Вы тут

Дзе вырошчваюць ружы для ўсёй краіны?


Нават самай глыбокай зімой, у самыя моцныя маразы ў вёсцы Багатырова, што пад Мінскам, ёсць месца, дзе клімат заўсёды блізкі да субтрапічнага. І справа зусім не ў надвор'і — менавіта тут супрацоўнікі агракамбіната «Ждановічы» вырошчваюць ружы для ўсёй краіны. Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» наведалі незвычайную вытворчасць і пазнаёміліся з маладымі работніцамі цяплічнага камбіната «Багатырова».


Дзі­я­на Грыш­кі­на кант­ра­люе ра­бо­ту ўсёй бры­га­ды цяп­ліч­на­га кам­бі­на­та.

У складзе комплексу знаходзіцца адразу некалькі цяпліц: у большасці вырошчваюць агародніну, пераважна агуркі і таматы. Пад кветкі тут адведзена толькі адно памяшканне, але плошча яго ўражвае: больш як два гектары. Палову займае самы папулярны сорт — чырвоная ружа Red Naomі, астатняе падзелена паміж яшчэ адзінаццаццю сартамі кветкі. Гэта, напрыклад, Whіte Naomі белага колеру, Sweet Avalanche ружовага, Peach Avalanche персікавага — усяго больш за 150 тысяч кустоў.

Майстар брыгады №5 Дзіяна ГРЫШКІНА родам з Мінска, пасля школы паступіла ў каледж бізнесу і права, дзе атрымлівала адукацыю эканаміста. Упершыню ў агракамбінат прыйшла яшчэ ў 18 гадоў — праходзіць практыку. Спачатку працавала на базе, потым займалася ўлікам прадукцыі на адным са складоў, а ў 2014-м перайшла ў наваствораны цяплічны камбінат. Работа за межамі кальцавой праблемы не стварыла — усіх супрацоўнікаў прывозяць сюды і развозяць па дамах у аўтобусе.

— У мае абавязкі ўваходзіць налічэнне заработнай платы, таму я пераважна сачу за аб'ёмамі працы, якую выконваюць спецыялісты брыгады, а таксама кантралюю яе якасць, — дзеліцца спецыяліст. — Заработная плата ва ўсіх здзельная, таму яе памер цалкам залежыць ад таго, як чалавек працаваў. Налічваю заробак таксама я, так бы мовіць, майстар і бухгалтар у адной асобе. Хоць непасрэдна з кветкамі не працую, але пра тэхналогію вырошчвання руж ведаю ці не ўсё.

Сам комплекс пабудаваны тры гады таму па галандскай тэхналогіі. Спецыялісты з гэтай вядомай сваімі кветкамі краіны перыядычна прыязджаюць сюды, каб праверыць работу беларускіх калег і пракансультаваць іх (дарэчы, супрацоўнікі агракамбіната таксама нярэдка ездзяць у «краіну цюльпанаў», каб пераняць досвед тамтэйшых кветкаводаў). Адтуль жа прывезены і саджанцы. У цяпліцы ўвесь час падтрымліваецца вільготнасць каля 80 працэнтаў. Для гэтага пад столлю развешаны спецыяльныя пульверызатары, якія аўтаматычна замяраюць узровень вільгаці ў паветры і, калі трэба, распыляюць аэразоль.

Тэмпература ў памяшканні ўдзень не апускаецца ніжэй за 20 градусаў. Акрамя гэтага, над кустамі шчыльна размешчаны лямпы, якія даюць раслінам патрэбнае святло. Усяго за суткі ружы павінны асвятляцца 20 гадзін, таму зімой гэта абсталяванне працуе напоўніцу нават у светлы час. Але залішняга цяпла ружа таксама не любіць — улетку нярэдка даводзіцца прымяняць зашторванне, каб аберагчы расліну ад спёкі. Для таго, каб паветра не застойвалася ў адным месцы, працуюць спецыяльныя сістэмы вентыляцыі.

Ру­кі Да­р'і Лі­пень за не­каль­кі га­доў ужо пры­звы­ча­і­лі­ся да «ка­лю­чай» пра­цы.

Увогуле, пераважную частку работы на комплексе выконвае аўтаматыка. Тым не менш у брыгадзе №5 працуе 18 кветкаводаў. Іх задача — непасрэдная нарыхтоўка кветак і догляд за асобнымі кустамі. За кожнай супрацоўніцай замацавана 1200 квадратных метраў — участак, за які яна нясе адказнасць і дзе праводзіць свой працоўны дзень. Сярод кветкаводаў шмат жыхарак Багатырова і навакольных пасёлкаў, адна з іх — Дар'я ЛІПЕНЬ. Дзяўчына скончыла Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, дзе вучылася на інжынера-тэхнолага. На камбінат прыйшла працаваць з простай прычыны — блізка ад дому. Спецыяльная адукацыя тут не патрабавалася — усіх кветкаводаў-навічкоў замацоўваюць за дасведчанымі калегамі, а вучоба адбываецца на месцы.

— Староннім людзям здаецца, што зрэзка ружы — просты тэхнічны працэс, — расказвае Дар'я. — Па-першае, гэта трэба рабіць своечасова — з аднаго боку, нельга спяшацца, бо расліну можна пашкодзіць, з іншага, калі спазніцца, то не атрымаеш добры тавар. Па другое, зразаць таксама трэба ўмець — гэта робіцца на дакладнай даўжыні сцябла. Трэба выдаляць пасынкі, халастыя парасткі, рабіць шмат іншых працэдур догляду. Таму ўсё не так проста.

Куст ружы высаджваецца на пяць гадоў, увесь гэты час ён дае новыя і новыя кветкі. Гэта накладвае свой адбітак — у кветкаводаў сезон ніколі не завяршаецца. Камбінату ў Багатырове ўсяго тры гады, таму тутэйшыя расліны ў самай сярэдзіне свайго жыццёвага цыкла.

— Асабліва важны для нас час — святы, — кажа Дзіяна Грышкіна. — Да іх мы рыхтуемся загадзя. Каб вырасціць ружу да Дня святога Валянціна, нарошчваць масу кветак пачынаем ужо ў снежні, а ў студзені робім догляд па закладцы так званай «хвалі». Тры галоўныя даты для нашых кветкаводаў — 14 лютага, 8 Сакавіка і 1 верасня. Ці адрозніваецца наша ружа ад галандскай? Яна абсалютна аналагічная. Можа быць, у людзей ужо склалася пэўнае ўяўленне (тым больш, з-за мяжы звычайна прыязджаюць спецыяльна адабраныя кветкі), але ніякай розніцы паміж імі няма. Усяго за год мы зразаем каля 2,5 мільёна кветак — у маштабах краіны гэта нямала.

Пасля зрэзкі ўся прадукцыя паступае ў халадзільную камеру, дзе пэўны час захоўваецца пры тэмпературы, блізкай да нуля градусаў — гэта робіцца, каб ружы добра стаялі. Потым яны паступаюць у сартавальную машыну. Камп'ютар раздзяляе прадукцыю паводле памеру бутона і ў залежнасці ад гэтага паказчыка ўкарочвае сцябло. Гэта гарантуе, што самая доўгая і дарагая кветка сапраўды будзе прыгажуняй. Адсюль яна ідзе на продаж.

— Шчыра скажу, мяне ўжо ружай не здзівіш, нават самай прыгожай, — смяецца Дар'я Ліпень. — Столькі я іх бачыла за гэты час! Таму любая іншая кветка, але не яна. Працаваць мне падабаецца, гэта не манатонная праца — штодзень новыя задачы і праблемы. Заробак таксама нядрэнны, каля сярэдняга па сталіцы. Трэба толькі прывыкнуць да тутэйшага клімату, а таксама да пастаяннага болю ад уколаў шыпоў — ад гэтага ніводная спецвопратка не ўратуе.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Мільён пунсовых руж, або Каго не здзівіш гэтай кветкай

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.