У Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце правялi незвычайны эксперымент — трое абiтурыентаў часова сталi студэнтамi: наведвалi лекцыi i практычныя заняткi, харчавалiся ў сталовай i ўвогуле вялi студэнцкi лад жыцця. «Палiгонам» для праекта «Студэнт на тыдзень» стаў Iнстытут журналiстыкi БДУ. Пасля яго завяршэння ўдзельнiкi падзялiлiся ўражаннямi.
У склад шчаслiвай «тройкi» трапiлi два адзiнаццацiкласнiкi — Уладзiслаў КАРАЛЁЎ са сталiчнай гiмназii №2, Ганна КРУК з Сёмкаўскай сярэднай школы, што пад Мiнскам, а таксама выпускнiца 148-й школы расiйскага Краснаярска Лiлiя МЯШАЛКIНА (сям'я дзяўчыны сёлета пераехала ў Беларусь). Усе яны наведваюць падрыхтоўчыя курсы.
Для iх склалi асобны расклад, у якiм былi профiльныя дысцыплiны ўсiх спецыяльнасцей. Таму фактычна кожную пару яны знаёмiлiся з новай групай. Вядома, не абышлося i без агульнаадукацыйных прадметаў: мовы, гiсторыi i iншых.
— Мне больш за ўсё запомнiлася пара па камп'ютарнай вёрстцы, — узгадвае Ганна. — Хоць студэнты казалi, што дысцыплiна не самая захапляльная, мне на ёй было цiкавей за ўсё. Менавiта тады я змагла зразумець, як дзясяткi асобных тэкстаў i фотаздымкаў ператвараюцца ў газету. Яшчэ спадабалася «Кiраванне кар'ерай» — дысцыплiна, якая ёсць на спецыяльнасцi «Менеджмент СМI». На занятках мы iнсцэнiравалi перамовы з работадаўцам, вывучалi тэхнiку правiльных паводзiн у такiх умовах i iншае.
— А мяне зачапiла «Тэхнiка теле- i радыёвяшчання», якую выкладаюць студэнтам «Аўдыёвiзуальных СМI», — прызнаецца Лiлiя. — Мы паспрабавалi сябе ў ролi радыёвядучых, запiсвалi iнтэрв'ю (мне было вельмi цiкава задаваць пытаннi!), толькi што скорагаворкi не чыталi. Студэнты нам расказалi пра адно практыкаванне для правiльнага вымаўлення: трэба чытаць тэкст з зацiснутым у зубах алоўкам.
Дзяўчаты сцвярджаюць, што трапляць кожную пару ў новы калектыў iм было няцяжка — «аднакурснiкi» ставiлiся да навiчкоў вельмi прыхiльна.
— Больш за тое, мы былi «мясцовымi» славутасцямi, — смяецца Лiлiя. — Да нас усе самi падыходзiлi знаёмiцца, таму напрыканцы тыдня мы ведалi вельмi многiх. Давалi iнтэрв'ю факультэцкiм СМI, наогул кажучы, мы — «зоркi».
Вядома, студэнт жыве не аднымi заняткамi. Адно з месцаў «паломнiцтва» i абавязковага вiзiту «студэнтаў на тыдзень» — сталовая. Дзяўчаты прызнаюцца, што пакаштавалi амаль усё меню — вынiкамi задаволены. Адпачываць на «фортках» хадзiлi ў факультэцкую медыятэку — разглядалi ўпрыгожаныя малюнкамi сцены, гулялi ў шашкi i, вядома, чыталi кнiгi...
— Унiверсiтэт моцна адрознiваецца ад школы, — кажа Лiлiя. — Калi ад настаўнiка iнфармацыя iдзе ў адным кiрунку, то на парах мы пераважна вядзём дыялог, абмяркоўваем розныя тэмы, самi робiм высновы. Гэта, безумоўна, цiкавей. Тыдзень мне адназначна дапамог — я ўпэўнiлася ў сваiм выбары будучай прафесii, пабачыла навучальны працэс знутры i вызначылася са спецыяльнасцю, якая мне найбольш даспадобы — хачу працаваць на радыё.
— Мне тут таксама падабаецца больш, чым у школе, — дадае Ганна. — Я займалася тым, што мне па душы, на кожнай пары было нешта цiкавае. Ды i сама прафесiя журналiста вельмi захапляе. Я зразумела, што праца на тэлебачаннi цi радыё не для мяне, пакуль вагаюся памiж менеджментам i вэб-журналiстыкай. А яшчэ мы атрымалi магчымасць напiсаць па публiкацыi ва ўласныя партфолiа, якiя патрабуюць пры паступленнi, — увесь тыдзень вялi асабiстыя дзённiкi, куды запiсвалi свае ўражаннi. Пазней iх апублiкуюць на факультэцкiм сайце.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Фота Сяргея НIКАНОВIЧА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?