Вы тут

Як загартоўваць характар


У Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы з'явіўся ўнікальны шматфункцыянальны спартыўны комплекс.

Шыкоўны падарунак у канцы навучальнага года атрымалі выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Сумеснымі намаганнямі Міністэрства абароны, Банка развіцця Беларусі і выпускнікоў вучылішча на тэрыторыі навучальнай установы адкрыўся шматфункцыянальны спартыўны комплекс.


На ім сваё майстэрства змогуць удасканальваць як звычайныя сувораўцы, так і выхаванцы спецыялізаваных па спорце класаў. Комплекс уключае ў сябе два полі — для гульні ў футбол і гандбол, паласу перашкод, пляцоўку для заняткаў па страявой падрыхтоўцы і нават трэнажорную залу пад адкрытым небам.

— Шматфункцыянальны спартыўны комплекс несумненна дазволіць падняць на новы якасны ўзровень спартыўную падрыхтоўку сувораўцаў, — лічыць міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ. — Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча заўсёды было адным з лідараў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі краіны, адпраўной кропкай у жыцці і пачатковым звяном ваеннай кар'еры для тысяч і тысяч маладых людзей. У вучылішчы створаны ўсе ўмовы для падрыхтоўкі будучых абаронцаў Айчыны.

Як перакананы старшыня праўлення Банка развіцця Беларусі, старшыня Беларускай федэрацыі футбола Сяргей РУМАС, тут, у вучобе, спартыўных трэніроўках, ваенных вучэннях, загартоўваецца характар юнакоў, фарміруюцца высокія маральныя і духоўныя якасці. «Мы, выпускнікі ваеннага вучылішча, у свой час вельмі зайздросцілі кадэтам, якія вучыліся разам з намі, бо, акрамя ваеннай выпраўкі, гэтыя юнакі выдатна маглі падшываць падкаўнерыкі, што не ўдавалася нам, а фізічная падрыхтоўка, асабліва ў выпускнікоў Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, была на вышыні, — адзначыў асноўны спонсар праекта. — З першых дзён існавання ваша ўнікальная навучальная ўстанова славілася цудоўнымі выкладчыкамі, а таксама выдатнай якасцю адукацыі. Традыцыйным важным адрозненнем ва ўсе часы было спалучэнне грунтоўнай тэарэтычнай і належнай фізічнай падрыхтоўкі. Веды і навыкі, якія юнакі атрымліваюць у сценах вучылішча, выключна важныя для нашай Радзімы. Ваенны афіцэр — гонар краіны. А як вядома, здаровы дух павінен быць у здаровым целе. І хто яго ведае, можа быць, на гэтым полі вырастуць будучыя гульцы нацыянальнай зборнай па футболе. І не адзін, а цэлая каманда».

Тое, што дзеля гэтага ёсць усе падставы, тут жа сувораўцы і прадэманстравалі. Пасля ўрачыстага адкрыцця спартыўнага комплексу адбыўся таварыскі матч па футболе паміж прадстаўнікамі Банка развіцця і зборнай камандай сувораўскага вучылішча. Сувораўцы не падвялі: сваёй перамогай яны яшчэ раз даказалі, што недарэмна атрымалі такі падарунак.

Традыцыйна развіццю спорту ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы надаюць вялікую ўвагу. За апошнія гады вучылішча закранула істотная мадэрнізацыя і рэканструкцыя важных навучальных, спартыўных і камунальных аб'ектаў. У вучэбных класах, спартыўнай зале, на стадыёне, пляцы, а таксама на іншых аб'ектах установы праведзены капітальны рамонт. Сёння тут створаны ўсе ўмовы для ўсебаковага і гарманічнага развіцця сувораўцаў.

— З адкрыццём шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу мы, па сутнасці, поўнасцю завяршылі рэканструкцыю вучылішча адносна матэрыяльнай базы, — адзначыў начальнік Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча генерал-маёр Віктар ЛІСОЎСКІ. — Што да рэканструкцыі вучэбнай базы, яна створана і паспяхова эксплуатуецца.

Сёлета сувораўскае вучылішча адзначае сапраўды вялікае свята — 60-ы выпуск выхаванцаў. За слаўную гісторыю існавання навучальнай установы ў яе сценах атрымалі пуцёўку ў жыццё больш як 12 тысяч юнакоў, многія з якіх сталі вядомымі военачальнікамі і выдатнымі афіцэрамі. Больш чым 60 выпускнікоў атрымалі генеральскія пагоны, больш за сотню носяць ганаровыя званні кандыдатаў навук, дацэнтаў і прафесараў. Хто яго ведае, можа, менавіта з гэтых сцен неўзабаве выйдуць і будучыя майстры спорту ці нават алімпійскія чэмпіёны?

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.