Вы тут

Удала прыПАРКавацца


Якой будзе сфера ІT праз пяць гадоў? На што трэба звяртаць увагу абітурыентам? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні гучалі падчас сустрэчы «Шчыра запрашаем у свет інфармацыйных тэхналогій», арганізаванай адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій. Пракансультавацца да спецыялістаў у бізнес-інкубатар установы прыйшлі амаль паўтысячы абітурыентаў, у тым ліку з рэгіёнаў.


— Мы вельмі б хацелі, каб беларусы былі не пасіўнымі назіральнікамі, а самі станавіліся стваральнікамі прарыўных тэхналогій. Акрамя гэтага, мы ўпэўнены, што менавіта ІT-адгалінаванне можа стаць ключавым для нашай эканомікі і зрабіць багатымі не толькі асабіста вас, але і нашу краіну. — сказаў падчас сустрэчы кіраўнік парка Валерый ЦАПКАЛА.

Адміністрацыя парка сёлета падрыхтавала каталог-даведнік для тых, хто паступае на ІT-спецыяльнасці. У ім сабрана поўная інфармацыя пра ўсе факультэты краіны, якія рыхтуюць спецыялістаў для гэтай сферы: пералік спецыяльнасцяў, прахадныя балы і многае іншае. Спампаваць дакумент у электронным выглядзе можна на сайце ПВТ.

Кіраўнікі кампаній парка — дырэктар ТАА «Артокс Лаб» Аляксандр ЛІНД і дырэктар ВУП «Белка Геймз» Марына КОРСУН — расказалі пра асноўныя трэнды ў ІT-адгалінаванні і пра тое, якія спецыяльнасці будуць запатрабаваныя ў сферы праз пяць гадоў. «Насамрэч вельмі цяжка адказаць, што будзе з інфармацыйнымі тэхналогіямі праз такі тэрмін, — лічыць Аляксандр Лінд. — Таму галоўнае, што зробіць вас запатрабаванымі, — здольнасць да пастаяннай і бесперапыннай вучобы. Як толькі вы падумаеце, што ўсё ведаеце, вы скончыцеся як спецыяліст. Змены накрыюць з такой хуткасцю, што вы ўжо не паспееце за імі. Галоўнае, на што трэба абапірацца — уласныя адчуванні. Шукайце тое, што вам падабаецца рабіць. Бо заўсёды будзе попыт і на тых, хто ўмее ствараць нешта новае, і на тых, хто ўмее кіраваць ужо створаным, і на тых, хто ўмее вучыць новаму іншых». «Акрамя здольнасці вучыцца, я б адзначыла яшчэ гатоўнасць працаваць больш за восем гадзін у суткі, — дапоўніла калегу Марына Корсун. — Бо тыя аб'ёмы працы, якія сёння прыходзіцца выконваць нашым супрацоўнікам, звычайна не ўкладваюцца ў стандартны графік».

— Штогод у парку ствараецца тры тысячы новых працоўных месцаў, прыкладна траціну з іх займаюць выпускнікі беларускіх універсітэтаў, — распавёў намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандр
МАРЦІНКЕВІЧ.
 — Пры гэтым, па нашых падліках, усяго ў краіне па ІT-спецыяльнасцях кожны год выпускаецца каля шасці тысяч чалавек. Таму можна дакладна сказаць, што мы забіраем да сябе найлепшых. Гэта тыя, хто ўжо ўсё ўмее і абсалютна гатовы да працы ў вялікіх кампаніях. «Давучваць» кагосьці на месцы ніхто не збіраецца. Увесь адукацыйны працэс перанесены ў сцены нашых ВНУ, і яны нядрэнна спраўляюцца са сваёй задачай. Гэтаму спрыяюць і шматлікія сумесныя лабараторыі і філіялы, якія ствараюць кампаніі-рэзідэнты на базе ўніверсітэцкіх кафедр. Таму, калі студэнт адказна вучыўся, не прагульваў заняткі і цалкам засвоіў праграму, праблем з уладкаваннем на добрае месца ў яго не павінна ўзнікнуць. Іншае пытанне, якіх ведаў вымагае ад выпускнікоў час. Большасць кіраўнікоў кампаній кажа супрацоўнікам, што вывучэнне камп'ютарных моў — гэта справа нажыўная, асвоіць новае можна вельмі хутка. А вось асновы праграмавання і алгарытмізацыі, фізіка (бо вельмі актыўна развіваюцца прыкладныя і навукаёмістыя кірункі ІT), матэматыка — гэта фундаментальныя рэчы. А менавіта на іх студэнты звычайна звяртаюць менш увагі, маўляў, дысцыпліны не зусім «профільныя».

Выказаўся намеснік дырэктара ПВТ і па набалелай для многіх абітурыентаў праблеме здачы фізікі для паступлення на ІT-спецыяльнасці. Паводле яго слоў, пытанне аб магчымай замене ЦТ па фізіцы на англійскую мову было канчаткова закрыта на адным з нядаўніх «круглых сталоў» з удзелам усіх дэканаў адпаведных факультэтаў. Яны аднагалосна выказаліся супраць такіх змен, зыходзячы са сваёй практыкі: студэнты, якія здавалі замест фізікі англійскую мову, заўважна горш засвойвалі асновы алгарытмізацыі.

Даведка «ЧЗ»

Топ-10 самых запатрабаваных у ПВТ спецыяльнасцяў у 2015 годзе:

* аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі;

* вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі;

* інжынерна-псіхалагічнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій;

* інфарматыка;

* інфарматыка і тэхналогіі праграмавання;

* інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі;

* інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах;

* штучны інтэлект;

* камп'ютарная бяспека;

* матэматыка.

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.