Вы тут

Экаежа з градкі


Як яе вырасціць, не па чутках ведае сям'я Сідаравых.

«Для людзей — як для сябе» — дэвіз арганічных фермераў Віталя і Алены Сідаравых. Некалькі гадоў таму яны прамянялі сталіцу на ўчастак у вёсцы і сталі вырошчваць экалагічна чыстыя ягады, гародніну і зяленіва. Сваю гаспадарку сям'я падымала практычна з нуля, але цяпер ажыў не толькі ўчастак, але і сама вёска. Галоўны клопат і гонар сям'і — буякі, якія цяжка вырасціць без хімічных угнаенняў... Планы на арганіку ёсць і ў сыноў Алены і Віталя. Але пра ўсё па парадку.


Для Але­ны Сі­да­ра­вай бу­я­кі ста­лі лю­бі­мы­мі яга­да­мі.

Буякі без «хіміі»

Праехаўшы невялікую вёсачку Дашкі Мінскага раёна, спыняемся каля веснічак. Нас сустракае Віталь, а ў доме ўжо чакае яго жонка Алена.

У гэтай гаспадарцы ўраджай атрымліваюць круглы год. Градкі з клубніцамі выглядаюць незвычайна: яны спецыяльна пакрыты саломай, слой мульчы захоўвае ў глебе вільгаць, аберагае пасадкі ад лішняга сонца. У цяпліцы спее вінаград. Тут вырошчваюць і вострыя травы — бергамот, мелісу, мяту. Ёсць агародніна на любы густ: розныя віды капусты, ліставой салаты, радыскі. Але галоўны гонар гаспадаркі — буякі: доўгія ланцужкі градак цягнуцца па схілах даліны. Фіялетавая ягада ўпрыгожвае і лагатып «СідСад».

Гледзячы на дом, цяпліцу, гараж, будучую лазню, цяжка паверыць, што пяць гадоў таму ўсё пачыналася са старога будаўнічага вагончыка. Алена і Віталь даўно хацелі набыць уласную зямлю. Муж з жонкай прызнаюцца, што іх заўжды цягнула да прыроды — у Мінску яны аблюбавалі прыватны сектар, пасля набылі лецішча каля Браслаўскіх азёраў. Затым вырашылі стаць сапраўднымі фермерамі. У Мінскім райвыканкаме Сідаравым прапанавалі толькі адзін участак у 40 га ў вёсцы Дашкі (пасля выявілася, што гэта радзіма Віталёвай маці). Зачараваныя тутэйшымі мясцінамі Алена і Віталь спачатку нават не звярнулі ўвагі на недахопы ўчастка. На самай справе сям'і давялося падымаць яго ледзь не з нуля: зямля зарасла пустазеллем і не магла пахваліцца ўрадлівасцю, месцамі дзікі раскапалі ямы амаль па пояс. Пакрысе Сідаравы прывялі ўчастак да ладу. Апошнія 10 гектараў аднавілі толькі летась.

На новым участку вырошчвалі вострыя травы, агародніну, зяленіва.

Затым фермеры заўважылі, што ўсе «хімікаты», якімі апрацоўвалі пасадкі, сцякаюць у вадаём, адкуль сям'я бярэ ваду. Алена кажа, што яны літаральна дыхалі «хіміяй». Тады муж і жонка ўсур'ёз задаліся пытаннем: навошта ім гаспадарка, якая шкодзіць здароўю?

У той час Алена і Віталь пазнаёміліся з украінскім прафесарам, які вырошчваў буякі арганічным спосабам. Ён расказаў пра альтэрнатыву традыцыйнай гаспадарцы.

— Прафесар запэўніваў нас, што вырасціць добрыя буякі можна, не выкарыстоўваючы мінеральных угнаенняў. Мы вырашылі паспрабаваць, — кажа Алена.

Падчас паездкі ў Галандыю Сідаравы ўбачылі і пакаштавалі арганічныя буякі. Ягады спадабаліся ім настолькі, што, вярнуўшыся ў Беларусь, фермеры сталі вучыцца іх вырошчваць.

Ма­лод­шы сын Про­хар так­са­ма да­па­ма­гае баць­кам па гас­па­дар­цы.

З іх прыездам вёска ажыла

Два гады таму Алена і Віталь атрымалі ад літоўскай кампаніі бясплатную сертыфікацыю сваёй гаспадаркі. Раз на год у «СідСад» прыязджаюць эксперты-правяральшчыкі. Ім прадастаўляюць звесткі па ўсіх работах, якія праводзяцца на ўчастку. Спецыялісты правяраюць, якія прэпараты і ўгнаенні ўносяцца ў зямлю, ці адпавядаюць яны еўрапейскім нормам. Праверка даволі сур'ёзная: эксперты могуць выкрыць нядобрасумленных гаспадароў, паглядзеўшы на «асартымент» пустазелля, якое расце на градках. Альбо выдзерці расліну з зямлі і вызначыць па корані — прымянялася ў гэтым выпадку «хімія» альбо не. Калі ўзнікаюць сумненні, прызначаецца праверка ў лабараторных умовах. Фермера, які карыстаўся забароненымі прэпаратамі, могуць прыцягнуць нават да крымінальнай адказнасці. Праўда, толькі ў Еўропе — у Беларусі закона па арганічнай сельскай гаспадарцы пакуль няма.

— Часта даводзілася чуць, што вырасціць экалагічна чыстыя буякі немагчыма. Але мы знайшлі беларускія прэпараты, якія падыходзяць па патрабаваннях сертыфікуючай кампаніі. Азотныя ўгнаенні замянілі ўгнаеннямі на аснове птушынага памёту. Даводзіцца часцей праполваць градкі — наймаць людзей, што нават даражэй, чым хімічныя сродкі барацьбы з пустазеллем, — расказвае Алена.

— У традыцыйнай гаспадарцы для хуткага росту ягад дабаўляюць серу і хімікаты. Мы ж сыплем торф — словам, ствараем прыродныя ўмовы, — дадае Віталь.

У хуткім часе фермеры плануюць разводзіць «экалагічна чыстых» курэй пароды «дамінанта» і атрымліваць ад іх арганічныя яйкі. Гэтай ідэяй загарэўся старэйшы сын Валерый. Падчас нашай размовы ён быў заняты будаўнічымі работамі. Куры будуць вырабляць экалагічна чысты памёт, а толькі такім дазволена карыстацца на арганічнай ферме.

— Мы не можам браць гной ад калгасных кароў, бо яны харчуюцца на палях, апрацаваных мінеральнымі ўгнаеннямі. Не можам арандаваць калгасны камбайн, бо ён убірае калгасныя палі. Нам пашанцавала, што зямля доўгі час стаяла папарам: яе не забрудзілі хімікатамі. Па патрабаваннях сертыфікуючай кампаніі ўчастак не павінен межаваць з калгаснымі палямі. Мы набылі камбайн і трактар, а Віталь у 53 гады атрымаў пасведчанне на кіраванне гэтымі відамі транспарту, — кажа Алена.

Пра ягады Алена і Віталь могуць гаварыць гадзінамі. Падчас гутаркі яны частуюць гарбатай са скрыпеню, які гаспадыня ферментавала сама. На стале — варэнне з буякоў.

— Той, хто каштаваў нашы ягады, становіцца іх аматарам, — заўважае Алена.

Нібыта пацвярджаючы словы жонкі, Віталь дастае чайнік з выявай буякоў, прывезены з ЗША. На стале з'яўляюцца слоікі з сушанымі ягадамі і лісцем дурніц (яны лічацца выдатным антыаксідантам). Чаго толькі не робяць з гэтых ягад — нават віно ды шампанскае!

Дарэчы, сваімі сіламі на ўчастку цяжка ўправіцца, таму Сідаравы наймаюць рабочых. З іх прыездам вёска ажыла — з'явілася работа, да таго ж, муж і жонка аднавілі закінутыя будынкі ў вёсцы. Далучаюцца да працы і сыны, але Віталь, жартуючы, кажа — тыдзень папрацуюць, тры тыдні адпачываюць. Літаральна падчас нашай сустрэчы малодшы сын Прохар загрузіў зяленіва ў машыну і павёз прадаваць. Такім чынам, Алена і Віталь заахвоцілі працаваць на зямлі і сваіх дзяцей.

У 53 га­ды Ві­таль атры­маў па­свед­чан­не на кі­ра­ван­не трак­та­рам.

Люблю свайго фермера

У любой краме знойдзецца шмат прадуктаў з пазнакамі «эка» і «бія», але ў асноўным гэта не чыстая прадукцыя, а хітрыкі маркетолагаў. Беларускія фермеры мусяць канкурыраваць з вялікай плынню псеўдаэкалагічных тавараў.

У крамах буякі «СідСада» прадаюцца нароўні са звычайнымі: пакуль гаспадарка знаходзіцца ў пераходным перыядзе, Алена і Віталь не маюць права ставіць на сваю прадукцыю еўрапейскі значок сертыфікацыі. Пасля паспяховага завяршэння гэтага этапу фермеры змогуць пастаўляць ягады, зяленіва і агародніну на еўрапейскія рынкі і прадаваць іх даражэй. Сёння Сідаравы рэалізуюць сваю прадукцыю праз буйныя гандлёвыя сеткі: «Еўраопт», «Белмаркет», «Суседзі», «Рублёўскі».

— Некаторыя арганічныя фермеры рэалізуюць сваю прадукцыю праз інтэрнэт-крамы, але па нашым вопыце відаць: заказаў не хапае. Буйному прадпрымальніку цяжка пратрымацца на адных толькі інтэрнэт-продажах, — адзначае Алена.

Пабываўшы на курсах у ЗША, яна заўважыла адну прыемную тэндэнцыю: амерыканцы аддаюць перавагу мясцовай прадукцыі. Паўсюль у крамах вісяць рэкламныя расцяжкі «Люблю свайго фермера», праводзяцца акцыі. На думку Алены, вельмі важна прадаваць сваю прадукцыю менавіта на беларускім рынку — людзі павінны есці мясцовыя прадукты.

— Мы даволі часта вандруем і заўважаем, што ў Еўропе з года ў год колькасць экапрадукцыі на прылаўках павялічваецца, — дзеліцца назіраннямі жанчына. — Арганічная сельская гаспадарка знаходзіць падтрымку ва ўсім свеце, таму не губляем аптымізму, што хутка яна стане папулярнай і ў Беларусі.

Арганічная і традыцыйная: у чым розніца?

Арганічныя фермеры адмаўляюцца ад выкарыстання фунгіцыдаў, гербіцыдаў і антыбіётыкаў. Забаронена карыстацца хуткарастваральнымі мінеральнымі ўгнаеннямі і пестыцыдамі. Яны прымяняюць адходы расліннага і жывёльнага паходжання. Для аднаўлення глебы выкарыстоўваюць севазварот і біялагічныя спосабы аховы раслін. Для арганічнай сельскай гаспадаркі характэрны замкнёны цыкл земляробства-жывёлагадоўлі (расліны даюць корм, жывёлагадоўля — угнаенне).

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.