Вы тут

Навукоўцы і пісьменнікі абмеркавалі постаць і спадчыну Багдановіча


Аўтар адзінай прыжыццёвай кнігі вершаў «Вянок». Пачынальнік традыцый айчыннай крытыкі і публіцыстыкі. Выдатны перакладчык і інтэлектуал. Гэтыя факты пра Максіма Багдановіча, аднаго з найярчэйшых нацыянальных класікаў, бадай, згадаюць нават тыя, хто не надта любіў школьныя ўрокі літаратуры. Заўтра наша краіна будзе шырока святкаваць 125-годдзе з дня нараджэння Паэта.

Думаецца, народзіны Максіма — сапраўды вялікае свята для беларусаў. Гэты творца даказаў, што наша мова здольная ўвасабляць матывы і вобразы еўрапейскай паэзіі, што наша літаратура ўжо ў пачатку ХХ стагоддзя «даспела» да выяўлення перадавых урбаністычных матываў, а наша нацыя — душэўна прыняць і сапраўды высока ацаніць творчасць свайго сына, які воляю лёсу вымушаны быў жыць і памерці далёка ад роднай зямлі. Пра тое, што спадчына і постаць Багдановіча знайшлі сапраўды шчыры водгук у сэрцах, сведчаць перайманне яго творчых метадаў наступнікамі, шырокае прадстаўленне вобразаў паэта і герояў яго твораў у выяўленчым мастацтве, скульптуры, мноства музычных інтэрпрэтацый вершаў Страціма. Але яшчэ глыбейшую адданасць Багдановічу можна заўважыць у пэўнай модзе на імёны Максім і — паводле назвы адной з яго паэм — Вераніка.

І сапраўды, у кожнага з нас, хто проста з задавальненнем чытае, глыбока даследуе жыццёвы і творчы шлях паэта, ці хоць бы крыху цікавіцца яго творчасцю і постаццю, — свой Максім Багдановіч. Задуменны? Рамантычны? Крытычна-скептычны? Ды, думаецца, у цэлым, постаць Багдановіча, яго спадчыну і нельга адназначна ахарактарызаваць, апісаць, ацаніць. Для беларускага народа яго спадчына, безумоўна, бясцэнная... але сёння, напярэдадні юбілею творцы варта згадаць зробленае, адзначыць здабыткі і вызначыць перспектывы развіцця багдановічазнаўства.

Таму да грунтоўнай гутаркі мы запрасілі літаратуразнаўцаў, паэтаў, выдаўцоў, практыкаў паэтычнага перакладу, музейшчыкаў, якія шмат гадоў прысвяцілі вывучэнню спадчыны творцы, мемарыялізацыі яго постаці. У зацікаўленым абмеркаванні ўдзельнічалі: Уладзімір ГНІЛАМЁДАЎ, доктар філалагічных навук, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Вячаслаў РАГОЙША, доктар філалагічных навук, прафесар; Міхась ТЫЧЫНА, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі; Ірына МЫШКАВЕЦ, вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча; Мікола ТРУС, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт; Віктар ШНІП, паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура»; Юлія АЛЕЙЧАНКА, аспірантка філалагічнага факультэта БДУ, адказны сакратар часопіса «Полымя», паэтэса, перакладчыца.


Павялося, што Максім Багдановіч у нас успрымаецца як рамантык. Але ці сапраўды гэта так?

Ула­дзі­мір ГНІ­ЛА­МЁ­ДАЎ

Уладзімір Гніламёдаў: — Сапраўдная паэзія, нават будучы вельмі рэалістычнай, аналітычнай, філасофскай, не пазбаўленая рысаў рамантызму. Яна заўсёды імкнецца кудысьці за ідэалам. Таму і Багдановіч, безумоўна, паэт-рамантык. Без рамантычных крылаў ён наўрад ці дасягнуў бы ў нашым уяўленні такіх завоблачных вышыняў, не адрываючыся пры гэтым ад зямлі, вельмі выразна, навобмацак яе адчуваючы. Багдановіч — сапраўдны адраджэнец. І з гэтай прычыны ён не мог не быць рамантыкам. На той час, калі пісаў паэт, нацыянальнае адраджэнне было маштабным, занадта цяжкім, амаль нерэальным праектам. Але такія людзі, як Максім, узяліся за гэтую справу, і рамантызм ім у гэтым дапамог.

Вячаслаў Рагойша: — Сапраўды, паэт, які выдатна ведаў усе плыні і напрамкі сусветнага прыгожага пісьменства, арыентаваўся найперш на традыцыі рускай і беларускай рэалістычнай літаратуры, па-наватарску развіваў іх. Зразумела, Багдановічу не былі чужыя і рамантычныя (дакладней — неарамантычныя) тэндэнцыі, як, зрэшты, стылёвыя павевы сімвалізму, імпрэсіянізму і некаторых іншых тагачасных мадэрнісцкіх літаратурных плыняў. Што да пэўных рамантычных элементаў у яго творчасці, то яны, як слушна лічыў ён, прысутнічаюць нават у найбольш тыповых рэалістаў. Рэалізм як творчы метад і стыль пераважаў ва ўсіх родах, відах і жанрах творчай дзейнасці Багдановіча: лірыцы, эпасе, мастацкім перакладзе, літаратурнай крытыцы, даследаваннях па гісторыі і тэорыі літаратуры. А гэта карэнным чынам супярэчыць колішняму (ды, здараецца, і цяперашняму) вызначэнню яго як творцы «чыстае красы».

Мі­хась ТЫ­ЧЫ­НА

Міхась Тычына: — Максім Багдановіч і ёсць Багдановіч Максім, што «за 8—9 год свайго праўдзівага існавання прайшоў усе шляхі, а па часці і сцежкі, каторыя паэзія еўрапейская пратаптывала болей ста год». З яго вершаў можна «лёгка зрабіць «кароткі паўтарыцельны курс» еўрапейскіх напрамкаў веку: класіцызм, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм, «урэсьце, мадэрнізм — усё, нават у іх рожных кірунках, адбіла яго паэзія, вялікую ўнутраную рухавасць мае яна»!

Ірына Мышкавец: — Я ўспрымаю Максіма Багдановіча як рамантыка, гэта першае, што я адчула пры знаёмстве з яго творчасцю. Я хоць цяпер ведаю намнога больш, усё ж рамантызм для мяне застаецца на першым месцы.

Мі­ко­ла ТРУС

Мікола Трус: — Так, для ўспрымання Максіма Багдановіча як рамантыка ёсць усе падставы. Па-першае, ён з энтузіязмам уключыўся ў працэс нацыятворчасці. І гэта ва ўмовах скептычнага стаўлення да беларускай справы ў тагачасным грамадстве наогул і ў блізкім акружэнні паэта ў Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі ў прыватнасці. Па-другое, для М. Багдановіча характэрная рэтраспектыўнасць мыслення: вывучэнне мовы, гісторыі свайго народа, культываванне мінуўшчыны, курс на засваенне еўрапейскага і сусветнага мастацкага вопыту. Па-трэцяе, вобраз рамантыка-самотніка выдатна падмацоўваецца і ілюструецца фактамі біяграфіі і ўласна творчасцю паэта. Іншая справа, што Максім Багдановіч — чалавек светапогляднай шырыні і вялікага мастацкага дыяпазону.

Віктар Шніп: — У кожнага, хто любіць і чытае Максіма Багдановіча, сваё меркаванне наконт ягонай творчасці. Для некага ён рамантык, а для некага філосаф. А Багдановіч і рамантык, і філосаф. У ягонай творчасці ёсць і ўсмешка, і рэфлексія. Багдановіч — геній!

Юлія АЛЕЙ­ЧАН­КА

Юлія Алейчанка: — Думаецца, творчасць Максіма Багдановіча, як і іншых яскравых адраджэнцаў айчыннай літаратуры, прынамсі Янкі Купалы, нельга заганяць у рамкі толькі адной мастацкай плыні. Безумоўна, Багдановіч меў у шырокім сэнсе рамантычнае светаадчуванне: пакутлівы боль ад несупадзення высокага ідэалу і рэальнасці, інтарэс да гісторыі, фальклору роднага народа і народаў далёкіх, адухаўленне прыроды, уяўленне аб узвышаным, недасяжным вобразе каханай. Аднак, перакладаючы лепшыя класічныя ўзоры еўрапейскай літаратуры, паэт не мог не ўзбагачаць уласную вобразную сістэму рысамі сімвалізму, імпрэсіянізму. Як, напрыклад, у Верлена. Да таго ж гэта зусім не калькаванае, бяздумнае запазычанне. Успрыманне свету памежна пачуццёва, у выглядзе вобразаў-сімвалаў было ў прыродзе Багдановіча-мысляра. Паскоранае развіццё маладой беларускай літаратуры вымагала ад творцаў цікавага сінтэтычнага злучэння рыс розных мастацкіх плыняў, сістэм.


Паэтычныя творы Багдановіча па сваёй яркасці і вядомасці значна «засланяюць» створанае ім у іншых жанрах. Ён жа быў выдатным крытыкам, публіцыстам. Магчыма, варта папулярызаваць менавіта гэтыя аспекты творчай спадчыны класіка?

Уладзімір Гніламёдаў: — Максім Багдановіч у літаратуры — постаць універсальная, рэнесансная. Варта згадаць, што ўсе дзеячы італьянскага Рэнесансу былі шматграннымі паводле сваіх творчых інтарэсаў, таленту і магчымасцяў. І Багдановіч у многім — менавіта такая асоба. Калі разглядаць яго публіцыстыку, навуковыя артыкулы, крытыку, — нам адкрываецца неверагодная глыбіня таленту і асобы!

Міхась Тычына: — Для таго каб пачынаць, — казаў Альберт Эйнштэйн, — трэба мець як мінімум ідэю, гіпотэзу. Нельга чытаць вершаваны тэкст, не маючы пункту гледжання. І наадварот — маючы пункт гледжання, нельга вывучаць тэкст: прырода сучасных ведаў імкнецца спалучаць абодва меркаванні. Што ўмеў Максім Багдановіч: паэт і крытык...

Вя­ча­слаў РА­ГОЙ­ША

Вячаслаў Рагойша: — З вамі згодны, аднак не цалкам. Паэтычныя творы пісьменніка па сваёй вядомасці сапраўды «засланяюць» яго працу ў іншых сферах дзейнасці. Але не згаджуся, што — «па сваёй яркасці». Пра Багдановіча можна (і трэба!) гаварыць не толькі як пра выдатнага пісьменніка, але і вучонага: літаратуразнаўцу, сацыёлага, этнографа, філосафа... І калі створанае Багдановічам-крытыкам, гісторыкам і тэарэтыкам літаратуры ўжо ўвогуле няблага даследавана, то пра іншае маем даволі слабое ўяўленне. Вось яскравы прыклад. Ён жа яшчэ ў 1909 годзе апублікаваў у яраслаўскай газеце «Голос» цікавае эсэ «После концерта Яна Кубелика», у якім у жывой, нязмушанай форме расказаў пра ўражанне ад выступлення вядомага чэшскага скрыпача. Праз пяць гадоў у тым самым выданні надрукаваў рэцэнзію на «Музыкальный словарь» Ю. Энгеля, знанага ў свой час рускага музычнага крытыка, кампазітара і перакладчыка. Пры гэтым рэцэнзент выказаў надзвычай слушныя заўвагі аўтару слоўніка. Трапныя, дакладныя заўвагі Багдановіча неабвержна сведчаць, што ў яго асобе перадрэвалюцыйная Расія мела выдатнага музычнага крытыка, а тагачасная Беларусь — пачынальніка нацыянальнага музыказнаўства. Такім чынам, ёсць усе падставы «папулярызаваць» і гэты «аспект творчай дзейнасці класіка».

Іры­на МЫШ­КА­ВЕЦ

Ірына Мышкавец: — На маю думку, Максім Багдановіч, у першую чаргу, Паэт, яго вершаваныя творы — неўміручая класіка (магчыма, пафасна, але так лічу). У новай экспазіцыі музея паэзія застаецца дамінуючай, але у трэцяй зале «Росквіт творчага таленту» мы якраз і асвятляем шырока рознабаковую яго творчасць, паказваем праграмныя — празаічныя, крытычныя, публіцыстычныя творы на падставе фондавых матэрыялаў, раскрываем яго дзейнасць як перакладчыка. І такім чынам, імкнёмся падкрэсліць унікальнасць М. Багдановіча, шырокі дыяпазон яго творчасці пры надзвычай кароткім жыццёвым шляху.

Мікола Трус: — Паэзіі па сваёй прыродзе наканавана засланяць сабой усе жанры, яна самадастатковая і яркая. Менавіта паэтычныя творы адначасова звернуты і да сучаснасці, і да вечнасці, утрымліваюць эмоцыю, пульсуючую думку, яны зразумелыя для нашчадкаў, прадстаўнікоў розных пакаленняў. Крытыка і публіцыстыка М. Багдановіча закранае пытанні, актуальныя найперш для свайго часу; іх сённяшняе прачытанне патрабуе пэўнай гістарычнай і літаратуразнаўчай кампетэнтнасці — гэта істотна звужае аўдыторыю аналітыкаў і рэтранслятараў. Для часу аўтара «Вянка» характэрна дамінаванне нацыяабарончых пазіцый, зафіксаваных якраз у крытыцы і публіцыстыцы, таму зварот да гэтых жанраў сярод многіх іншых задасць лагічныя, не зусім для нас зручныя, пытанні: а ці ўсё, пра што дбаў Багдановіч, спраўджана, ці сталі мы вартымі прадаўжальнікамі яго справы?

Вік­тар ШНІП

Віктар Шніп: — Багдановіч быў Паэтам і заўсёды будзе Паэтам. А ягоны наробак у іншых жанрах гаворыць пра тое, калі б ён пражыў гадоў семдзесят, то мы б мелі ў асобе Максіма Багдановіча і знанага крытыка, і публіцыста, і раманіста, і перакладчыка. У творцы быў вялікі патэнцыял таленту на ўсе літаратурныя жанры. І сёння варта згадаць ягоную крытыку і публіцыстыку. Без іх творчы партрэт Багдановіча будзе не поўным.

Юлія Алейчанка: — Нельга сказаць, каб гэтыя бакі творчага жыцця Максіма Багдановіча засталіся «ў цені». Пра Багдановіча — перакладчыка і крытыка пісалі М. Стральцоў, А. Лойка, С. Майхровіч, Р. Бярозкін, Б. Сачанка, В. Рагойша. Ды і маладыя даследчыкі працягваюць пісаць. Проста створанае ў галіне паэзіі заўсёды больш заўважнае для шырокай чытацкай аўдыторыі, чым, скажам, працы ў галіне літаратуразнаўства, крытыкі, якія больш цікавыя спецыялістам. Нягледзячы на тое, што дасягненні Багдановіча ў названых сферах велізарныя.


Што найбольш прываблівае ў асобе Багдановіча — трагічны лёс, багатая спадчына ці той факт, што чалавек, жывучы далёка ад Беларусі, здолеў стаць нашым нацыянальным сімвалам?

Уладзімір Гніламёдаў: — Багдановіча выразна вылучае пафас права чалавека на індывідуальнасць, свой аўтаномны інтымны свет, упэўненасць у тым, што ўнутраныя перажыванні чалавека могуць быць цікавымі і іншым. Ён таму і адмовіўся ад прамых матываў, пайшоў па шляху духоўнага самавыяўлення, працаваў у многім на непаэтычным матэрыяле. Калі ў Купалы і Коласа ярка бачыцца традыцыйная фальклорная аснова, музыка, песеннасць, пейзажы, то Багдановіч нібыта распавядае ўласныя гісторыі. Гэты матэрыял хіліцца да прозы, але аўтар здолеў з яго будаваць паэтычныя радкі, знаходзіць душэўную падтрымку і разуменне. Паэт думаў не толькі пра сябе, але і пра Беларусь у цэлым.

Міхась Тычына: — Максім Багдановіч, як ніхто іншы, востра адчуваў рух сучаснай яму цывілізацыі і глыбока перажываў адставанне беларусаў у гэтым руху. Ён радаваўся, «прыглядваючыся да беларускай пісьменнасці», што «яе аднакалёрны слой стаў патроху дзе-нідзе сцясняцца, у ім з'явілася колькі ядзер, сабраўшы ў сабе ўсяго яго яркасць, з кожным годам усё больш узрастаючы і ў сваім развіцці прымаючы асабістыя колеры».

Вячаслаў Рагойша: — Прываблівае ўсё названае. І трагічны лёс, які нечым нагадвае лёс яго сябра, што «быў, як месяц, адзінокі», — пісьменніка Сяргея Палуяна. І тое, што, жывучы далёка ад Беларусі, ён здолеў стаць нацыянальным сімвалам, дапамог беларусам, кажучы словамі Івана Франко, «выпрацаваць пашпарт на інтэлігентнасць». А дзеля гэтага зрабіў усё, каб праславіць Беларусь, яе культуру, гісторыю, мову. Ды найбольш, несумненна, прываблівае багатая творчая спадчына паэта, увасобленая ў эстэтычным набытку, «спажытку душы» — творах інтымных, пейзажных, грамадзянскіх, гісторыка-патрыятычных, філасофскіх, духоўных, гумарыстычных, дзіцячых і іншых.

Ірына Мышкавец: — Мой адказ падзяляецца паміж «багатай спадчынай» і «дарогай да вяршынь нацыянальнай паэзіі». Як супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча я ведаю, што ён пісаў не толькі па-беларуску. У яго многа рэчаў на рускай мове, па некаторых звестках, настолькі свабодна валодаў украінскай мовай, што пісаў на ёй артыкулы і вершы. У наш час, калі сціраюцца грані паміж краінамі, мовамі і культурамі, напэўна, трэба падкрэсліваць, што зрабіў Багдановіч для Беларусі, беларусаў, для нацыянальнай самасвядомасці. Па-за межамі Беларусі прэзентаваць яго як пісьменніка сусветнага ўзроўню, творчасць якога зразумелая для любога жыхара маленькай планеты Зямля.

Мікола Трус: — На маю думку, прывабнасць Багдановіча заключаецца ў цэласным бачанні яго біяграфіі і творчасці — яны папросту непадзельныя. У выніку перад намі ў многім міфалагізаваны жыццяпіс, вытрыманы ў канонах народнага спачування да нягодаў, што выпалі на долю паэта, багата інтэрпрэтаваны стараннямі даследчыкаў у каардынатах любові і захаплення асобай і творчасцю вечна маладога класіка.

Віктар Шніп: — Мяне ў творчасці Багдановіча ў першую чаргу прываблівае ягоная Паэзія. Паэзія сапраўдная і вечная. Усё астатняе — і трагічны лёс, і багатая спадчына, і той факт, што чалавек, жывучы далёка ад Беларусі, здолеў стаць нашым нацыянальным сімвалам, — другаснае. Калі ў творцы няма геніяльных твораў, ніякая біяграфія яму не дапаможа быць вялікім паэтам. Калі паэт вялікі, тады і ягоная біяграфія набывае сваю веліч.

Юлія Алейчанка: — Усё названае вартае цікавасці і гонару. Але ж, пэўна, яшчэ са школьных гадоў мы спачатку знаёмімся з яго чароўнымі паэтычнымі радкамі, а потым нязменна пачынаем капаць глыбей, цікавіцца лёсам гэтага незвычайнага чалавека. Безумоўна, тое, што Багдановіч — сімвал, разумееш адразу.


Якіх выданняў, прысвечаных Багдановічу, не хапае на айчынным кніжным рынку?

Уладзімір Гніламёдаў: — Спадчына і асоба гэтага творцы невычарпальныя. Выданні твораў Багдановіча варта паўтараць, магчыма, пашанцуе адкрыць і новыя творы класіка. Пра асобу Багдановіча пісалі не толькі літаратуразнаўцы і крытыкі, але і паэты, празаікі, пра творцу ёсць опера на лібрэта Алеся Бачылы і музыку Юрыя Семянякі. Але я чакаў бы грунтоўнага інтэлектуальнага рамана кшталту стральцоўскай «Загадкі Багдановіча». У гэтым творы можа быць асэнсаваны жыццёвы шлях Максіма, яго творчасць, дарога да літаратуры і дарога да Беларусі. Багдановіч шмат скажа чалавеку, асабліва маладому, адкажа на пытанні аб яго маральных, эстэтычных, духоўных запатрабаваннях. Таму, на маю думку, такі твор сёння вельмі патрэбны.

Міхась Тычына: — Яго дзіўная выснова: «Беларускіх вершаў у нас яшчэ не было — былі толькі вершы, пісаныя беларускай мовай». І праз «зорачкі», якія адкрывалі новы шлях наперад: «...але яны павінны быць і будуць». Тут усё, ад пачатку да канца, трэба рабіць самому: «...бярымося ж за гэту нялёгкую, але вясёлую работу!»

Вячаслаў Рагойша: — У кнігарнях цяжка, а то і немагчыма знайсці хоць бы невялічкую, недарагую кніжку яго выбраных вершаў (як, зрэшты, і іншых беларускіх паэтаў-класікаў). Цудоўна, што мы маем грунтоўную энцыклапедыю «Максім Багдановіч». Але пакуль што няма мастацка-дакументальных твораў пра яго (накшталт колішняга рамана Яўгена Міклашэўскага «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» — ці не варта было б перавыдаць яго?). Што да іншага, не кніжнага, то не стае паштовак, марак, паштовых канвертаў, значкоў, магніцікаў і інш. з выявамі самога Багдановіча, яго помнікаў, літаратурнага музея, асобных прадметаў з экспазіцыі гэтага музея і г. д. Неўзабаве, у маі наступнага года, мы будзем адзначаць стагоддзе з дня смерці Багдановіча. Па сутнасці, з сёлетняга снежня пачынаецца калі не «Год Багдановіча», то «Паўгоддзе Багдановіча». Варта ўлічыць гэтыя даты і падумаць пра годнае ўшанаванне класіка беларускай літаратуры.

Ірына Мышкавец: — Вельмі хацелася б, каб з'явіліся дзіцячыя кніжкі пра Максіма, пра яго жыццё і вершы, з малюнкамі і цікавымі ілюстрацыямі. Яшчэ я мару, каб на свеце з'явілася «Кніга пра Кнігі» (умоўная назва), старонкі якой былі б прысвечаны зборніку вершаў Максіма Багдановіча «Вянок» (1913 года), тым арыгінальным экзэмплярам, якія захаваліся да нашага часу (супрацоўнікам музея вядома пра 37 асобнікаў).

Мікола Трус: — У першую чаргу не хапае годна аформленага Поўнага збору твораў паэта. Я маю на ўвазе паліграфічнае выкананне. Трохтомнік, выдадзены ў першай палове вельмі небагатых 1990-х гадоў і потым паўтораны, на фоне сённяшніх выданняў класікаў літаратуры выглядае непрэзентабельна, папросту зрэбна. Ад таго часу багдановічазнаўства істотна прасунулася наперад, таму ёсць што паправіць і ўдакладніць у тэкстах і каментарыях.

Віктар Шніп: — Не хапае танных выданняў, даступных усім. І наогул творы Багдановіча варта шырока скарыстоўваць у прапагандзе беларускай культуры.

Юлія Алейчанка: — Сёння маем ужо і энцыклапедыю «Максім Багдановіч», і новую кнігу «Я не самотны...» выдавецтва «Мастацкая літаратура», і шмат манаграфій, прысвечаных жыццёваму і творчаму шляху класіка. Аднак застаюцца яшчэ неразгаданыя загадкі Багдановіча. Напрыклад, падчас нядаўняй творчай сустрэчы Мікола Трус агучыў цікавы факт аб публікацыі Максіма Багдановіча ў ЗША... Няхай будзе болей такіх адкрыццяў.


Чым вам асабіста блізкі Багдановіч і яго творчасць?

Уладзімір Гніламёдаў: — Найперш вершамі, лірыкай. Памятаеце вядомы верш «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» — як прыгожа, змястоўна, паэтычна напісаў Багдановіч. Гэтыя радкі здольныя нават слязіну выціснуць з вачэй. Сведчанне сапраўднага таленту паэта — калі ён здольны праз верш вярнуць чытача да яго першасутнасці, чалавечнасці. Які верш ні вазьмі — і пра Мушку-зелянушку, і пра Скарыну, які сочыць зоры на небе, — ва ўсім адчуваецца непаўторнае паэтычнае светаўспрыманне, незвычайны талент Багдановіча. Я назваў бы яго беларускім Арфеем — бо творца здольны быў так спяваць, што заслухваліся сучаснікі, і гэтую песню мы чуем сёння, яна дадае нам сіл.

Міхась Тычына: — Усякі з нас з дапамогай Максіма Багдановіча «выясніўшыйся, абасобніўшыйся пісьменнік», хоць праз адно гэта «вабіць сваёй яркасцю, як аганёк матылькоў, і, прывабіўшы, гуртуе вакол сябе, творыць свой шлях».

Вячаслаў Рагойша: — Калі казаць не толькі пра ўсеагульную чытацкую любоў да паэзіі Багдановіча, а пра тое, чым яшчэ ён мне блізкі, блізкі асабіста, чаму я вучыўся і вучуся ў яго, то тут трэба згадаць і асобныя моманты маіх уласных зацікаўленняў як вучонага-літаратуразнаўцы: тэорыя літаратуры, вершазнаўства, перакладазнаўства, літаратурныя ўзаемасувязі (найперш беларуска-ўкраінскія). Глыбокія, арыгінальныя, павучальныя распрацоўкі гэтых (і іншых) праблем навукі пра літаратуру можна знайсці ў Поўным зборы твораў М. Багдановіча (Мінск: Навука і тэхніка, 1992—1995), у трохтомніку, які, дарэчы, так і просіцца на перавыданне. А гэта ўжо частка адказу і на папярэдняе пытанне.

Ірына Мышкавец: — «Максім умеў знаходзіць у самай простай, іншы раз зусім не мудрагелістай гаспадарцы субяседніка, самае для іх абодвух важнае і патрэбнае. І гэта зараз жа і міжволі дазваляла чалавеку паказаць самае каштоўнае, чалавечнае, што ў ім было», — так напісаў пра паэта яго сябра Дзіядор Дзябольскі, прычым успаміны з'явіліся на свет праз 40 гадоў пасля апошняй сустрэчы. Мяне і Максіма Багдановіча падзяляе амаль стагоддзе, але я гатова падпісацца пад гэтымі словамі яго сябра. Зразумела, я не магу гаварыць з паэтам напрамую, але праз вершы адчуваю яго зварот у будучыню, да нас, чытачоў, якія жывуць у ХХІ стагоддзі.

Мікола Трус: — Яшчэ з часу студэнцтва я пачаў вывучаць і ўспрымаць жыццё і творчасць «песняра чыстай красы» (А. Луцкевіч), што называецца, навобмацак — праз архівы і дакументальныя сведчанні. Гэтаму спрыяла васьмігадовая праца ў Літаратурным музеі М. Багдановіча, такога «матэрыялістычнага» падыходу я прытрымліваюся і цяпер. У пачатку гэтага года адзначыў свой даследчыцкі багдановічазнаўчы юбілей — 100 артыкулаў у беларускіх і замежных выданнях. Але маючы столькі публікацый, манаграфію, вопыт стварэння энцыклапедыі «Максім Багдановіч», я не магу і блізка сказаць, што гэтая тэма для мяне, як радовішча, набліжаецца да вычарпанасці. Наадварот, з кожным захадам адкрываюцца ўсё большыя перспектывы для росшукаў, не кажучы пра інтэрпрэтацыю спадчыны. Адшукаў прыжыццёвае выданне нарыса «Угорская Русь» (1916), ажыццёўленае ў ЗША, і адразу ледзь не рэвалюцыя ў свядомасці — наколькі адным фактам пашыраецца наша прысутнасць у свеце, і як каардынальна змяняюцца пры гэтым ракурсы асэнсавання творчасці М. Багдановіча.

Юлія Алейчанка: — Інтэлігентнасцю, прынцыповасцю, увагай да культурных скарбаў іншых краін, гуманістычнай скіраванасцю творчасці. А яшчэ вялікай энергіяй радка, сканцэнтраванасцю сэнсу ў слове.

Віктар Шніп: — Любоўю да Беларусі.

Абмеркаванне вяла Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА, Яўгена ПЯСЕЦКАГА і з асабістых архіваў герояў

Загаловак у газеце: «Светлы след будзе вечна жывым»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.