Вы тут

Радасць для цёці Тані


— Вось зараз сустрэнем тату з працы і пойдзем разам выбіраць падарунак цёці Тані на дзень народзінаў, — кажа знаёмая сваёй пяцігадовай дачцэ.

— А ў мяне ўжо ёсць для яе падарунак, — інтрыгуе Насця.

— ?

— Я падару ёй радасць.


У парку, што ля Чыжоўскага вадасховішча, на выхадных заўсёды процьма бацькоў з дзеткамі. Таму я часта хаджу туды па натхненне. Вось і на гэты раз пасля слоў «Тата, нічога страшнага, калі мой кубік (малеча трымае ў руках кубік Рубіка) зламаецца...» навастрыла вушы — падрыхтавалася захапляцца чарговай геніяльнай думкай дзіцяці. Але пачула банальнае «Ты ж мне купіш новы».

Пра розныя хібныя ўстаноўкі, траўмы, страхі і комплексы, якія вечна занятыя бацькі несвядома прывіваюць сваім дзецям, наслухалася на фестывалі трэнінгаў «Лёгкае жыццё».

«З дзяцінства я чула: ты ПАВІННА скончыць школу з залатым медалём, паступіць ва ўніверсітэт на бюджэт, паспяхова (!) выйсці замуж, — падзялілася сваёй гісторыяй Марына. — «Каб усё было, як у людзей», — любіла паўтараць мая мама (якая пры гэтым працавала на дзвюх работах, забываючыся пра сябе). І працягвала навязваць мне свой сцэнар паспяховага жыцця. Я яго бяздумна пражывала, бо з дзяцінства прызвычаілася слухацца. Але пры гэтым не адчувала сябе шчаслівай»

«Бацькі заўсёды параўноўвалі мяне са старэйшай сястрой, — падхапіла Света. — Таму я расла з комплексам непаўнавартаснасці. Таня была і прыгажэйшая, і вучылася лепш за мяне. Тады я вырашыла даказаць ім, што і я магу. Паступіла ва ўніверсітэт, скончыла яго з чырвоным дыпломам... Але комплекс, што я горшая за кагосьці, дагэтуль не пакідае. Па звычцы працягваю ўсім нешта даказваць».

У вёсцы Горная Рута, што ў Гродзенскай вобласці, жыве рамеснік Мікіта Цехановіч са сваёй сям'ёй. Пазнаёмілася я з ім на кірмашы, дзе ён разам з маленькім сынам Дабрынем прадаваў самаробных конікаў-качалак. Яшчэ тады я з захапленнем назірала за ідыліяй, якая пануе паміж бацькам і сынам. А на днях у інтэрнэце выпадкова натрапіла на мудрыя развагі Мікіты пра выхаванне дзяцей: «Дзеці дасканалыя ад нараджэння. Я сваю задачу бачу ў тым, каб уважліва да іх ставіцца і дапамагаць заставацца сабой, захоўваць чысціню, непасрэднасць, давер да свету, жыцця. Як, напрыклад, робяць скульптуру? З каменнай глыбы трэба акуратна прыбраць усё лішняе. А ў нас на дзяцей усё наляпляюць: бацькі, бабулі, дзядулі, людзі ў двары, у школе. Ды так, што яго сапраўднага ўжо і не бачна. Я 20 гадоў жыцця займаюся тым, што ўсё гэта з сябе прыбіраю, каб узгадаць, хто я сапраўдны і навошта на гэтую зямлю прыйшоў. І менавіта дзеці мне ў гэтым дапамагаюць».

Аднойчы мудрэц убачыў мужчыну, які нёс на плячах неабдымна велізарны груз. Было заўважна, як у яго ад такога цяжару падкошваюцца ногі.

— Чаму ты асудзіў сябе на цяжкую працу і пакуты? — спытаўся стары.

— Каб мае ўнукі і дзеці былі шчаслівымі, — адказаў небарака. — Мой прадзед працаваў не пакладаючы рук дзеля дзеда, дзед — дзеля бацькі, бацька — дзеля мяне, а я буду пакутаваць дзеля шчасця маіх дзяцей.

— А хоць хтосьці ў вашай сям'і быў шчаслівым? — пацікавіўся мудрэц.

— Пакуль яшчэ не, але дзеці і ўнукі, напэўна, стануць шчаслівымі! — летуценна прамовіў мужчына. Змахнуў з ілба кропелькі поту і зноў узваліў на плечы цяжкі груз.

— На жаль, непісьменны не можа навучыць чытаць, а крот ніколі не выхавае арла! — уздыхнуў мудры чалавек. — Спярша трэба навучыцца самому быць шчаслівым, толькі тады ты зможаш навучыць дзяцей шчасцю. І гэта будзе твой самы каштоўны падарунак.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

dryla@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.