Вы тут

Ну, не Апалон...


Вось так заўсёды. Калі ты ні з кім не хочаш размаўляць, з табой чамусьці хочуць усе. Разгар працоўнага дня, чарговы тэлефонны званок... Здымаю трубку і чую:

— Выходзь за мяне замуж!


Ну канешне, як я магла забыць? Пасля апошняй зробленай падобным чынам прапановы прайшоў амаль што год. Усяго іх (прапаноў) было, здаецца, пяць. Без уліку сённяшняй, зразумела.

— Не магу.

— Чаму?

— Таму што, па-першае, я цябе не кахаю. А па-другое, у мяне ўжо ёсць муж, і ты пра гэта цудоўна ведаеш.

— Ведаю. Пашанцавала ж мярзотніку!

— Чаму мярзотніку?

— Таму што гэта не я.

...Колькі гадоў мы паўтараем гэту бессэнсоўную размову.

— Калі я магу патэлефанаваць табе зноў?

— Праз год.

— У мяне з'явіцца шанц?

— Надзея памірае апошняй, — адказваю я і кладу трубку.

Трэба ж быць такім настырным! Хаця... Хіба раней ён паводзіў сябе інакш?

...Стаяў не па-асенняму цёплы верасень. Народ па вечарах высыпаў на вуліцу ў шортах і майках, а на кожным рагу цалаваліся закаханыя парачкі.

На задняй пляцоўцы аўтобуса было малалюдна. Я павярнулася спінай да праходу і ўставілася ў акно. Праз пару хвілін увагу прыцягнуў дзіўны аб'ект — чорны «фольксваген».

У самім аб'екце, праўда, нічога незвычайнага не было. Дзіўным падалося тое, што «фольксваген» увесь час ехаў непасрэдна за аўтобусам, паўтараючы яго маршрут і прытарможваючы на прыпынках. Раптам аўто міргнула фарамі. Потым яшчэ і яшчэ раз...

На прыпынку я выйшла, краем вока заўважыўшы чорны аўтамабіль, у якім ужо адчыняліся дзверкі.

— Вы заўсёды імкняцеся збегчы ад лёсу?

Ён дагнаў мяне і пайшоў побач. «На маньяка не падобны», — падумала я з палёгкай. Аднак да Алена Дэлона майму спадарожніку таксама было далёка. Невысокі, грузнаваты, лысаваты, з жывоцікам... Пасля вымушанай прабежкі яго твар пачырванеў і пакрыўся кропелькамі поту. Мужчына папрасіў прабачэння, дастаў насоўку і пачаў выціраць твар... Я пашкадавала яго і збавіла хуткасць.

Ён быў роўна на дваццаць пяць гадоў старэйшы за мяне. І імя такое старамоднае — Міраслаў.

— Я ні на што не прэтэндую, — сказаў сур'ёзна. — Проста мне хацелася б, каб мы хоць зрэдку бачыліся.

— А як жа ваша жонка? — пацікавілася я проста так.

— Мы разышліся тры гады таму. Яна пайшла да іншага мужчыны, дзеці жывуць асобна. Так што я — зайздросны халасцяк з жылплошчай.

Я паглядзела на яго са шкадаваннем, падумаўшы, што ні кватэра, ні іншыя атрыбуты не дапамогуць яму дабіцца пастаўленай мэты. Праўда, адчуваць яўную сімпатыю і нават захапленне з боку мужчыны, які тое-сёе пабачыў у жыцці, было ўсё ж прыемна. І калі ён дастаў сваю візітную картку, я, доўга не думаючы, узяла яе і паклала ў сумачку, у патайную кішэньку.

Урэшце, што я страчвала? Муж ужо цэлы год круціў раман з дваццацігадовай студэнткай, не надта абцяжарваючы сябе прыдумляннем больш-менш праўдападобных версій сваёй пастаяннай адсутнасці. А мне... Мне да смерці хацелася закахацца, я не магла жыць паўнацэнным жыццём, не адчуваючы сябе камусьці патрэбнай. І час ад часу ціхенька прасіла ў таго, хто распараджаецца лёсамі і пачуццямі: «Гасподзь, ну пашлі мне хоць каго-небудзь, каб свет не здаваўся такім шэрым!»

Між тым даўно заўважана: калі прасіць аб чым-небудзь вельмі шчыра і вельмі заўзята, то, хутчэй за ўсё, жаданае атрымаеш. Іншая справа, што, можа, не адразу атрымаеш, а крыху пазней (пакуль там, у нябеснай канцылярыі да цябе чарга дойдзе!..) Ты, можа, і забыцца паспееш пра сваё жаданне, а яно — раз! — і спраўдзіцца. І ўжо быццам бы не патрэбна табе тое, без чаго раней жыць не мог, а ўсё роўна будзь ласкавы — вазьмі. Можа, у наступны раз тройчы падумаеш, перш чым заказы наверх пасылаць.

З дня гэтай сустрэчы маё жыццё перамянілася. Я ператварылася сама меней у багіню. Кожную раніцу Міраслаў (ці проста Слава) адвозіў мяне на працу і кожны вечар адтуль забіраў. Па дарозе, калі ў мяне былі час і жаданне, мы заязджалі куды-небудзь павячэраць — у піцэрыю ці невялікі рэстаранчык. Міраслаў баяўся, што я буду з ім сумаваць, і стараўся забаўляць мяне з усіх сіл. Купляў білеты на канцэрты заезджых «зорак», прывозіў з камандзіровак кнігі навамодных аўтараў, а часам проста вазіў па вячэрнім горадзе, расказваючы цікавыя гісторыі пра вулачкі і завулкі свайго (чаго грахі таіць — далёкага) юнацтва.

Я разумела: ён хоча мяне прыручыць. Павольна і паступова, дзень за днём, крок за крокам запаўняючы сабой маё жыццё, парушаючы мае правілы, навязваючы мне ўласны расклад.

Ён не патрабаваў удзячнасці, хоць відавочна чакаў яе. А я рабіла ўсё для таго, каб адцягнуць момант расплаты. І кожны дзень прачыналася з надзеяй, што, магчыма, сёння ў маім сэрцы праклюнуцца кволыя парасткі закаханасці.

Дарэмна... Сэрца ніяк не хацела рэагаваць на заклікі розуму, а без гэтага маё цела заставалася «мёртвым». Адданасць, закаханасць свайго прыяцеля я магла ўсяго толькі ацаніць. Адказаць жа на іх, на жаль, была не ў стане.

Ён успрымаў мае пастаянныя адмовы на дзіва спакойна (уяўляю, чаго яму гэта каштавала). У нашых адносінах нічога не мянялася. Слава служыў мне, як верны васал сваёй гаспадарыні, просячы толькі аб адным — не пакідаць яго, прымаць як данасць, дазваляць яму няньчыцца са мной заўсёды, калі мне гэтага захочацца (у яго ж гэтае жаданне не знікала ніколі).

...Аднойчы, калі мы без усялякай мэты блукалі па вуліцы і ён цярпліва тлумачыў мне, як трэба разумець сэнс рамана Маркеса «Сто гадоў адзіноты», у мяне нечакана зламаўся абцас. Нядоўга думаючы, мой спадарожнік падхапіў мяне на рукі і, не звяртаючы ўвагі на здзіўленыя позіркі прахожых, панёс да бліжэйшай майстэрні. Там, аддаўшы боцікі ў тэрміновы рамонт, пасадзіў мяне ў крэсла і ўхутаў ногі сваім шалікам.

Што павінна была зведаць пасля ўсяго гэтага жанчына? Правільна, пачуццё пяшчоты і ўдзячнасці. Я ж адчула толькі віну за тое, што не магу адказаць яму чымсьці падобным. Магчыма, ён памылкова прыняў маю вінаватасць за нешта большае, таму што на вуліцы спыніў таксі і сказаў вадзіцелю свой адрас. Мне ж было няёмка адмаўляцца...

Па сённяшні дзень адганяю ад сябе ўспаміны пра той вечар. Хоць нічога страшнага не адбылося. Ён паставіў на стол вазачку з цукеркамі, адкаркаваў бутэльку марціні. Папрасіў прабачэння, што не падрыхтаваўся да майго візіту па поўнай праграме — так нечакана ўсё атрымалася. Паставіў дыск з неназойлівай музыкай і... пачаў раздзявацца. У гэты кароткі прамежак часу я паспела падумаць пра адну вельмі цікавую рэч. Чаму ў жаночай дылеме — што лепш: кахаць ці быць каханай — заўсёды перамагае жаданне быць каханай? Першы ж псіхатэрапеўт скажа, што гэта сведчыць аб нізкай жаночай самаацэнцы і закамплексаванасці. Ды і з пункту гледжання фізіялогіі пры такой раскладцы вельмі няпроста дайсці да найвышэйшай кропкі самааддачы...

Ці варта казаць, што гэта было наша першае і апошняе блізкае спатканне? Вельмі хутка адносіны — па маёй ініцыятыве — увогуле звяліся да тэлефонных званкоў. Сяброўка спрабавала пераканаць мяне, што, калі б Міраслаў быў Апалонам Бельведэрскім, усё магло б скончыцца не так бяздарна. Маўляў, я не ацаніла яго шырокую натуру, таму што мне была патрэбна прыгожая абалонка.

Вось тут яна якраз памыляецца. Апалон не Апалон... Для закаханай жанчыны яе мужчына — нават самы апошні заморак — лепшы не тое што за Аполона, а нават за акцёра Дамагарава ці таго ж Роберта дэ Ніра. Калі ж не распаліўся ў жаночым сэрцы пажар, тут ужо ніякія формы і канфігурацыі не выратуюць.

І яшчэ. Каханага мужчыны ў нашым жыцці павінна быць роўна столькі, колькі мы самі можам яму дазволіць. І ні ў якім разе не больш. Інакш наступіць стойкая перадазіроўка.

Цяпер на маім асабістым фронце ўсё ў поўным парадку! На работу і з работы езджу на грамадскім транспарце, абутак у рамонт нашу сама, за абеды ў кавярні разлічваюся з уласнай кішэні. І паверце, адчуваю сябе абсалютна шчаслівай. Святы ў асабістым жыцці, вядома, здараюцца, але не так часта, каб надакучыць. Зрэшты, гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Ала БЫВАЛАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.