Вы тут

Літаратары з 14 краін абмеркавалі ролю кнігі ў сучасным грамадстве


Яны расказвалі пра ўвасобленыя ў жыццё міжнародныя літаратурныя праекты і планы на будучыню. Абмяркоўвалі сучаснасць, у якой, несумненна, значнымі застаюцца вобраз і спадчына нашага першадрукара Францыска Скарыны. За дзясятым, юбілейным «круглым сталом», што прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і па традыцыі адкрыў Дзень беларускага пісьменства, сабраліся прадстаўнікі Беларусі, Літвы, Расіі, Вялікабрытаніі, Казахстана, Сербіі, Славакіі, Кітая, Таджыкістана і іншых краін. Арганізатарамі «круглага стала», які атрымаў назву «Сугучча: слова Скарыны ў сучасным свеце», выступілі Міністэрства інфармацыі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура» і Саюз пісьменнікаў Беларусі.


Лі­лія Ана­ніч.

Удзельнікаў прывітала міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч. Яна зазначыла:

— Спадзяюся, гэты «круглы стол» будзе садзейнічаць умацаванню міждзяржаўных літаратурных сувязяў і стане доказам таго, што мы непарыўна звязаныя вузамі духоўнасці. Бо кніга як адно з найбольшых дасягненняў чалавецтва робіць важкі ўнёсак у міжнароднае гуманітарнае супрацоўніцтва. Словы нашага Прэзідэнта «Страцім кнігу — страцім краіну» з'яўляюцца найлепшым адлюстраваннем дзяржаўнай палітыкі ў галіне літаратуры і кнігавыдання, якая атрымлівае вялікую падтрымку. Сведчаннем гэтага з'яўляюцца візітоўкі літаратурнай прасторы: Дзень беларускага пісьменства і «круглы стол» «Сугучча», Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш і Міжнародны сімпозіум літаратараў. А таксама магчымасць на дзяржаўным узроўні аказваць падтрымку таленавітай моладзі і літаратурнай перыёдыцы. Мы штогод выдаём кнігі серыі «Школьная бібліятэка», творы беларускіх аўтараў, каб фонды бібліятэк папаўняліся класічнай і сучаснай нацыянальнай літаратурай. Пры дзяржаўнай падтрымцы ў 2017 годзе будзе адзначацца і знакавы для ўсходнеславянскай прасторы юбілей — 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. У нашай краіне вядзецца вялікая падрыхтоўчая работа да гэтага знакавага юбілею, ужо сёлета праводзіцца шмат тэматычных мерапрыемстваў, распрацоўваецца план на будучыню. Вядома, у першую чаргу да святкавання далучаецца галіна кнігавыдання: будзе падрыхтаваны шэраг праектаў і выдадзена шмат кніг, прысвечаных спадчыне Францыска Скарыны. Адну з іх — «Францыск Скарына на мовах народаў свету» — мы палічылі важным перавыдаць напярэдадні Дня пісьменства, каб засведчыць, што спадчына нашага першадрукара агульная для ўсяго чалавецтва.

Нам трэба рабіць гістарычнае мінулае актуальным, каб новыя пакаленні трывала стаялі на гуманістычных прынцыпах, якія сцвярджаў у тым ліку і Францыск Скарына.

Дзякуючы міждзяржаўным літаратурным кантактам у нашай краіне папаўняецца скарбніца нацыянальнага кнігавыдання. Беларускія выдавецтвы актыўна супрацоўнічаюць з творцамі з іншых краін, у выніку творы замежных аўтараў прыходзяць у нашы бібліятэкі і на кніжныя паліцы. Многія з гэтых выданняў сталі знакавымі праектамі ў маштабах кніжнай спадчыны Садружнасці Незалежных Дзяржаў — дастаткова прыгадаць выдатную серыю кніг «Сугучча». Важна, што дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву і творы беларускіх літаратараў знаходзяць больш кароткі шлях да чытача ў іншых краінах.

Алесь Ба­дак.

Алесь Бадак, пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

— Слова Скарыны актуальнае сёння, можа быць, як ніколі. Пяць стагоддзяў таму людзі не мелі сродкаў для такой лёгкай, як сучасная, камунікацыі, таму з'яўленне беларускага кнігадрукавання было велізарным крокам наперад, такім жа подзвігам у гэтым кантэксце з'яўляецца перапісванне кніг Еўфрасінняй Полацкай. Сёння нам важна ўспамінаць гэта і вучыцца ў вялікіх папярэднікаў, таму што кніга страчвае святасць, якую мела ў той час. Яе параўнальна лёгка выдаць і прадаць, але і забыць таксама. Калі б мы нават не ідэнтыфікавалі аўтара, маглі б па некалькіх радках вызначыць, што Скарына — беларус. А ведаеце, у чым унікальнасць беларускай літаратуры? Тут няма кніг бульварнага кшталту. Такі менталітэт: калі мы пачынаем пісаць прыгодніцкую літаратуру ці дэтэктывы, з'яўляецца Караткевіч; пішам героіка-патрыятычную літаратуру — з'яўляецца Быкаў. Усё ідзе ад Скарыны. Таксама мы павінны памятаць, што ён быў перакладчыкам і пачаў справу, якой мы з вамі сёння займаемся і якую прапагандуем.

Юрый Каз­лоў.

Юрый Казлоў, празаік, галоўны рэдактар часопіса «Роман-газета», Масква:

— У скарынаўскай асветніцкай дзейнасці былі дзве галоўныя ідэі — сцвярджэнне высокіх хрысціянскіх ідэалаў і барацьба за кнігу і культуру. Я толькі што вярнуўся з Палесціны, дзе ўдзельнічаў у культурным форуме. Я заўважыў, што падчас паездкі да Гроба Гасподняга члены дэлегацыі з Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі ці Іспаніі рабілі фота, глядзелі па баках і выказвалі поўную абыякавасць да хрысціянскіх каштоўнасцяў. У той жа час мяне парадавала, што прадстаўнікі славянскіх народаў (сербы, беларусы, украінцы і рускія) шчыра перажывалі, маліліся і выказвалі свае пачуцці. Тое, за што змагаўся Скарына, зноў становіцца актуальнай праблемай чалавецтва. Кніга паслядоўна і сістэмна выцясняецца з жыцця чалавека, скарачаецца колькасць кніжных крам, у шматлікіх раённых цэнтрах Расіі няма ніводнай кнігарні. З меркаванняў аптымізацыі закрываюцца і бібліятэкі. Кнігі выдаюцца мізэрнымі накладамі, што прыводзіць да бязмернага павелічэння кошту асобнікаў і робіць іх амаль недаступнымі для людзей са сціплымі даходамі (а гэта каля 90% насельніцтва краіны). У сучасных кватэрных інтэр'ерах увогуле не прадугледжана месца для кніг: кніжная шафа ці паліца становяцца рарытэтамі. Расце новае пакаленне людзей, якія прынцыпова не разумеюць каштоўнасць кнігі і атрымліваюць асалоду выключна ад спажывання матэрыяльных выгод.

Але мне здаецца, што ў кнігі як артэфакта нацыянальнай культуры ёсць шанц выжыць у час глабалізацыі.

Павінна распачацца наступленне нацыянальнага мастацтва на масавую культуру, на банальныя серыялы і кнігі кшталту «Пяцьдзясят адценняў шэрага». Напісаная таленавітым аўтарам, праілюстраваная таленавітым мастаком кніга, ў якой распавядаецца, як жывуць, што адчуваюць і пра што думаюць людзі пэўнай нацыі ў сучаснай дзяржаве, абавязкова будзе карыстацца попытам, бо народ адчувае праўду і бачыць будучыню. Якасныя, напісаныя на нацыянальных мовах кнігі дапамогуць прадстаўнікам нашых народаў адстаяць права на ўласны шлях развіцця і застацца людзьмі, таму што чалавек без кнігі — ужо не чалавек у сапраўдным значэнні слова.

Наколькі дзяржава нацыянальна арыентаваная, можна меркаваць па тым, як яна ставіцца да кніжнай справы: у гэтых адносінах Беларусь можа служыць прыкладам, у прыватнасці для Расіі. Хачу таксама дадаць, што зборнік беларускай сучаснай прозы, які мы даўно планавалі ў нашым часопісе, выйдзе ўжо ў першай палове 2017 года.

Ва­ле­рый Ка­за­коў.

Валерый Казакоў, пісьменнік, паэт, намеснік старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі»:

— Важна, што мы пачынаем вяртацца да нашай мінуўшчыны, а гэты пласт невычэрпны. 25 гадоў таму распаўся Савецкі Саюз. Нехта называе гэта вялікай трагедыяй, нехта лічыць, што трагедыяй было яго стварэнне. Мы прыдумалі містычны вобраз постсавецкай прасторы, хоць яе не існуе: існуюць толькі пятнаццаць незалежных дзяржаў, кожная з якіх будуе ўласную незалежную, сучасную краіну. У Расіі, напрыклад, гэтае будаўніцтва адбываецца без дастатковай увагі да нацыянальнай літаратуры, але яна існуе! У ролі міратворцы тут выступае Беларусь: не толькі з прычыны, што тут жывуць памяркоўныя людзі, але і таму, што яна захавала сама сябе. Не так даўно я праехаў амаль усю Еўропу. У Італіі нас спыніў паліцэйскі і на ламанай рускай спытаў, ці не з Беларусі мы. Мы ехалі на машыне з беларускімі нумарамі, я і адказаў, маўляў, так, з Беларусі. «Я быў там, цудоўная краіна!» — адказвае паліцэйскі. «Дык а чаго спыніў?» — «Вось гэта і сказаць!» Ён не глядзіць беларускага тэлебачання і не чытае беларускіх газет, але ведае пра Беларусь. У нас засталося мала пляцовак, дзе мы можам вось так разам сустракацца, і я ўдзячны за тое, што Беларусь гэтай пляцоўкай з'яўляецца.

Свят­ла­на Анань­е­ва.

Святлана Ананьева, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва імя Аўэзава міністэрства навукі і адукацыі Рэспублікі Казахстан:

— Мы можам доўга разважаць аб унікальнай сацыякультурнай сітуацыі ў кожнай з нашых краін, але нешта агульнае нас аб'ядноўвае і дазваляе думаць аб будучыні. Дзякуючы Выдавецкаму дому «Звязда» Францыск Скарына загаварыў на мовах народаў свету. У кожнай краіне ёсць канкрэтныя асобы, якія будуюць наша супрацоўніцтва, з іх удзелам Казахстан зрабіў свой унёсак у пераклады на казахскую, карэльскую, удмурцкую і курдскую мовы (мы ганарымся сваёй этнічнай разнастайнасцю). Наша супрацоўніцтва пераходзіць на новы ўзровень: у літаратурным праекце «Абай Кунанбаеў і яго творчасць» Беларусь будзе прадстаўлена артыкулам Міколы Мятліцкага, які пераклаў казахскага класіка на беларускую мову. Нашы літаратурныя часопісы гатовы даць пляцоўкі для публікацый беларускіх аўтараў. Я ганаруся таксама тым, што ў нашай калектыўнай манаграфіі «Сусветны літаратурны працэс XXІ стагоддзя» будзе раздзел аб беларускай літаратуры, і спадзяюся на індывідуальную манаграфію, якая адлюструе беларуска-казахскія літаратурныя сувязі, бо яны ёсць.

Ма­рат Ахме­джа­наў.

Марат Ахмеджанаў, дырэктар выдавецтва Hertfordshіre Press у Вялікабрытаніі, арганізатар Open Central Asіa Book Forum&Lіterature Festіval:

— Скарына стаяў ля вытокаў фарміравання беларускай ідэнтычнасці праз выкарыстанне ў кнігадрукаванні беларускай мовы. Сёння мы можам бачыць, як літаратура і пісьменства Беларусі выкарысталі гэта для свайго развіцця. На жаль, у кнігарнях Вялікабрытаніі мала кніг беларускіх аўтараў на англійскай мове, але мы плануем прыняць удзел у прасоўванні беларускай літаратуры для англамоўных чытачоў усяго свету. Каля двух мільёнаў этнічных беларусаў жывуць за мяжой, палова з іх — у англамоўных краінах. Праз выданне кніг беларускіх пісьменнікаў на англійскай мове мы можам не толькі прапагандаваць культуру Беларусі, але і аб'яднаць яе дзяцей вакол гістарычнай радзімы. Мы будзем гэтаму садзейнічаць і спадзяёмся, што Беларусь прыме ўдзел у міжнароднай кніжнай выстаўцы ў Лондане ў 2017 годзе.

Ін­эса Слюнь­ко­ва.

Інэса Слюнькова, гісторык архітэктуры, мастацтвазнаўца з Расіі:

— Я прадстаўляю кнігі, прысвечаныя помнікам гісторыі і культуры, у большай ступені помнікам архітэктуры. Гэты напрамак дастаткова паспяхова развіваецца: калі я жыла ў Беларусі, такой колькасці высакакласнай літаратуры на такой якаснай паліграфічнай базе не было. Наша работа ў нейкай ступені аднаўляе культурную прастору (да якой у тым ліку адносіцца Францыск Скарына), нашы кнігі часам суправаджаюць канкрэтныя прыклады аднаўлення аб'ектаў культуры. Я шмат вандрую, вывучаю помнікі архітэктуры ў Беларусі, Расіі і іншых краінах (нядаўна наведала Тураў, бачыла выдатныя будынкі і музеі) і магу сказаць, што наша літаратура спадарожнічае знаёмству з культурай іншых краін, яна запатрабавана як у Беларусі, так і ў Расіі, хоць у Беларусі працэс яе выдання лепш наладжаны.

Кажуць, Беларусь перажывае культурны рэнесанс — здаецца, гэта сапраўды так.

Ге­ор­гій Мар­чук.

Георгій Марчук, беларускі празаік, сцэнарыст, драматург:

— Слова Скарыны натхняе нас на творчасць, нагадвае пра высокія гуманістычныя ідэі, дзеля якіх ён жыў. Існуе казка, заснаваная на дакументальным факце. Прылятае шпак вясной і не можа трапіць дадому, бо сквапны гаспадар забіў уваход у яго домік дошкай. Шпак лётаў-лётаў, а на трэці дзень прыляцеў з дзятлам, каб той прадзёўб гэтую дошку. Мы зараз, як той дзяцел: часам навязваюць татальнае знішчэнне чалавекалюбства, але мы стаім на пазіцыях, пра якія казаў Скарына: патрыятызм і папулярызацыя духоўнасці і дабрыні.

 Яро­ні­мас Лаў­цюс.

Яронімас Лаўцюс, дзіцячы пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Тры зорачкі» з Вільнюса:

— Мне здаецца, калі б мы тут сабраліся і проста памаўчалі, нават тады атрымалі б шмат пазітыву — я адчуваю аўру, што ідзе ад арганізацыі мерапрыемства і ўвагі рэспублікі да літаратуры. На пачатку маёй пісьменніцкай дзейнасці мне казалі: «Яронімас, што ты будзеш пісаць, ужо даўно пра ўсё напісана». Што дзіўна, аказалася наадварот: новых тэм хапае — чытачоў не хапае! Наклады меншыя, але пісьменнікі пішуць начамі, друкарні працуюць у тры змены. Я пачаў друкавацца трыццаць гадоў таму. З тых часоў шмат што змянілася, сталі часта казаць: «У здаровым целе хворы дух». У Літве, напрыклад, адзін з самых вялікіх попытаў на антыдэпрэсанты, вялікі працэнт суіцыдаў. Але колькі сярод іх хворых ад нічога, якія проста кажуць: «Я не люблю сябе»? Ці ж патрэбны ў гэтых выпадках псіхолагі?

Пісаць трэба больш! Каб нашы кнігі ажыццяўлялі эгатэрапію — клопат пра сябе, напаўнялі чалавека эмоцыямі. Як той казаў: «Калі няма святла ў вачах, ці можа чалавек бачыць сонца?»

Адам Ахматукаеў.

Адам Ахматукаеў, член Саюза пісьменнікаў Расіі і член Клуба пісьменнікаў Каўказа з горада Грозны:

— Пасля апошняй вайны ў Чачэнскай Рэспубліцы мы, у тым ліку літаратура, стараемся выкараскацца з даволі цяжкага становішча. Мінулыя сувязі паміж літаратарамі сышлі разам з імі, новаму пакаленню трэба будаваць усё наноў. Першым крокам на гэтым шляху стала сустрэча паўночнакаўказскіх расійскіх пісьменнікаў у Грозным. Вынікам сталі стварэнне Клуба, узаемныя пераклады і публікацыі ў літаратурна-мастацкіх часопісах. Я прадстаўляю і Саюз пісьменнікаў Чачэнскай Рэспублікі. Летась я ўдзельнічаў у форуме пяці прыкаспійскіх дзяржаў, тэмай якога быў мастацкі пераклад. У выніку я пераклаў на чачэнскую мову каля дванаццаці аўтараў, што былі апублікаваны на старонках грозненскіх часопісаў. Мы ўзаемаўзбагачаемся, бо і нашы творы публікуюцца ў іншых краінах. Учора было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Клубам пісьменнікаў Каўказа і Выдавецкім домам «Звязда». Мы будзем развіваць, узаемна перакладаць і публікаваць нашы творы. Думаю, хутка ў нас з'явяцца пераклады з беларускай мовы на чачэнскую.

Падчас «круглага стала» ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі былі ўручаны медалі за вялікі ўклад у літаратуру. Іх атрымалі Адам Ахматукаеў, перакладчыца і намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Лю Сулін, паэт і публіцыст з Таджыкістана Таір Раджабаў і іншыя аўтары. Былі ўручаны таксама падзякі ад Міністэрства інфармацыі Беларусі за вялікі асабісты ўклад у развіццё міжлітаратурных сувязяў і актыўнае партнёрства ў араганізацыі міжнародных «круглых сталоў» «Сугучча». Іх атрымалі Святлана Ананьева, Лю Сулін, Валерый Казакоў, Юрый Казлоў, публіцыст і ганаровы консул Беларусі ў Сербіі Драгамір Карыч.


На «круглым стале» «Сугучча» прысутнічаў саветнік Пасольства Расіі ў Беларусі Вадзім Гусеў, які падчас свайго выступлення прынёс добрую навіну: «Гістарычна склалася, што асоба першадрукара Скарыны аб'ядноўвае культурныя прасторы нашых народаў. Расійскія вучоныя аддаюць прыярытэтную ўвагу вывучэнню кніжных збораў Францыска Скарыны і захаванню яго духоўнай спадчыны. Улічваючы важнасць свята 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, што адбудзецца ў 2017 годзе, хачу сказаць, што набліжаецца да завяршэння вырашэнне пытання аб перадачы арыгінальных выданняў Францыска Скарыны з Расійскай дзяржаўнай і Расійскай нацыянальнай бібліятэк для міжнароднай выстаўкі ў Беларусі».

Старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Сяргей Кандыбовіч у сваю чаргу расказаў, што шматлікія арганізацыі ў Расіі ў розных формах рыхтуюцца да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання: «У верасні мы знаходзімся ў чаканні шэрагу мерапрыемстваў, звязаных з асветай. На адным з іх, на кніжнай выстаўцы ў Маскве, размесціцца не проста стэнд беларускай літаратуры, для яе тут будзе адведзена самае прыгожае і знакавае месца. Нядаўна я быў у літаратурным музеі Янкі Купалы ў Татарстане, тут класік жыў у эвакуацыі. Я быў захоплены стаўленнем да беларускага літаратара. Нам трэба выкарыстаць магчымасць адкрыць у цэнтральных кніжных магазінах Расіі аддзелы беларускай літаратуры, што несумненна будзе запатрабавана. Праект «Сугучча» будзе нашым сумесным сцягам прапаганды літаратуры, гэта і наш абавязак».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Відэа з круглага стала

Загаловак у газеце: Артэфакт нацыянальнай культуры

Каментары

Вялікі дзякуй! Думаю, з гэтага будзе добры плён. Да сустрэчы ў Полацку!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.