Вы тут

Расія, Манголія і Кітай вачыма беларускіх вандроўніц


Прывітанне з Камбоджы перадаюць нам Кацярына, Аліса і Элізабэт БЯГУН, якія два месяцы таму адправіліся ў першую жаночую кругасветную вандроўку. У мінулы раз яны расказвалі нам пра свае планы. Паглядзім, якія з іх здзейсніліся падчас прыгод у Расіі, Манголіі і Кітаі.


Ты­дзень дзяў­ча­ты ву­чы­лі­ся кунг-фу ў Май­стра Шы­фу.

Наперад у Сібір!

Перасекчы Расію на цягніку — задача для стойкіх. Праехаўшы Маскву, дзе сям'я Бягун была ўжо не аднойчы, яны накіраваліся ў Казань. У гэтым горадзе 47% насельніцтва — татары, таму без знаёмства з нацыянальнай культурай не абышлося. Так, паводле слоў Лізы, найбольш незвычайным здалося тое, што раней багатыя жанчыны, каб паказаць свой статус, рабілі свае зубы чорнымі. Гэта азначала, што яны елі шмат цукру, які тады быў вельмі дарагі. Яшчэ прынята было апранаць на сябе ўсе ўпрыгажэнні, якія толькі былі. Калі месца не хапала — вешалі яшчэ стужку, на якую чаплялі каштоўнасці.

Кацярына расказвае, што ўпершыню пакаштавала каніну. На здзіўленне мяса проста раставала ў роце. На долю дзяўчат выпала яшчэ шмат кулінарных прыгод. Але Казань найбольш запомнілася Храмам усіх рэлігій, які ўзвышаецца над горадам як сведчанне таго, што талерантнасць стала свайго роду візітнай карткай сталіцы Татарстана.

Наступны прыпынак — Новасібірск. Але акунуцца ў сібірскую рэчаіснасць прышлося за некалькі прыпынкаў да гэтага горада. Мясцовыя жыхары на вакзалах прапанавалі шмат далікатэсаў. Самыя папулярныя — шыкоўная чырвоная ікра, шапкі і камізэлькі з пясца па кошце адной вячэры ў мінскім рэстаране. Кацярына гаворыць, што не купіць было вельмі складана, але набылі толькі рукавічкі. Сталіца Сібіры турыстычнымі славутасцямі не багатая. Дзяўчаты прайшлі па горадзе 17 кіламетраў і адзначылі адзін цікавы факт: там, у асноўным, ездзяць японскія мадэлі, палова з якіх з правым рулём. Такія ў Беларусі былі забароненыя яшчэ ў 2002 годзе.

З Новасібірска сям'я Бягун накіравалася ў Іркуцк. Там яны сустрэлі Алега Рудакова — чалавека, які ганарыцца тым, што беларус, не забывае родную мову. Ён заснаваў маладзёжную арганізацыю «Крывічы», якая прасоўвае беларускую культуру, бо ў Іркуцкай вобласці з часоў сталыпінскіх рэформаў засталося шмат нашых землякоў. Тут нікога не здзівіш святкаваннем Купалля. Маладзёжныя таварыствы вучаць беларускай мове, танцам, а з нядаўніх часоў ствараюць вышыванкі. Хлопцы робяць велізарную гістарычную працу: запісваюць амаль забытыя казкі, песні, вывучаюць старадаўнія дакументы. На сустрэчы з дзяўчатамі Алег жартуе: «Наша мэта — пазнаёміць як мага большую колькасць замежнікаў з Беларуссю і запрасіць іх да нас. Вось таму вы так рана і з'язджаеце з Іркуцка. Тут кожны ведае пра Беларусь ад мяне». Жанчына, якая ўсё жыццё жыве ў Іркуцку, пачуўшы беларускую песню, расплакалася: «Мне бабуля спявала падобныя. Я ведаю яшчэ адну. Запішыце яе, калі ласка. А то яна знікне назаўсёды».

Возера Байкал дзяўчат здзівіла неймаверна. Яны нацешыліся сонцам і прыродай, атрымалі ад гэтага вялізнае задавальненне, зарадзіліся моцнай энергіяй і накіраваліся далей ва Улан-Удэ. Як кажа Элізабэт, яна не чакала, што гэты горад будзе такім прыемным. «Для мяне было крыху дзіўна, што тут столькі азіятаў, але ўсе яны гавораць на рускай мове нават паміж сабой. Вядома ж, тут мы ўбачылі самую вялікую ў свеце галаву Леніна. Яго вочы — як у Джаконды: з якога боку ні глядзі, заўсёды зазіраюць табе ў душу».

Спаць? Па чарзе

Перасекчы расійска-мангольскую мяжу было даволі проста. У гэтай краіне яны планавалі застацца толькі на дзень, таму часу было няшмат. Ліза гаворыць, што «пакуль едзеш па Манголіі, назіраючы за яе абшарамі, можна ўлюбіцца ў гэтую краіну: утульныя юрты, якія знаходзяцца за кіламетры адна ад адной, чароўныя пустынныя краявіды, бязлюддзе... Але, як толькі выходзіш на вакзале ва Улан-Батары, на цябе навальваецца неверагодная колькасць людзей, якія ад цябе чагосьці хочуць, але ты нічога не разумееш, бо гавораць яны толькі па-мангольску. Старое пакаленне яшчэ можа трохі размаўляць на рускай мове, бо яны раней яе вучылі ў школах».

Калі вы бываеце не вельмі задаволеныя тым, што ў беларускім плацкарце сусед зверху можа на некаторы час прысесці на вашу ніжнюю паліцу, то вам няма чаго рабіць у цягніку да Замын-Ууд. У вагоне разам з нашымі трыма дзяўчатамі на іх месца прэтэндавала яшчэ столькі ж людзей. Як спаць? Па чарзе. Калі ты ноччу адлучышся па справах, знойдзеш на сваёй лаўцы новага мангола. У такіх умовах пасцельная бялізна — залішняя раскоша. Спалі, укрываючыся курткамі.

Састаў спыняецца — гонка пачалася. «Як толькі цягнік спыніўся, я адчула сябе героем фільма «Галодныя гульні», — гаворыць Ліза. — Усе людзі беглі да аўтобусаў і машын, як быццам гулялі на выжыванне. Да нас падышоў мангольскі мужчына, паўтараючы «Чайна, Чайна», мы зразумелі, што ён будзе нашым правадніком». Перасякаць мангольска-кітайскую мяжу можна толькі на транспарце, таму, развітаўшыся з гэтым аўто, дзяўчаты пераселі ў іншы джып і накіраваліся ў Паднябесную.

Ула­дзі­мір Іль­іч со­чыць за жы­ха­ра­мі Улан-Удэ са свай­го па­ста­мен­та.

Пустыня дыназаўраў

На тэрыторыі Кітая яны пераселі ў вядомы «сліп-бас». Гэта калі ў аўтобусе размешчаны тры рады двухпавярховых ложкаў, зробленых пад выгібы цела. «А выехаўшы ў пустыню, можна ўбачыць з другога яруса цэлы парк Юрскага перыяду! Тут калісьці знайшлі вялікую колькасць акамянеласцяў дыназаўраў. Вось кітайцы і вырашылі пазначыць гэтае месца дзясяткамі жалезных статуй. Калі бачыш застылага ў руху раптара пасярод пустыні на фоне млыноў, гэта моцна ўражвае», — расказвае Аліса.

Кожны сучасны чалавек сутыкнецца ў Кітаі з адной праблемай: павольны інтэрнэт. І гэта да таго, што даволі шмат сайтаў — Фэйсбук, Ютуб ці нават звычайны пошукавік Гугл — не працуюць. Для таго, каб імі карыстацца, трэба спампоўваць спецыяльныя абходныя праграмы на тэлефон. Іншая нязручнасць — англійская мова для кітайцаў амаль такая ж незнаёмая, як і беларуская. Гэта перашкаджае выбіраць ежу ў мясцовых кафэ. Зараз у кітайскіх рэстаранах хіт — велізарная талерка супу з локшынай, мясам і гароднінай. Адной порцыі хапае, каб наесціся. Гэтым і сілкаваліся нашы дзяўчаты на чужыне. Ліза з Алісай расказваюць, што з салодкім там увогуле бяда: якасны дэсерт, да якога мы прывычныя, знайсці цяжка і ён дарагі. Увогуле, Пекін не вельмі ўразіў нашых вандроўніц. Самы прыемны ўспамін — Вялікая Кітайская сцяна. Таму, не затрымліваючыся, яны накіраваліся ў наступны буйны горад — Шанхай.

Кацярына гаворыць, што Шанхай для яе — гэта любоў з першага погляду. Там жа дзяўчаты далі прэс-канферэнцыю разам з Генеральным консулам Беларусі ў Шанхаі Валерыем Мацэлем. Спадар консул адзначыў, што «гэта падарожжа — праява народнай дыпламатыі і нацэлена на ўмацаванне дружбы паміж народамі Беларусі і Кітая, уносіць свой уклад у рэалізацыю гуманітарнага складніка эканамічнага пояса Шаўковага шляху».

Выліты Панда

Далей шлях праходзіў цераз Чаншу — Кунмінь — Далі. А там яны споўнілі даўнюю мару — на тыдзень пайшлі ў манастыр вывучаць кунг-фу. Манастыр, у які яны трапілі, называецца «Ву Вэй Сі». Тыдзень знаходжання для аднаго чалавека каштуе каля $75. У кошт уваходзіць: трохразовае вегетарыянскае харчаванне, ложак і трэніроўкі. Дарэчы, жылі яны ў спартанскіх умовах — ніякіх празмернасцяў. А правілы, якія трэба прыняць, наступныя: абавязкова павінны быць доўгія штаны, якія цалкам закрываюць твае ногі, майка з рукавамі і закрыты абутак. Алкаголь і курэнне забароненыя. Нельга дакранацца да чалавека супрацьлеглага полу. Абавязкова трэба даядаць усю ежу, уключаючы кожную рысінку, якая ўпала на падлогу. За сталом нельга скрыжоўваць ногі. Дзень пачынаецца ў 5.30 з малітвы, а ў 21.30 выключаецца ўсё святло. Кожны раз, калі вы бачыце Майстра Шыфу, трэба пакланіцца і сказаць «амітофу», што значыць «поспехаў». Пачаць есці можна толькі пасля таго, як пачаў сам Майстар. Дарэчы, менавіта з яго зрабілі персанажа з мультфільма «Кунг-фу Панда». «Калі мы яго ўбачылі першы раз, мы не маглі паверыць сваім вачам: мульцяшны герой так падобны на сапраўднага! Ажыццявілася мая мара, і мы змаглі паесці з ім пельменяў», — успамінае Ліза.

Трэніровак у дзень дзве. А 7-й раніцы, калі не ідзе дождж, — бег. Вы бежыце ў цемры, з ліхтарыкам у руцэ па каменнай дарозе. Дабягаеце да рэчкі, бераце камень і кладзяце яго на галаву. Балансуеце і несяце яго без рук назад да манастыра. «Першыя тры трэніроўкі мы вучылі асновы кунг-фу, а потым — нешта тыпу звязкі з базавымі элементамі. Хлопцы казалі, што хутка ў нас так моцна будуць балець ногі, што мы не зможам хадзіць. Пасля першай трэніроўкі падумалі, што яны нейкія слабыя: мы нават амаль не стаміліся. Але потым зразумелі, пра што яны гаварылі».

— Я зразумела, што на многае здольная, і мая сястра таксама, — расказвае Элізабэт. — Пасля нашай апошняй трэніроўкі мы з гонарам абняліся і адчулі, што сталі мацнейшымі не толькі фізічна, але і псіхалагічна, не здаваліся і ішлі да канца, нават калі ногі не хацелі рухацца і трэба было дапамагаць рукамі. Разам плакалі і смяяліся, дзелячыся эмоцыямі, і падтрымлівалі адна адну, былі адной камандай, дзялілі пароўну апошні пельменьчык, дапамагалі ўстаць на ногі іншаму чалавеку і проста знайшлі кунг-фу сям'ю.

Пра далейшыя прыгоды нашых дзяўчат у кругасветнай вандроўцы чытайце ў наступных нумарах «Звязды».

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сібір, кунг-фу і нашы дзяўчаты

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.