Вы тут

Доля імпартазамяшчальнай прадукцыі ў прамысловасці дасягнула 27,9%


Работа па імпартазамяшчэнні ў краіне мае сістэмны характар на працягу многіх гадоў. Паводле слоў прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова, доля імпартазамяшчальнай прадукцыі ў прамысловасці дасягнула 27,9%. За апошнюю пяцігодку такой прадукцыі выраблена на суму каля 70 млрд долараў.


Кіраўнік урада адзначыў, што ва ўмовах адкрытасці нацыянальнай эканомікі выпуск якаснай імпартазамяшчальнай прадукцыі дазваляе задавальняць унутраны попыт і экспартаваць канкурэнтныя тавары за мяжу.

Прэм'ер-міністр нагадаў, што ўстаноўленыя канкрэтныя патрабаванні да вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі сёлета. Прырост такіх тавараў павінен скласці не менш за 600 млн долараў. Пры гэтым пастаўлена задача прыцягнуць да выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі малы і сярэдні бізнес.

«Хачу асабліва падкрэсліць, што, кажучы аб імпартазамяшчэнні, мы вядзём гаворку не толькі аб буйных прадпрыемствах. Часта замясціць імпарт не вельмі складаных у вытворчасці тавараў значна прасцей невялікім кампаніям, якія мабільныя і лепш адчуваюць, у якой прадукцыі спажывец мае патрэбу», — растлумачыў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, прадпрымальнікі здольныя стварыць сетку па прасоўванні айчынных тавараў не толькі ў лёгкай прамысловасці, але і ў іншых галінах.

Акрамя таго, прэм'ер-міністр падкрэсліў, што ў Беларусі рэалізуецца эфектыўная сістэма па абароне ўнутранага рынку. У першую чаргу гаворка ідзе аб спыненні гандлю кантрафактнымі таварамі лёгкай прамысловасці. Для прадпрымальнікаў дзейнічае забарона на гандаль без сертыфікатаў і суправаджальных дакументаў, наладжаны кантроль за выкананнем тэхрэгламентаў, праводзяцца сістэмныя праверкі. Устаноўлена неабходнасць праходжання імпарцёрамі санітарна-гігіенічнай экспертызы па асобных таварах. Як адзначыў Андрэй Кабякоў, усё гэта робіцца для забеспячэння законнай абароны правоў спажыўцоў на набыццё якаснага тавару.

Таксама прэм'ер-міністр падкрэсліў, што ад створанага па рашэнні кіраўніка дзяржавы новага антыманапольнага ведамства — Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю — чакаюцца пэўныя вынікі, у тым ліку ў пытаннях абароны ўнутранага рынку.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Замена імпарту

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.