працаваць як адзінкавая пасадка. Абрэзкай можна прыдаць яму форму шарыка на ножцы. Хочаце — спалучайце з іншымі раслінамі: ён ужываецца з усімі. А ў загушчаных пасадках любяць сяліцца салаўі...

Вера Харужая.

Непатрабавальная прыгажосць

Людзі думаюць, што чым больш ламаць бэз, тым лепш ён квітнее. Гэта не так. Насамрэч, так выломваюцца і тыя пупышкі, якія расліна закладвае на наступны год. Адзінае, што пасля такіх «заходаў» аматараў, бэз запускаецца на самаамаладжэнне. А вось выдаляць адквітнеўшыя суквецці трэба, каб куст не траціў сілы на вырошчванне насення. З узростам некаторыя сарты бэзу могуць «стамляцца» і на наступны пасля буйнога цвіцення год адпачываць.

Бэз устойлівы да маразоў і засух, загазаванасці, і нават хваробы і шкоднікі не могуць яму так «насаліць», каб ён страціў дэкаратыўную каштоўнасць. Трэба толькі знайсці для яго месца на сваім участку, бо гэты куст можа разрастацца і дасягаць 3-5 метраў. Лепш «прапісаць» яго на сонечным баку, але бэз будзе расці і квітнець нават у цені. Ён вытрывае ўсё, можна пасадзіць — і забыць, а расліна ўсё роўна будзе радаваць. Але, калі вы яму паклоніцеся, атрымаеце большы эфект.

— Бэз любіць слабашчолачныя глебы, а ў Беларусі ўсе глебы кіслыя, таму попел, даламітавая мука, мел пры пасадцы вельмі пажаданыя, — расказвае Наталля Македонская. — У расліны паверхневая каранёвая сістэма, і яна любіць, каб яе замульчыравалі, можна тым, што пад рукой (карой, трэскамі, скошанай травой). Попел — самае даступнае ўгнаенне.

— Ці ёсць спецыяльнае ўгнаенне для бэзу?

— Усе ўгнаенні ўтрымліваюць азот, фосфар, калій, у залежнасці ад іх суадносін пішуць, для якой культуры рэкамендуецца канкрэтны прэпарат, гэта чыста маркетынгавы ход, каб людзі больш набывалі. Трэба разумець, што азот патрэбны для росту, і яго ўжываюць толькі у першай палове лета. Раслінам важна добра падрыхтавацца да зімы. Фосфар і калій неабходны для павелічэння марозаўстойлівасці, атрымання прадуктыўнасці цвіцення. Дарэчы, фосфар, калій, магній маюцца ў попеле, яго можна дадаваць у мульчу.

Гаспадарам пажадана мець «зялёную» аптэчку, у якой могуць быць такія прэпараты, як «Байкал», тарфяныя выцяжкі, стымулятары росту. Калі нейкая расліна (не толькі бэз) аслабела, неабходна з такіх прэпаратаў зрабіць кактэйль і правесці пазакаранёвую падкормку. Гэта можа дапамагчы расліне ў тым ліку выйсці і пасля пасадачнага стрэсу.

Між іншым, яшчэ не позна завесці бэз на сваім участку. І не толькі таму, што яго можна набыць у кантэйнерах і перасяліць у любы для вас зручны час. Бэз любіць, каб яго саджалі летам.

— Гэта расліна працуе на ўра — расце і квітнее адначасова, а пасля адпачывае, другая хваля росту ў яе пачынаецца ў жніўні, — заўважае Наталля Віктараўна.— У сярэдзіне лета бэз у спакоі, не растуць карані, парасткі. І як толькі ён адквітнеў — можна перасаджваць, расліна паспее прызвычаіцца да новых мясцін і з добрым прыростам выйдзе на наступны год. Вядома, можна бэз перасаджваць і ранняй вясной, а вось познія вясеннія пасадкі яму не падабаюцца. Калі мы саджаем бэз з пупышкамі, якія распусціліся, ці маладымі лісточкамі, абрываем карэньчыкі (цяжка выняць той ком зямлі, які яны ахопліваюць). Расліна спрабуе разабрацца, што з ёй адбылося і як быць. І «думаць» можа гады два-тры.

Безумоўна, пры перасадцы бэз трэба паліваць, можна яго на некаторы час прыцяніць. І дзіва, нават у летнія перасадкі ў спякоту расліна не скіне лістоту. Калі восень вельмі сухая, таксама пажадана «напаіць» расліну. Існуе нават такое паняцце як вільгацезарадныя палівы.

Загаловак у газеце: Месца тысячы ўсмешак, або Садзіце бэз летам...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.