Вы тут

Астравок для сапраўдных балельшчыкаў


У Мінску адкрылася фан-зона чэмпіянату Еўропы па футболе. Цяпер кожны ахвотны здолее паглядзець вялікі футбол на вялікім экране.


Спецыяльная зона для балельшчыкаў, якую падрыхтавала «Аліварыя», яшчэ ўчора запрацавала у парку Перамогі, непадалёк ад Банка развіцця. Упрыгожаная сцяжкамі краін-удзельніц, футбольнай атрыбутыкай, яна на месяц футбольных баталій у Францыі можа стаць невялічкім цэнтрам балельшчыцкага асяродку ў сталіцы. Акрамя прысмакаў арганізатары прапануюць сустрэчы з футбольнымі экспертамі, майстар-класы ад футбольных каментатараў, конкурсы прагназістаў, спаборніцтвы на спрытнасць валодання футбольным мячом і нават моўныя курсы «футбольнай» беларускай і французскай. Дарэчы, пасол Францыі ў Беларусі Дамінік ГАЗЮІ завітала на адкрыццё фан-зоны.

— Гэтая фан-зона — вельмі добрая ідэя, — кажа спадарыня Газюі. — Маленькі астравок чэмпіянату Еўропы ў Беларусі. Самі спаборніцтвы распачаліся ў Францыі ў пятніцу і пройдуць у дзесяці гарадах. Я б хацела падкрэсліць франка-беларускае спартыўнае супрацоўніцтва. Некалькі гадоў таму французы і беларусы былі ў адной адборачнай групе чэмпіянату свету па футболе. Першы матч у 2012 годзе прайшоў у Францыі, а другі — у Гомелі. А ў 2014 годзе паміж сабой сустрэліся мінскае «Дынама» і «Генгам». А неўзабаве мы зноў убачым беларуска-французскую дружбу. Першы матч у адборачным турніры чэмпіянату свету — 2018, які пройдзе ў Расіі, Францыя правядзе ў верасні менавіта з Беларуссю.

У сваю чаргу з'яўленне ў сталіцы пляцоўкі для фанаў падтрымаў і Сяргей Румас, старшыня Беларускай федэрацыі футбола.

— Усіх нас аб'ядноўвае любоў да футбола, — адзначыў Румас. — Футбалісты гуляюць для балельшчыкаў. Гэта тая крэатыўная сіла, якая здольная ўплываць на вынікі выступлення нацыянальнай зборнай. На жаль, наша зборная не гуляе сёлета ў Францыі, але нам усім хочацца верыць, што дзякуючы нашай актыўнай падтрымцы наступны раз у нас абавязкова атрымаецца выйсці ў групавы этап. Безумоўна, стварэнне такіх фан-зон, дзе балельшчыкі, што не могуць патрапіць на чэмпіянат Еўропы, змогуць тут, у прысутнасці сяброў, калег, «балець» за свае любімыя каманды, гэта крок наперад у папулярызацыі футбола. Упэўнены, гэтая ініцыятыва «Аліварыі» атрымае моцны штуршок.

Застаецца толькі дадаць, што фан-зона працуе ў дні матчаў з 15:00 да 24:00. Прыходзьце і глядзіце вялікі футбол!

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.