Вы тут

На будынку Нацыянальнай бібліятэкі паказваюць радкі Багдановіча


Незвычайны праект да 125-годдзя паэта арганізавала Нацыянальная бібліятэка.

Гаворка зусім не ідзе пра чытанне вершаў класіка зоркамі кіно, тэлебачання, спорту. Паэт пісаў «Бачыце гэтыя зоркі...», а цяпер — зоркі бачаць яго вершы. На светлавым электронным табло Нацыянальнай бібліятэкі.


Да канца года мінчане і госці горада, мінаючы галоўную «кніжніцу» краіны ў прыцемках, будуць чытаць Максіма. Яго прыгожыя радкі многім ужо знаёмыя, а для іншых стануць і адкрыццём. Магчыма, нехта натхніцца на больш блізкае знаёмства і зазірне ў сам будынак бібліятэкі. Тут таксама чакае сюрпрыз — на адмысловай выстаўцы можна пабачыць сапраўдны скарб — кнігу паэзіі «Вянок» з аўтографам самога Максіма Багдановіча. Выстаўка, што атрымала сімвалічную назву «Светлы след...», арганізаваная галоўнай бібліятэкай краіны і Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і прымеркаваная да 125-годдзя паэта, паказвае шлях самога Максіма Багдановіча — праз кнігі і дакументы.

— Мы таксама зрабілі свой уклад у тое, каб імя Максіма Багдановіча сёння гучала і было вядомае, — зазначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, доктар педагагічных навук Раман МАТУЛЬСКІ. — Адразу пасля заснавання наша бібліятэка пачала збіраць матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта. Але ў гады Вялікай Айчыннай вайны многія набыткі гэтай работы былі страчаныя. Сёння, калі мы гаворым пра зорку Бадановіча, можам згадаць і нашу бібліятэчную зорку — нястомную збіральніцу Ніну Ватацы. Амаль усё жыццё яна прысвяціла збору і захаванню матэрыялаў пра Максіма, і праз многа гадоў яе праца не страціла сваёй вартасці.

Выстаўка «Светлы след...» падкрэслівае значнасць яшчэ адной не надта гучнай, але вельмі важнай галіны — архіўнай. Тут прадстаўленыя ўнікальныя дакументы розных гадоў, самы стары з іх датуецца 1918 годам.

— На гэтую выстаўку мы выбралі і прадставілі дакументы, звязаныя з ушанаваннем памяці паэта, — тлумачыць дырэктар Нацыянальнага архіва Віктар Кураш. — Так, тут ёсць дакумент, што фіксуе рашэнне 1918 года аб стварэнні Беларускага народнага дома імя Максіма Багдановіча, Ахоўная грамата прадстаўніцтва ўрада Беларусі пры ўрадзе РСФСР аб запрашэнні бацькі паэта на пражыванне ў нашай краіне з выдзяленнем яму кватэры. Гэта і перапіска мастакоў з ЦК партыі аб стварэнні помніка паэту ў Мінску, і лісты Саюза пісьменнікаў да Пятра Машэрава з просьбамі аб заснаванні музея Багдановіча ў Мінску.

Але і гэта — не ўсе падарункі Максіму ад Нацыянальнай бібліятэкі. Тут таксама падрыхтавалі абноўленае і дапоўненае электроннае выданне «Паэт красы і гармоніі», прысвечанае Максіму Багдановічу. Гэта сапраўдная бібліятэка, што змяшчае больш як 250 алічбаваных тэкстаў, работы мастакоў, фрагменты тэлефільмаў і песні на вершы класіка.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.