Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем аб выніках матча Кубка Дэвіса, які прайшоў у Мінску, выступленні беларускіх атлетаў на міжнародным турніры ў Германіі і перамозе мінскіх хакеістаў, якая вывела «Дынама» ў плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі.


1. Зборная Беларусі перамагла каманду Румыніі з лікам 3:2 у матчы І групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса.

Нагадаем, што ў першы дзень турніру каманды абмяняліся перамогамі ў адзіночных гульнях. Спачатку наша першая ракетка Ілья Івашка саступіў Адрыяну Унгуру, а затым Ягор Герасімаў абыграў Марыуса Копіла. У другі гульнявы дзень у парнай сустрэчы наш дуэт Максім Мірны/Яраслаў Шыла ўзяў верх над румынскім Хорыя Тэкаў/Марыус Копіл. Такім чынам, зыход матча павінен быў вырашыцца ў заключны дзень. У стартавай сустрэчы сышліся Ілья Івашка і Марыус Копіл, румыну ўдалося ўзяць верх над гаспадаром кортаў. А вось у другой сустрэчы пераможнае ачко беларускай дружыне прынёс Ягор Герасімаў, які абыграў Адрыяна Унгура — 7:6, 6:4, 6:4.

— Зараз няма ніякіх эмоцый. На Ягоры зноў утрымалася тэнісная беларуская зямля. Горда гучыць, і гэта на самай справе так. Малайчына, рэалізаваў у поўнай меры свае байцоўскія якасці. Гэта той чалавек, у якога трэба інвеставаць працу і час. І мы будзем гэта рабіць! Ёсць добры патэнцыял у каманды ў цэлым, — адзначыў капітан нашай зборнай Уладзімір Валчкоў.

У гульні наступнага раўнда Кубка Дэвіса зборная Беларусі 7—9 красавіка сустрэнецца з тэнісістамі Аўстрыі. Нашы хлопцы будуць гаспадарамі матча другога раўнда І Еўра-Афрыканскай групы Кубка Дэвіса. Раней гэтыя зборныя паміж сабой яшчэ не сустракаліся.


2. Беларускі скакун у вышыню Павел Селівёрстаў атрымаў перамогу на 3-м этапе ІААF Wоrld Іndооr Tоur у Карлсруэ (Германія). Наш спартсмен устанавіў асабісты рэкорд, узяўшы вышыню 2.30 м, і пацвердзіў лідарства ў сусветным рэйтынгу сезона-2017.

На гэтым жа турніры Марына Арзамасава на дыстанцыі 800 м стала трэцяй, паказаўшы лепшы час у сезоне. Аліна Талай у забегу на 60 м з бар'ерамі фінішавала шостай з часам 8.23 сек. і ў фінал спаборніцтваў прайсці не змагла.


3. Мінскае «Дынама» перамагло ў серыі булітаў ханты-мансійскую «Югру» (3:2) і гарантавала сабе месца ў плэй-оф.

Першы гол «зубры» прапусцілі ўжо на 14-й секундзе і толькі на 35-й хвіліне змаглі зраўняць лік, вызначыўся Роб Клінкхамер. У пачатку трэцяга перыяду Дзмітрый Корабаў вывеў «Дынама» наперад, але Раман Людучын перавёў гульню ў авертайм.

Дадатковыя пяць хвілін пераможцы не выявілі, а ў серыі булітаў дакладныя кідкі Арона Палушая і Аляксандра Мацярухіна прынеслі «Дынама» перамогу.

Гэты поспех дазволіў камандзе гарантаваць сабе месца ў першай васьмёрцы Заходняй канферэнцыі. Адзначым, гэта чацвёрты выхад мінчан у плэй-оф у гісторыі.


4. Гандбалісты мінскага СКА паспяхова згулялі ў двух выязных паядынках у розыгрышы Балтыйскай лігі. У першым матчы ў Клайпедзе мінчане адолелі літоўскі «Драгунас» — 31:28. У другой сустрэчы ў Рызе з латвійскім клубам «Цэлтніекс» армейцы здабылі яшчэ больш простую перамогу — 46:23.

Пасля гэтых вікторый падапечныя Ігара Папругі набралі 12 ачкоў і падняліся на другую пазіцыю ў папярэдняй групе А, наперадзе толькі запарожскі ЗТР. Лідары сустрэнуцца
4 сакавіка ў мінскім палацы спорту «Уручча».

Тым часам БГК імя Мяшкова няўдала выступіў у Славеніі, саступіўшы ў чарговым матчы SЕHА-лігі мясцоваму «Цэле» з лікам 27:29. Пасля 15 матчаў у БГК 26 ачкоў і 5-е месца ў турнірнай табліцы. Лідзіруе македонскі «Вардар».

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.