Вы тут

«Я выконваў сваю працу»


Да гэтага мая жыхар Мінска Уладзіслаў Базоўскі спакойна нёс службу ў Цэнтральным аддзеле Дэпартамента аховы сталіцы і нават не думаў, што яго імя неўзабаве з'явіцца ў цэнтральных газетах і на інфармацыйных парталах краіны.


У адзін з будных дзён, амаль апоўначы, Уладзіслаў падчас сутачнага дзяжурства паехаў на праверку да вартавога паста «Заслаўскае вадасховішча». Усё мусіла прайсці гладка, але адбылося нечаканае. Калі Базоўскі выйшаў з машыны, да яго падбег расхваляваны мужчына і сказаў, што ў ваду з парапета скокнуў чалавек. Пра тое, што было далей, расказвае сам Уладзіслаў:

— Я прабег метраў сто па мосце і ўбачыў у вадзе, прыблізна ў трох метрах ад берага, чалавека. Доўга не думаў і адразу кінуўся яго ратаваць. Гэта была жанчына.

Калі выцягнуў яе з вады і прывёў у прытомнасць, паспрабаваў выклікаць «хуткую дапамогу». Аднак тэлефон у кішэні прамок і ўжо не працаваў. Тады спытаў, ці зможа яна сама рухацца. Жанчына адказала станоўча, і мы пакрысе пайшлі да вартавога паста. Ужо там пачалі яе адаграваць і выклікалі медыкаў.

— Калі не памыляюся, жанчына на той момант знаходзілася ў вышуку.

— Так. Толькі пра тое, што яна збегла з бальніцы, мы даведаліся ўжо пазней, калі аб гэтым нам паведаміў участковы інспектар. Ведаю, што пасля яна некалькі дзён ляжала ў рэанімацыі, а цяпер знаходзіцца на рэабілітацыі. На днях яе павінны выпісаць.

— Такіх неардынарных выпадкаў у вашай міліцэйскай біяграфіі раней не было?

— Усякага хапала, але падобнае са мной за шэсць гадоў службы ў Дэпартаменце аховы здарылася ўпершыню. Усё ж такі, акрамя патрулявання, мы шмат увагі надаём ахове аб'ектаў усіх формаў уласнасці грамадзян, устаноў і арганізацый. Калі спрацоўвае «трывожная кнопка», мы адразу адпраўляемся на выклік. Едзем таксама і на іншыя паведамленні грамадзян. Мае галоўныя задачы — агляд асабістага складу, забеспячэнне баявой гатоўнасці ўзвода. У той дзень на Мінскім моры прыйшлося займацца зусім іншым.

— На наступны дзень пасля выратавання пра вас шмат пісалі ў інтэрнэце. Ці адчулі тады, што здейснілі значны ўчынак?

— Для мяне гэта была праца, абавязак, які мусіў бы выканаць любы чалавек. Паўтаруся, я доўга не думаў і адразу скокнуў у ваду. Праўда, праз пэўны час я пачаў аналізаваць сітуацыю, прыйшоў да таго, што ўсё магло завяршыцца іначай. Было цёмна, ішоў дождж. З таго бетоннага парапета можна было няўдала скокнуць... Але добра, што скончылася так, як скончылася.

— Чуў, што нядаўна вы атрымалі падзяку — за тое, што знайшлі хлопчыка, які згубіўся.

— Гэта адбылося літаральна на гэтых выхадных. Я якраз дзяжурыў, і да мяне звярнулася жанчына, сказала, што 30-40 хвілін таму згубіла хлопчыка. Маўляў, выйшла з крамы, на некалькі хвілін адцягнула ўвагу на старэйшага сына, азірнулася, а малога ўжо няма. Мы адразу ўдакладнілі даныя, паведамілі іх у раённы аддзел унутраных спраў. Для дапамогі ў пошуках у парк Перамогі адправілі тры экіпажы. Я ўдакладніў у жанчыны, дзе яна жыве. Аказалася, што недалёка ад парку, часта з сынам любяць гуляць у садку. Мы паехалі туды і каля гэтага садка знайшлі дзіця. У хлопчыка прыроджаная хвароба. Ён бы нікому пра сябе сам не расказаў.

— Дарэчы, Уладзіслаў, як вы трапілі ў міліцыю?

— У дэпартаменце служу з сакавіка 2009 года. Прайшоў праз вучэбны цэнтр, служыў звычайным міліцыянерам. А пасля таго, як адвучыўся ў Магілёўскім вышэйшым каледжы МУС, атрымаў афіцэрскае званне, узначаліў узвод. Чаму захацеў стаць міліцыянерам? У мяне бацька быў супрацоўнікам праваахоўных органаў. Гледзячы на яго, заўжды хацеў насіць пагоны. Цяпер тата на пенсіі, а да яе працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Акадэміі МУС.

— Чым захапляецеся ў вольны ад працы час?

— Люблю вудзіць рыбу. Але тыя мясціны, дзе прыйшлося ратаваць жанчыну, я не ведаў. Рыбачыць люблю ездзіць падалей ад Мінска.

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.

Культура

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

Графік у артысткі вельмі насычаны.

Грамадства

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Даследаванне «Пакаленне «Z» у пытаннях і адказах» было прадстаўлена падчас навуковага стэндапа, арганізаванага для навучэнцаў профільных педагагічных класаў у БДПУ.

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».