Вы тут

«...Проста сум па чысціні»


Перадкалядная малітва вясковага дачніка.


Цыклон з нямецкім імем Аксель, якім усе палохалі, вялікай шкоды не нарабіў. Так, пакружыўся, зрабіў некалькі выкрутасаў, як фігурыст на лёдзе («трайны аксель, двайны тулуп» — вытанцоўвалі сняжынкі за акном). Выступіў з арыгінальнай праграмай і панёсся далей на ўсход, пакінуўшы пасля сябе марознае дыханне ды перамеценыя сцежкі. Згіне недзе каля Урала, а можа, і не дабярэцца так далёка...

Разам з тым транзітным цыклонам прыйшоў і мякка сціснуў сэрца нейкі незвычайны для гэтых святочных дзён сум.

Не тое што ён сапсаваў настрой ушчэнт, але прынёс пачуццё няпэўнай трывогі, лёгкага неспакою. Так бывае, калі ўспомніш раптам пра нейкую дарагую рэч, не вельмі патрэбную ў штодзённым ужытку, але ты дакладна ведаеш, што яна недзе ёсць. І вось раптам адчуваеш непераадольную патрэбу патрымаць яе ў руках менавіта зараз, у гэту вось хвіліну, і пакутліва пачынаеш успамінаць, дзе, на якой паліцы ты бачыў яе апошні раз (год, два, а мо і дзесяць назад). І гэта самая неспадзяваная трывога і адсутнасць душэўнага камфорту не пакідаюць да таго часу, пакуль, прыйшоўшы дадому, не пераканаешся, што гэта засушаная кветка, паштоўка з выцвілымі літарамі ці падораная кімсьці хусцінка ляжыць там, на сваім месцы, і будзе ляжаць яшчэ год, два, дзесяць — гэткі рэчавы доказ у справе аб асобна ўзятым лёсе.

Разуменне, чаму ж так неспакойна ў гэтай доўгачаканай снежнай прыгажосці, літаральна стукнула па галаве камяком бруднай халоднай кашы, якая ва ўсе бакі паляцела з-пад колаў нейкай іншамаркі. Машына пранеслася на шалёнай хуткасці і абляпала рудой мокрай мешанкай усіх, хто стаяў на прыпынку. І так захацелася раптам у цішыню і чысціню, якую ніколі, нават у самую снежную, сонечна-халодную зіму не ўбачыш у вялікім горадзе.

А там, усяго за паўсотні кіламетраў ад яго, — раўнюткая заснежаная прастора іскрыцца-пераліваецца з дыяментавага ў халодна-блакітны. І бяжыць сыты буланы конік, увесь калматы ад інею, запрэжаны ў сані. І палазы саняў весела пішчаць, пакідаючы за сабой бліскучы ўтаптаны след (спрабую і не магу ўспомніць, калі ж я ехала вось так — пад халодным сонцам на санях, седзячы на духмяным настылым сене). Паветра такое халоднае, што ад яго казыча ў носе, а веі, калі доўга не міргаць, пачынаюць прыклейвацца да броваў. На вясковай вуліцы сумёты, роўныя з плотам, дарога не здзёртая да асфальту, а гладка-белая. Ледзяшы звісаюць з нізкіх стрэх хлеўчукоў, упіраюцца ў снег. (Гадоў у восем яны здаваліся смачнейшымі за ўсялякія цукеркі, гэта перакананасць каштавала мне тады запалення лёгкіх.) Ідзеш у паветку па дровы па расчышчанай вузкай сцежцы, пасля да студні па ваду. Металічная корба балюча нават праз рукавіцу-«спяцоўку» апякае руку (а хто з вясковых дзяцей не спрабаваў гэту самую корбу ці клямку дзвярэй лізнуць на марозе, падбухтораны старэйшымі: пакаштуй, маўляў, як соладка?). З вядра, што выцягваеш з калодзежа, ідзе сапраўдная пара: вада нашмат цяплейшая за паветра. Прыносіш пару вёдзер у хлеў — рахманая вялікая карова, шумна дыхаючы бліскучай пысай, выпівае іх за хвіліну. А ў цёплай хаце патрэскваюць у грубцы дровы, і можна залезці на печ, дзе ўжо соладка спіць, скруціўшыся клубком кошка (мур-мур на прымурку), і пачытаць цікавую кніжку ці проста паляжаць у цішыні, прыслухоўваючыся, як у садзе звіняць настылыя яблыні ці як здалёк заводзіць сваю песню завея, што разгуляецца на поўную сілу ўначы...

Жаданне ўбачыць, адчуць, пачуць усё гэта было настолькі моцнае, што хацелася кінуць усё і праехаць тыя пяцьдзясят кіламетраў, што аддзяляюць ад радзімы, ад дзяцінства.

Але што рабіць там, на пустой вусцішнай вуліцы, у двары, які ператварыўся ў суцэльны снежны цалік, на якім няма ніводнага следу, у халоднай сырой хаце, на коміне якой — вялікая белая шапка? Менавіта ў такія хвіліны роздуму і ўспамінаў пачынаеш зайздросціць тым, хто нарадзіўся ў горадзе, — яны не страцяць таго, чаго ніколі не мелі. А з розуму, з сэрцаў тысяч наваспечаных вясковых дачнікаў не выкінеш, не выціснеш гэтага суму, гэтых успамінаў, якія забіраюць душэўны спакой у цёплай утульнай кватэры, калі за вокнамі пачынае мяцеліць і ездзяць па вуліцах трактары з мігалкамі, зграбаючы белы пушысты снег, ператвараючы яго ў брудную рудую кашу...

Божа, захавай на гэтай зямлі нашы родныя хаты, нашу памяць, нашы душы. Пакінь кожнаму з нас радзіму малую, без якой чалавек не можа адчуць і зразумець Радзіму вялікую. Пашлі здароўя і доўгага веку тым, хто не дае нават самым маленькім паселішчам назаўжды сысці ў нябыт, застаючыся жыць у іх нават сцюдзёнай зімой, саграваючы дымам з комінаў неба над імі, — нашым бацькам, сваякам, суседзям, аднавяскоўцам. Дай, Божа, нам, маладзейшым, розуму не пакінуць на волю лёсу, не занядбаць, не прадаць свае родныя хаты, каб было куды вярнуцца нам або нашым дзецям, калі раптам нясцерпна захочацца дакрануцца да самага дарагога ў жыцці. Зрабі так, каб гэта жаданне да нас хоць зрэдку прыходзіла...

Такая вось атрымалася малітва перад Раством Хрыстовым у год дзве тысячы сямнаццаты ад Яго нараджэння.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.