Вы тут

Якія песні спяваць, збіраючы грыбы і ягады?


Калектыў «Дубравіца» з вёскі Рычоў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ўвесну 2013 года ўжо быў героем адной з праграм праекта «Наперад у мінулае» тэлеканала «Беларусь 3». Тады вынікам паездкі сталі запісы многіх мясцовых аўтэнтычных песень і наноў ператвораная «Вішанька-чарэшанька», выкананая гуртом разам з Галінай Шышковай. Але вяртацца туды, дзе спадабалася, дзе яшчэ чакаюць багатыя скарбы фальклору, ніколі не шкодзіць. Тым больш улетку, калі ў лясах мноства грыбоў і ягад, а ў Рычове ведаюць шмат адметных песень, якія дапамагаюць іх збіраць.

Таму наша карэспандэнтка разам з камандай праграмы «Наперад у мінулае» зноў накіравалася на Палессе. Тут нас чакае новая сустрэча з «Дубравіцай», знаёмства з выдатнай гаспадыняй Ганнай Бурак і пачастунак у выглядзе свежага каравая. Са старажытнай палескай тэхналогіяй выпечкі здобнага хлеба гледачы тэлеканала «Беларусь 3» змогуць пазнаёміцца 31 ліпеня, а чытачы «Звязды» — ужо сёння.


Лірыка ў лесе

Рычоў — вялікая палеская вёска з доўгімі вуліцамі, рэчкай непадалёк. Тут згадваюцца мележаўскія Курані, тут жывуць людзі з асаблівым светаглядам. Вось і ўдзельнікі «Дубравіцы», здаецца, ніколі не сумуюць, увесь час жартуюць паміж сабой, па-добраму адзначаючы адметныя рысы асобы фактычна кожнага. Яны і сёння па-заліхвацку танчаць, спяваюць вясёлыя прыпеўкі, некаторыя з якіх — уласнага аўтарства.

Гісторыя народнага фальклорнага ансамбля «Дубравіца» Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры налічвае ўжо больш за шэсць з паловай дзесяцігоддзяў. Гурт быў утвораны ў 1950 годзе настаўнікам мясцовай школы Васілём Лукашэвічам, а такую назву атрымаў, бо вёска Рычоў размяшчаецца каля дубровы, што ўздоўж берага ракі Сцвіга.

Сёння «Дубравіцай» кіруе Ганна Бурак, гурт прымае актыўны ўдзел у мясцовых і рэспубліканскіх святах, фестывалях. Яго рэпертуар адметны. Ва ўнікальнай палескай манеры ў выкананні калектыву можна пачуць як традыцыйныя песні, што спяваюцца на святы каляндарнага цыкла (калядныя, веснавыя), так і сямейна-абрадавыя. Асабліва багата жанчыны і мужчыны з калектыву ведаюць песень вясельных. З радасцю заспявае «Дубравіца» і пазаабрадавыя песні — пра няшчаснае каханне ці, наадварот, пра ганарлівых аптымістычных дзяўчат, здольных перажыць любое расстанне. Напрыклад, песня «Гурочкі»:

Посею гурочкі блізка над водою

Сама буду паліваці дробнаю

слезою.

Ой, растуць гурочкі —

шырокі лісточкі.

Не бачыла міленькага

чатыры годочкі.

Гэтая песня распавядае гісторыю няшчаснага кахання дзяўчыны. Яна спачатку пабаялася прывітацца з каханым пры бацьках, бо не «пасмела сказаць здраствуй», каб маці і бацька не насварыліся. Ды і каханы аказаўся падманшчыкам. Спачатку сказаў, што будзе любіць, а «цяпер смяецца» і «не гляне».

А вось крыху іншая гісторыя з сумнай назвай «Ой, жалю, мой жалю...» Песня расказвае пра каханне дзяўчыны і казака. Дзяўчына была згодная ахвяраваць для яго сваёй маладосцю, але:

Любіў козак дзеўку,

цяпер покідае.

Добра, што песня мае досыць аптымістычнае завяршэнне і дае надзею на новае каханне:

Нехай покідае, я плакаць

не буду,

Я дзеўка молода, без пары

не буду.

Удзель­ні­кі гур­та «Дуб­ра­ві­ца» лю­бяць па­жар­та­ваць.

У рэпертуары «Дубравіцы» — цэлы пласт адметных лесавых песень. Іх жанчыны выконвалі (і сёння спяваюць) падчас збору грыбоў, ягад у лесе. Адны з іх — сумныя і тужлівыя, гавораць пра няшчасную долю жонкі ў чужой старонцы, далёка ад роднага дома і бацькоўскай сям'і:

Ой, выйду я на вуліцу погуляць,

На вуліцы ўсёй трава-мурова.

Дзе ні гляну — то чужа

сторона...

Іншыя ж, наадварот, рытмічныя: такім завадным рытмам яны мусяць спрыяць плённай працы і дапамагаць хутчэй напаўняць кошыкі. Нават сюжэты «лясныя» маюць:

Ды по грыбы ходзіла

У зеленому гаю заблудзіла.

Да й прыбіла к зеленому дубу

Ой, я тута начаваці буду.

Але не хвалюйцеся, гісторыя мае добры фінал. Дзяўчына сустракае хлопца, які і выведзе яе з лесу.

Запрашаем на каравай

Кіраўніка калектыва «Дубравіца» Ганну Бурак у вёсцы ведаюць не толькі як выдатную спявачку і танцорку, але і як добрую гаспадыню, таленавітую кухарку. Яе святочныя караваі вядомыя ва ўсёй ваколіцы.

— Дочкі традыцыйна вучацца гатаваць з маці. Вось і мяне мама навучыла пячы караваі́ (у Рычове вымаўляюць гэта слова з націскам на апошні склад. — Аўт.). Праўда, яна рабіла іх крыху іншымі, без упрыгажэнняў, гэтаму я ўжо сама навучылася. Заўважала, якія кветачкі, закручаныя коскі на крамных булачках, а дома старалася паўтарыць. Паступова стала выдатна атрымлівацца, — кажа Ганна Мікалаеўна.

Такія караваі ў Рычове штодзень не пяклі. Гэтая справа патрабуе шмат часу і грашовых выдаткаў.

— Будны дзень — будная ежа, таму прыгожыя караваі пяклі на святы — Вялікдзень, Тройцу, іх таксама гатавалі на вяселлі, — тлумачыць гаспадыня. На яе памяці — шмат вясковых свят, сама Ганна Бурак жартуе, што са сваімі караваямі палову вёскі ажаніла і замуж выдала, многія з тагачасных жаніхоў і нявест ужо і ўнукаў маюць. Сёння ж маладыя не надта хочуць прытрымлівацца колішніх абрадаў, таму і пірагамі не надта цікавяцца.

Гаспадыня падзялілася рэцэптам сваёй фірменнай стравы. Каб спячы такі прыгожы і смачны каравай, які атрымаўся ў Ганны Мікалаеўны, спатрэбіцца: 1 літр малака, 4 яйкі, 100 грамаў свежых дражджэй, 8 лыжак цукру, 12 лыжак алею і трохлітровы слоік мукі. Цеста замешваецца да таго часу, пакуль яно не будзе адставаць ад рукі.

— Звычайна пірог пячэцца суткі. З раніцы цеста рашчыняюць, а на наступную раніцу пякуць. Гэта ж здобны хлеб — ён робіцца хутчэй, за некалькі гадзін. Рошчына падыходзіць прыкладна за 2 гадзіны, потым цеста выкладваецца ў форму і ставіцца ў разагрэтую печ, — дадае Ганна Бурак.

Раней цеста рашчынялі ў спецыяльнай драўлянай дзяжы, а пяклі ў печы на лапаце, на капусным лісце — каб хлеб быў чысты. Сёння ж у гаспадыні ёсць спецыяльная форма для пірагоў, ды і ўпрыгожанні яна робіць адметныя. З трох доўгіх кавалкаў цеста сплятае касу — атрымліваецца каласок, а каб атрымалася кветачка, трэба цеста парэзаць... нажніцамі.

На пчаль­ні­ку Юрыя Ры­дзец­ка­га мож­на  па­ба­чыць су­час­ныя вул­лі і ста­ра­жыт­ныя бор­ці.

Прадоўжыць справу продкаў

Калі трапляеш на гэтую сядзібу, здаецца, існуеш адразу ў некалькіх часавых вымярэннях. Сёння і ўчора, сучасная тэхніка і традыцыйныя рамёствы арганічна ўжываюцца побач на невялічкай тэрыторыі, а ўсе ўпрыгажэнні, нягледзячы на тое, што нядаўна зробленыя, выглядаюць старажытнымі. Мясцовы жыхар Юрый Рыдзецкі не забываецца на запаветы продкаў. У Рычове жылі яго бацькі, дзяды і прадзеды, таму мужчына сёння не проста ўладкоўвае бацькоўскую сядзібу. Сам навучыўся плесці з лазы, выразае з дрэва.

— Памятаю, што наша сядзіба і колісь выглядала неяк падобна, вакол хаты стаялі плятні з лазы. Таму і я працягваю справу бацькі і дзеда. Вырашыў аднавіць сядзібу, зрабіць усё з дрэва, — адзначае Юрый Афанасьевіч.

Гаспадар прызнаўся, што з жалезам працаваць не хоча, больш падабаецца рабіць упрыгажэнні з дрэва, як у старажытнасці. У яго прадзеда тут быў свой млын, а дзед і бацька захапляліся пчалярствам. Таму і Юрый Рыдзецкі — вядомы ў наваколлі пчаляр. Цікава, што ёсць на яго пчальніку як сучасныя рамачныя вуллі, так і борці, вырабленыя па традыцыйнай тэхналогіі са ствалоў дрэва. І гэта не аграсядзіба для турыстаў, не сховішча дзіваў, а звычайны дом для сям'і, утульны і цёплы. Сюды з задавальненнем прыязджаюць дзеці гаспадара, якія жыуць далёка ад дома. Сын уладкаваўся ў Полацку, а дачка — у расійскай Калузе.

— Мой бацька ўвесь час нешта рабіў па гаспадарцы. Не мог проста так сядзець. Вось і я не магу без працы, — кажа Юрый Рыдзецкі.

Здаецца, што менавіта ў гэтых словах хаваецца спрадвечная мудрасць палешука ці, шырэй, усіх беларусаў. Клопат пра ўласны дом і сям'ю мусіць стаць галоўнай справай у жыцці гаспадара і гаспадыні. І хай у гэтым клопаце будзе больш спрадвечных рыс, запаветаў нашых продкаў.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Выведзь мяне з зялёнага гаю, бо сама я дарожкі не знаю...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.