Вы тут

Урад, прафсаюзы і наймальнікі абмеркавалі стварэнне працоўных месцаў


Учора ў Мінску прайшло пасяджэнне Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі ўрада, прафсаюзаў і рэспубліканскіх аб'яднанняў наймальнікаў. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў пасяджэння была выпрацоўка ўзгодненай пазіцыі ўсіх трох бакоў па рэалізацыі сацыяльна-эканамічнай палітыкі.


Намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір СЯМАШКА адзначыў станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы краіны за першае паўгоддзе гэтага года, якія праяўляюцца ў першую чаргу ў тым, што ўдалося стрымаць інфляцыю, і выказаў упэўненасць, што напрыканцы года інфляцыя не перавысіць 12% — гэта прагнозныя лічбы на 2016 год. Уладзімір Сямашка нагадаў, што ў гэтай пяцігодцы стаіць задача кожны год ствараць па 50 тысяч працоўных месцаў. Паводле слоў віцэ-прэм'ера, справаздачы, якія паступілі з міністэрстваў і ведамстваў, гавораць аб тым, што гэтыя паказчыкі вытрымліваюцца.

Як паведаміла намеснік міністра эканомікі Ірына КАСЦЕВІЧ, прымаюцца актыўныя меры па працаўладкаванні людзей на створаныя працоўныя месцы. За кошт стварэння новых прадпрыемстваў у першым квартале сёлета было працаўладкавана больш за 9 тысяч чалавек, за кошт расшырэння ўжо дзеючых вытворчасцяў — больш за 6 тысяч чалавек. Работа па стварэнні працоўных месцаў знаходзіцца на асаблівым кантролі ўрада. Пры гэтым, як адзначыла намеснік міністра эканомікі, масавага вызвалення рабочай сілы не было дапушчана. Больш за тое, у апошнія месяцы, па словах Ірыны Касцевіч, назіраецца павелічэнне попыту на рабочую сілу. У цэлым на сённяшні дзень, па звестках ведамства, на адну вакансію прэтэндуюць 1,5 беспрацоўных.

Былі таксама абмеркаваны праблемныя пытанні ў рабоце індывідуальных прадпрымальнікаў. Іх колькасць, па звестках на 1 красавіка 2016 года, скарацілася больш чым на 9 тысяч чалавек у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, што складае 3,9%.

Разам з тым апошнім часам назіраецца павелічэнне ліку нанятых індывідуальнымі прадпрымальнікамі работнікаў — іх колькасць у параўнанні з 1 красавіка мінулага года вырасла на 6 тысяч. Гэта значыць, па словах намесніка міністра эканомікі, некаторыя ІП, якія не справіліся з новымі патрабаваннямі, перайшлі ў наёмныя работнікі.

Міністэрства эканомікі цяпер працуе над тым, каб змяніць гэту негатыўную тэндэнцыю і нарасціць малое і сярэдняе прадпрымальніцтва. Было створана некалькі працоўных груп па рашэнні праблемных пытанняў, што тычацца індывідуальных прадпрымальнікаў, у выніку работы якіх самыя вострыя праблемы былі знятыя. Цяпер рыхтуецца праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года, у якой прапісаны сур'ёзныя мерапрыемствы для стварэння спрыяльнага дзелавога клімату.

Таксама Мінэканомікі дапрацоўвае праект пастановы Нацыянальнага банка і Саўміна па ўнясенні змяненняў па выкарыстанні плацежных тэрміналаў. Згодна з пастановай, можна будзе выкарыстоўваць адзін плацежны тэрмінал некалькімі ІП, а таксама адзін тэрмінал адным ІП, калі ў яго некалькі гандлёвых кропак. Яшчэ адзін момант: плацежны тэрмінал неабходна будзе выкарыстоўваць, толькі калі сярэднямесячная выручка ІП за квартал перавышае 300 базавых велічынь.

Абмяркоўваліся і пытанні сацыяльнай абароны насельніцтва ва ўмовах няпростай эканамічнай сітуацыі. Гэта датычыцца захавання сацыяльных гарантый для працоўных калектываў, а таксама ўзроўню заработнай платы, павелічэння дапамогі па беспрацоўі і інш.

У прыватнасці, як заявіла прадстаўнік Міністэрства эканомікі, у цяперашні час вядзецца работа над праектам указа аб дыферэнцаваным павышэнні дапамогі па беспрацоўі.

Прафсаюзы выступілі за такія новаўвядзенні ў заканадаўстве як страхаванне ад беспрацоўя і ад банкруцтва наймальніка. Так, пры банкруцтве прадпрыемстваў людзі часта застаюцца без заробку. Але работнікі не павінны заставацца без кампенсацыі і страчваць заробленыя грошы. Трэба ствараць гарантыйныя фонды для выплаты зарплаты ў такіх выпадках, лічыць старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл ОРДА.

Акрамя таго, лідар прафсаюзаў адзначае: «Пастанова Савета Міністраў ад 31 ліпеня 2014 года №744 «Аб аплаце працы работнікаў» дакладна вызначае, што зарплата павінна расці толькі з ростам прадукцыйнасці працы. Мы з гэтым згодныя: зарплату трэба зарабіць. Але павінна таксама выконвацца формула: не расце зарплата — не растуць і цэны».

— Кожнае прадпрыемства глядзіць, як і за кошт чаго знізіць выдаткі, але гэта не павінна адбывацца за кошт сацыяльных гарантый, — упэўнены старшыня Федэрацыі прафсаюзаў. — Гэта непрымальная формула. Маецца калектыўны дагавор, у якім ёсць дакладныя гарантыі, якія прафсаюзы вызначылі з наймальнікамі. Сёння штучна іх зніжаць немагчыма.

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Не за кошт сацыяльных гарантый...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.