Вы тут

Каралі з бірузы


У калегі на днях быў дзень нараджэння. Пажадала ёй у новым годзе здзяйснення самых смелых ідэй, планаў і мараў. Неўзабаве атрымала паведамленне ў адказ: «Дзякуй вялікі! Вось цяпер сяджу і думаю — наколькі смелыя мае ідэі, планы і мары...» Задумалася і я, але ўжо адносна сябе.


Калі я была маленькай, для мяне не было нічога немагчымага і недасягальнага. Так, як цяпер для пяцігадовага сына маіх сяброў, які можа прыдумаць ракету і пабудаваць яе ва ўяўленні, каб паляцець з непрыемнага месца. Альбо (ведаючы, што ў матулі алергія на катоў) уявіць, што па кватэры бегаюць кацяняты нябачнага колеру, і прапанаваць мне пагладзіць іх. На днях я падарыла Янку драўляныя цацкі. Дык ён перш за ўсё ўзяў і намаляваў слану, жырафе, беламу мядзведзю, пінгвіну, кенгуру ды кіту ўсмешкі зялёным фламастарам. Яго маці бачыла гэта, але праявіла мудрасць і нічога не сказала. Мая ж першая ўнутраная маўклівая рэакцыя («Янік, навошта!? Яны ж такія прыгожыя... былі»), калі шчыра, засмуціла мяне. Толькі пасля, калі вярталася дадому, падумала: у кожнага сваё паняцце пра прыгажосць, сапраўды, чаму б і не падарыць ва ўласны дзень нараджэння ўсмешкі сваім падарункам. Парадокс, але сама ж не раз спачувала тым дзеткам, якім недальнабачныя матулі абразалі крылы фантазіі і заганялі ў рамкі. На дзіцячае «я сам(а)» нервова адказвалі: «не чапай — зломіш, пашкодзіш», «так непрыгожа, няправільна». Пэўна, менавіта з такіх бяскрылых хлопчыкаў і дзяўчынак вырастаюць дарослыя, якія не вераць у сябе і баяцца ўзляцець насустрач сваёй мары...

Нядаўна ў сеціве выпадкова натрапіла на кранальны відэаролік пра добрага дзеда (не, не Мароза, хоць, калі шчыра, хто яго ведае). Пачынаецца ён з таго, што маленькая дзяўчынка бегла па вуліцы і ўбачыла на вітрыне прыгожыя каралі. Яна, не раздумваючы, забегла ў краму:

— Пакажыце мне, калі ласка, каралі з бірузы, — звярнулася яна да дзядулі-прадаўца з беласнежнай барадой. — Вы можаце прыгожа загарнуць іх.

— А ў цябе грошы ёсць?

— Вось гэтага хопіць? — працягнула малеча некалькі манет. — Ведаеце, я хачу зрабіць падарунак для сваёй старэйшай сястры. З таго часу, як памерла наша мама, сястра пра нас клапоціцца. І мне так хочацца падарыць ёй штосьці прыгожае, каб яна ўсміхнулася. Гэта ўсё, што ў мяне ёсць.

— Трымай, толькі нясі акуратней, — усміхнуўся дзядуля.

Неўзабаве ў краму зазірнула ўстрывожаная маладая дзяўчына:

— Добры дзень. Гэтыя каралі былі тут куплены? Колькі яны каштавалі?

— Ну, любы выраб у маёй краме, гэта — дагавор паміж мной і кліентам, — адказаў дзядуля.

— Але ў маёй сястры было толькі некалькі манет. Гэта ж каралі з сапраўднай бірузы! Яны нам не па кішэні.

— Яна заплаціла самую высокую цану. Больш, чым мог заплаціць любы дарослы. Аддала ўсё, што мела. Яна хацела, каб вы ўсміхнуліся.

Гэтыя дзве сястры з відэароліка нагадалі мне супярэчлівы вобраз галоўнай гераіні фільма «Крама цудаў». Калі Молі была маленькай, у яе выдатна атрымлівалася іграць на піяніна. Дзяўчынка смела прыдумляла ўсё новыя і новыя кампазіцыі, бо тады ёй здавалася, што няма нічога немагчымага. Але калі вырасла, ноты чамусьці перасталі слухацца яе, з-за чаго дзяўчына знаходзілася ў дэпрэсіі. Загадкавы ўладальнік крамы цудаў містар Магорыум убачыў гэта і падарыў сваёй любіміцы звычайны драўляны кубік. Маўляў, «ён дапаможа табе». Толькі потым, калі чараўніка не стала, Молі зразумела, што той меў на ўвазе: трэба спачатку паверыць не ў кавалачак дрэва — а ў сябе. Бо, вобразна кажучы, усе мы з вамі (за выключэннем тых дарослых, якія змаглі захаваць сувязь са сваім унутраным дзіцем-фантазёрам) драўляныя кубікі, і ў кожным з нас спіць чараўнік. Каб разбудзіць яго, трэба толькі паверыць. Шчыра, як у дзяцінстве, паверыць у свае сілы. Бо менавіта вера дапамагае тварыць і бачыць цуды. А вера ў сябе — гэта і ёсць самы галоўны цуд.

У маім новым творчым нататніку, які па добрай традыцыі распачынаю з новага года, ужо з'явіўся першы матыватар: «Не бойся памыліцца. Лепш паспрабаваць і пацярпець няўдачу, чым шкадаваць, што не зрабіла тое, пра што марыла».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Р.S. Шаноўныя чытачы, шчыры дзякуй, што былі з намі ў 2016-м. Верце ў сябе і заставайцеся з «Сямейнай газетай» у новым годзе! Абяцаем — будзе па-ранейшаму цёпла і душэўна.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.