Вы тут

Пакуль ты нявестка


Хто, скажыце мне, прыдумаў, што свякроў азначае «святая кроў»? Каму прыйшла ў галаву ідэя назваць маці мужа не як-небудзь, а«другой мамай»? Ведай я, хто гэты чалавек, я б яго, бачыць Бог, з-пад зямлі дастала. А дастаўшы, доўга б з ім не цырымонілася. У тую ж хвіліну, бачыць Бог, сказала б яму ўсё, што я пра яго думаю.


А думаю я шмат. Асабліва апошнім часам. Я б сказала гэтаму чалавеку, што для мяне ён святлейшы за любога анёла і разумнейшы за ўсіх геніяў разам.

Тое, што я збіраюся тут напісаць, не для вузкай калонкі прызначана, а цягне не менш чым на тузін старонак. На цэлы трактат, так бы мовіць. І я яго напішу. Іншым разам, лепшым часам, як казала мая бабка.

Мая бабка... Першая свякроў, пра якую я даведалася, — гэта яна.

Надумалася мая мама (нявестка, значыцца) вучобу ў інстытуце кідаць. Бо двое дзетак-пагодкаў — якая ўжо з імі вучоба? А свякроў ёй: «Вучобу кідаць не дазволю!» — і забрала дзетак да сябе. «Вучыся, дачушка, спакойна. З дзяўчынкамі тваімі ўсё добра, за іх не хвалюйся», — пісала маме падчас сесіі, з Капыльшчыны ў Гродна. Павучала: «Старайся!» Першая мая настаўніца — гэта яна, мая бабка. І першая свякроў, пра якую я даведалася...

А потым я даведалася больш. Нават пра тое, што ёсць нехта, хто за свякроў страшнейшы.

Калі ў твайго мужа ёсць сястра, табе яна залвіца, правільна? Калі яна старэйшая за мужа і цябе, табе яна, здараецца, становіцца свякроўю. Яшчэ адной. Але праскочым гэтую гісторыю. Гадоў на дваццаць пяць. Глядзі, што цяпер атрымліваецца. Калі ты сама — нявестка, якой, мякка кажучы, са свякроўю не пашанцавала, то як бы ты, сама ёю стаўшы, нявестку сваю прывячала? Не так ужо шмат варыянтаў. Палічыўшы, назавём толькі два. Першы — аддаць доўг. Так бы мовіць, за ўсё разлічыцца. Быццам слушна: чаму б і не? Другі...

Чытаю гэтымі днямі «Людзі і кветкі над Нёманам» пяра яснавяльможнай пані Арэшчыхі, як назваў Францішак Багушэвіч Элізу Ажэшку (юбілярку тыдня, між іншым), — і тут без стасункаў свекрыві з нявесткай не абышлося. І як, пытаецца аўтарка, стасункі гэтыя могуць быць добрымі? Як сэрца маці не зойдзецца ад горычы і зайздрасці, калі прыходзіць сын з працы дадому, яна яму боршч падае, а яму нясмачны боршч — мужчына раіць яго свінням выліць. А як сказала маці, што гатавала не яна, а Ганулька яго, дык ужо іншае прамаўляе сын: пасаліць толькі трэба, а так, маўляў, смачны.

«А ці любіць гэтага мужчыну хаця б адна з іх?» — падумала я. Корань сумнення тут просты: калі любіш, то гатуеш смачна. Яно неяк само так атрымліваецца. Па тэорыі кагнітыўных балансаў. Іначай — кагнітыўны дысананс.

А ці можна, любячы сына, не прымаць душою яго жонку? Прачытала вось у адным даследаванні, што толькі той раўнуе і зайздросціць, хто падсвядома адчувае, што сам нечага не дадаў.

...Калі ў мужа ёсць сястра — табе яна залвіца. І значыць, мае права пацікавіцца ў цябе, калі ты ўжо сама свякроў: ці не крыўдзіць твайго сына «новая радня»? «Бо ўсе ж мы аднолькавыя», — запэўніць яна цябе. І адкіне на чвэрць стагоддзя назад. І прымусіць зноў думаць. І да чаго ты дадумаешся?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.